Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Клецкім раёне вайскоўцы з расейскай вайсковай часьці гуляюць у страйкбол зь беларусамі


Рэдакцыя Радыё Свабода атрымала ліст «Гарнір для страйкболу», у якім чытач выказвае занепакоенасьць дзейнасьцю страйкбольнага клюбу ў Клецку. Рэдакцыя публікуе ліст і камэнтар заснавальніка клюба Паўла Даўшкі.

Шыла ў мяшку ня ўтоіш
(народная мудрасьць)

Люблю і паважаю наймужчынскую з усіх гульняў — страйкбол. Нават проста пастраляўшы ў пнэўматычным ціры з адмысловых копіяў АК-74, M-5, глока ці кольта, атрымліваеш задавальненьне, якога хапае надоўга, і сур’ёзную псыхалягічную разгрузку. Істотны аспэкт, між іншым! У наш час, калі грамадзтва ці ня штодня зазнае стрэс ад палітычных ды эканамічных навін, узьнікае неабходнасьць неяк гэты стрэс здымаць, інакш чалавек незаўважна нават для сябе ператворыцца ў рухомую бомбу... І рэспэкт таму мужчыну, які шукае выйсьця ня ў выпіўцы і мардабоі, а ў здаровым актыўным адпачынку.

Зважаючы на сказанае, я вельмі ўзрадаваўся, калі ў размове з прыяцелем пачуў, што мая малая радзіма (горад Клецак) займела ўласны страйкбольны клюб. Атрымаўшы спасылку на адпаведную старонку «Ўкантакце», я зь вялікай цікавасьцю пачаў праглядаць разьмешчаныя там матэрыялы...

Спачатку ўсё цешыла, але хутка трапіўся перапост запісаў суполкі «ВЕЛИКАЯ РУСЬ! Русские не сдаются!». Потым — яшчэ і яшчэ... Ня трацячы спадзеву, што такія запісы зьявіліся выпадкова, я рушыў далей. Усё ж хацелася пераканацца, што страйкбольны (а фактычна — вайскова-спартовы) клюб беларускага гораду Клецку — чыста беларускі па сваёй сутнасьці. Ці, прынамсі, апалітычны.

Пераканацца не атрымалася. Два сустрэтыя відэаролікі прадэманстравалі прыхільнае стаўленьне часткі ўдзельнікаў клюбу да дзеяньняў людзей, якія зрабілі сур’ёзны замах на цэласнасьць і незалежнасьць Украіны — надзейнага партнэра Беларусі ў эканоміцы і культуры:

А дабілі мой спадзеў на лепшае прататып і канчатковы варыянт клюбнага шаўрона:

Тут са шчылін страйкбольнага клюбу, кажучы на слэнгу, густа «палезла вата»...

Колеры фону — знаёмыя, данецкага і луганскага сваякоў гэтай птушкі таксама ўсе ведаюць. Нават сьціплую беларускую стужачку на эскізе прагна трымае ў кіпцюрах агрэсіўны атыповы прадстаўнік сямейства арліных. Лягічнае пытаньне да хлопцаў, якія з гонарам будуць насіць гэты шаўрон: чаго і каго вы чакаеце на гэтай зямлі ў наш неспакойны час?

І абавязкова пачытайце сюжэт адной з гульняў. Фундамэнт — гісторыя данбаскага канфлікту па своеасаблівай вэрсіі расейскіх тэлеканалаў.

Вартае ўвагі і месца правядзеньня гульні. Пасёлак Азярэчча, адкуль частка сяброў клюбу, — гэта расейская вайсковая частка на тэрыторыі Клецкага раёну. І тут неабходна разабрацца, хто гатуе ідэалягічны гарнір да мясцовага страйкболу...

А калі шаноўнаму чытачу і дагэтуль здаецца, што ўсё ня дужа сур’ёзна, то дадам некаторыя тлумачэньні.

Страйкбольная зброя мае выгляд, вагу і ўсе рэжымы стральбы баявых прататыпаў. Для пісталетаў прадугледжана нават імітацыя аддачы і характэрны зрух затвора. Дальнабойнасьць найбольш магутных адзінак такой пнэўматыкі (аналягу снайпэрскай вінтоўкі, напрыклад) — да 200 мэтраў. І нават калі чалавек раней наагул ня меў справы са стралковай зброяй, то, авалодаўшы страйкбольнай, ён робіць заўважны крок да авалоданьня баявой. Гэта па-першае.

Па-другое, немалая ўвага ў клецкім страйкбольным клюбе «Сокал» удзяляецца тактыцы бою ў розных умовах, асновам фартыфікацыі і радыёабмену, знойдзеце вы на адпаведнай «УК»-старонцы нават рэцэпты дымавых шашак. Усё гэта можа спатрэбіцца і ў рэальным супрацьстаяньні.

Па-трэцяе, даволі часта праводзяцца вялікія вайскова-спартовыя гульні. Даты трох апошніх: 13.12.2015 г., 27.12.2015 г., 10.01.2016 г. Паміж імі, трэба думаць, актывісты таксама не даюць пыліцца сваім «калашам».

Калі на Данбасе ўжо ўспыхнула лютае супрацьстаяньне, выплыла інфармацыя, што ў глухіх ваколіцах Данеччыны яшчэ ў 2009-м годзе сталі праводзіцца вайскова-спартовыя зборы моладзі. Хлопцы пад пільным вокам інструктараў вывучалі тактыку бою ў лесе-поле-горадзе, асновы маскіроўкі і радыёабмену, засвойвалі прыёмы рукапашных адзінаборстваў, бегалі з бутафорскімі, а потым і з сапраўднымі аўтаматамі ды фоткаліся на фоне дзіўнаватых чорна-блакітна-чырвоных сьцягоў з двухгаловымі арламі і надпісам «ДОНЕЦКАЯ РЕСПУБЛИКА»... Праз 5 гадоў гэтыя хлопцы сышліся ў шэрагі разбуральнікаў дзяржавы, грамадзянамі якой былі ці не ад нараджэньня.

Кажу яшчэ раз: галасую абедзьвюма рукамі за згаданую гульню як від адпачынку, выхаваньня і спосаб «адвесьці пару» — абы не хавалася за гэтым нешта сьмяротна небясьпечнае для маёй Радзімы.

Камэнтар заснавальніка клюбу Паўла Даўшкі:

Заснавальнік суполкі «Страйкбол у Клецку» Павал Даўшка, які сам паходзіць з Клецку, пацьвердзіў Радыё Свабода, што клюб дзейнічае каля году. Афіцыйна ён не зарэгістраваны і сябрам Беларускай фэдэрацыі страйкбола пакуль не зьяўляецца, хоць такія пляны ёсьць. Разам зь беларусамі ў ім гуляюць і расейскія вайскоўцы з Азярэчча. Гэты пасёлак узьнік у сярэдзіне 1980-х гадоў. У ім жывуць вайскоўцы расейскай часткі 03522 і беларускія грамадзяне, якія ў ёй працуюць. Раней пасёлак называўся Клецак-2. Менавіта таму клюб называецца «беларуска-расейскім», а на ягоных гербе і шаўроне — геральдычныя сымбалі Расеі і Беларусі.

«Страйкбол — гэта гульня, якая заснаваная на электрапнэўматычных копіях сапраўднай баявой зброі. Страляем мы плястыкавымі шарыкамі 0,6 см... Страйкбол прадугледжвае капіяваньне сапраўдных баявых падразьдзяленьняў сьвету — усяго сьвету, без выключэньня і, адпаведна, усёй зброі. Гэтай зброяй займаюцца фірмы, у асноўным тайваньскія, японскія, кітайскія, нібыта і расейскія ёсьць. Сама гульня зарадзілася даўно ў Расеі. Мы пачалі гуляць у Клецку недзе год таму. У нас такая плынь пачалася досыць някепская. У Клецкім раёне нас чалавек 30.

Гэта нават ня спорт, гэта фізкультура. Вось, напрыклад, у пэйнтболе чалавек «забіты», калі на ім сьлед ад фарбы. У нас жа фарбы няма, чалавек сам мусіць прызнацца. Такога спартовага моманту — забіты, не забіты — у нас няма. Усё на сумленнасьць.

У нас большасьць спрабуе быць падобнымі да вайскоўцаў. Таму ўзьнікаюць і такія сцэнары, а іх можа быць маса — пачынаючы ад зомбі-апакаліпсысу нейкага, сканчаючы Трэцяй сусьветнай — дзе ваююць расейцы супраць амэрыканцаў. Тут толькі фантазія абмяжоўвае.

Чаму менавіта па маіх сцэнарах? Гэта нават не Ўкраіна. Гэта гісторыя з гульні «Арма2», якая выйшла ў 2007 годзе. Падзеі там адбываюцца ў краіне Чарнарусія. Самае цікавае, я ня ведаю, якой траўкі абкурыліся распрацоўшчыкі, але яны вельмі падобна апісалі сцэнары ва Ўкраіне. Хаця ў гульні ўсё трохі сумна скончылася. Нібыта там і атамныя бомбы скінулі, але я ня памятаю дакладна.

У нас сцэнары бяруцца альбо з галавы, альбо капіююць рэальныя падзеі. Для некаторых гэта, можа, і мае нейкую маральную падаплёку, але для нас абы гэта быў сцэнар.

Але, ізноў жа, у нас сцэнары бяруцца альбо з галавы, альбо капіююць рэальныя падзеі. Для некаторых гэта, можа, і мае нейкую маральную падаплёку, але для нас абы гэта быў сцэнар.

Хто хоча займацца памяцьцю ваенных гадоў, тыя займаюцца рэканструкцыяй вайсковых дзеяньняў. Яны ходзяць у форме альбо савецкага войска, альбо фашысцкай Нямеччыны, Брытаніі, Францыі — чаго заўгодна. Займаюцца такім відам спорту.

У Расеі гэта асабліва стала набіраць папулярнасьць. Раз у год там праводзіцца гульня «7 суткі на брані» і ў Падмаскоўі зьбіраюць каля 2 тысяч чалавек. Гэта вельмі масава.

Калі даць чалавеку сапраўдны аўтамат ці страйкбольны прывад і паставіць да сьценкі, то адрозьненьняў ня будзе. Галоўнае — заняць эпічную позу. Вы можаце бачыць, што з намі гуляюць расейскія вайскоўцы з Азярэчанскай базы. Ад нуды яны таксама да нас далучыліся, ствараюць масу...»

На думку рэдактара беларускай службы праекту InformNapalm. org Дзяніса Івашына, старонка клецкіх страйкбалістаў у ВК хоць і адзначаецца «ўмеранай ватнасьцю», але ў цэлым выглядае як звычайная клюбная старонка.

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын: «Сам па сабе клюб небясьпекі не нясе. Галоўнае пытаньне — людзі і арганізацыі, якія за ім стаяць. Паколькі падчас гульняў адпрацоўваецца тактычная падрыхтоўка і элемэнты дзеяньняў выведна-дывэрсійных групаў, то калі „гульні“ арганізоўвае патэнцыйная „пятая калёна“, вядома, небясьпека ёсьць».

Страйкбол лічыцца ваенна-тактычнай гульнёй, у якой выкарыстоўваюцца пнэўматычныя аналягі рэальнай зброі. Страйкбольны рух у Беларусі разьвіваецца на працягу апошніх 10 год. Найбуйнейшая арганізацыя, якая аб’ядноўвае клюбы, — Рэспубліканскае спартовае грамадзкае аб’яднаньне «Страйкбол». Большасьць клюбаў цяпер арганізоўваецца праз сацыяльныя сеткі, найчасьцей «Укантакце».

Страйкбол — ня таннае хобі. Поўная экіпіроўка з мадэльлю зброі можа каштаваць ад некалькі сотняў эўра «да бясконцасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG