Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы напалі на ўнівэрсытэт у Пакістане, забіта ня менш за 19 чалавек


Пакістанскія вайскоўцы аглядаюць целы забітых. 20.01.2016

Пакістанскія вайскоўцы аглядаюць целы забітых. 20.01.2016

Сёньня раніцай тэрарысты напалі на ўнівэрсытэт Bacha Khan у Пакістане.

Паводле зьвестак на цяперашні момант, забітыя 19 чалавек, хоць крыніцы Reuters кажуць пра тое, што лік забітых можа дасягнуць сарака чалавек.

Сярод забітых — студэнты, ахоўнікі ўнівэрсытэту, адзін паліцыянт і як мінімум адзін выкладчык.

Яшчэ ад 30 да 50 чалавек, уключаючы студэнтаў і супрацоўнікаў унівэрсытэту, атрымалі раненьні. Інфармацыя пра параненых ўдакладняецца.

Адказнасьць за тэракт узяў на сябе экстрэмісцкі рух «Талібан». Мясцовае тэлебачаньне паведаміла, што атака тэрарыстаў была праведзена так, каб нагадваць пакараньне.

Унівэрсытэт знаходзіцца ў горадзе Чарсада за 50 кілямэтраў ад Пэшавару.

Паводле вэрсіі паліцыі, тэрарысты праніклі на тэрыторыю навучальнай установы, зайшлі ў інтэрнат для юнакоў і на факультэт інфарматыкі і мэнэджмэнту, адкрылі агонь з аўтаматаў Калашнікава і наладзілі два выбухі. У гэты момант на тэрыторыі ўнівэрсытэту знаходзіліся каля 3 тысяч чалавек.

Паводле інфармацыі пакістанскага выданьня Dawn, у нападзе ўдзельнічалі ад трох да васьмі чалавек. Пакістанскія вайскоўцы высадзіліся на тэрыторыю ўнівэрсытэту на верталётах і пад прыкрыцьцём густога туману правялі штурм. Яны кажуць, што чацьвёра нападнікаў былі забітыя падчас апэрацыі, але афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьверджаная.

У сьнежні 2014 пакістанскія талібы ўчынілі аналягічны буйны тэракт, напаўшы на адну са школаў. Тады загінулі 144 чалавекі — настаўнікі і непаўналетнія навучэнцы.

XS
SM
MD
LG