Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюшка Лукашэнкі дапаможа дзецям-інвалідам прабегчы паўмаратон


На аўкцыёне за клюшку з аўтографам Лукашэнкі, якую з рук кіраўніка Беларусі атрымаў журналіст Tut.by Юры Міхалевіч, прапануюць 120 мільёнаў. Грошы пойдуць на дабрачыннасьць.

На інтэрнэт-аўкцыёне прымаюцца стаўкі за клюшку з аўтографам Аляксандра Лукашэнкі. На момант публікацыі за яе прапануюць 120 мільёнаў, да завяршэньня таргоў больш за тыдзень. Хоць пакуль невядома, хто і навошта аддасьць тысячы даляраў за такі лот, вядома, на што пойдуць грошы.

«Мы зьбіраем грошы на падтрымку каманды „Крылы Анёлаў“, — распавяла Свабодзе каардынатарка аўкцыёну, журналістка Tut.by Ксенія Ельяшэвіч. — У нас на партале некалі быў матэрыял „Лилькин папа“ пра Дзьмітрыя Цімашкова і яго дачку Лілю, хворую на ДЦП. Ён некалі ўзяў удзел у Менскім паўмаратоне, пасьля гэтага пачаў займацца такім відам спаборніцтваў, калі бягуць паўмаратон з такімі дзеткамі на адмысловых гоначных вазках.

Дзьмітры Цімашкоў бяжыць Менскі паўмарафон-2015 з дачкой Ліляй у вазку. Фота: Яўген Ерчак, Tut.by
Дзьмітры Цімашкоў бяжыць Менскі паўмарафон-2015 з дачкой Ліляй у вазку. Фота: Яўген Ерчак, Tut.by

Ён прыдумаў сабраць каманду дзетак і групу падтрымкі для іх, ужо ёсьць афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя. Ёсьць мэта — узяць удзел у наступным менскім паўмаратоне ў верасьні ў камандзе з 35 чалавек. Для рэалізацыі патрэбныя 200 мільёнаў, сабралі ўжо прыкладна палову сумы, а астатняе плянуем сабраць праз гэты дабрачынны аўкцыён.

Такім чынам дзеці могуць са сваімі бацькамі і іншымі людзьмі ўзяць удзел у маратонах, бо гэта пэўны від дадатковага занятку для дзяцей і іх бацькоў, якія вымушаныя амаль увесь вольны час праводзіць у чатырох сьценах. Гэта добрая магчымасьць дадаткова адаптавацца ў грамадзтве».

У пэўны момант за клюшку прапаноўвалі і значна больш за 120 мільёнаў — даходзіла і да дзьвюх соцень, і да мільярда. Але пазьней буйныя стаўкі былі скасаваныя. Ці сапраўды нехта купіць клюшку за больш як 6 тысяч даляраў?

«Мы раней прадавалі на аўкцыёне клюшку з аўтографам Кевіна Лаланда [канадзкага хакеіста, які гуляе за менскае „Дынама“ і зборную Беларусі. — РС], яе прадалі за 20 мільёнаў. А тут аўкцыён... крыху адрозьніваецца, на парадак адрозьніваецца. Магчыма, сапраўды заплоцяць болей за 120 мільёнаў.

Прапаноўвалі стаўкі на значна большыя сумы, але іх прыйшлося ануляваць, таму што былі спробы проста сарваць дабрачынны аўкцыён. Некаторыя карыстальнікі прапаноўвалі стаўкі ў мільярды, потым прызнаваліся ў камэнтарах, што хацелі сарваць аўкцыён, бо нязгодныя з тым, што такі лот выстаўлены, што гэта ня варта такіх грошай і гэтак далей».

Клюшку з рук Лукашэнкі атрымаў іншы журналіст парталу, Юры Міхалевіч. І атрымаў ня проста як падарунак — яго артыкул з разборам гульні Лукашэнкі ў хакей выклікаў агрэсіўную рэакцыю дзяржаўнага ТБ, а клюшку, магчыма, прэзэнтавалі, ужо маючы ў плянах «разнос» Міхалевіча.

«На жаль ці на шчасьце, так адбылося, — кажа пра здарэньне Ксенія. — На іншую, нейкую пазытыўную рэакцыю з боку тэлевізіі было мала шанцаў спадзявацца. Але мы на гэта не асабліва зьвяртаем увагу — нам галоўнае сабраць грошы на добрую справу, дапамагчы дзецям, якім тое трэба».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG