Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэцкі палітвязень, якога меліся сёлета вызваліць, памёр у 2010 годзе


Турма ва Ўзбэкістане

Турма ва Ўзбэкістане

Пад ціскам праваабарончых арганізацыяў і ЗША ўрад Узбэкістану ў рэшце рэшт прызнаўся, што адзін з найбольш выбітных рэлігійных лідэраў постсавецкай Цэнтральнай Азіі, Акрам Юлдашаў, памёр у турме ў 2010 годзе ад сухотаў. Пра гэта паведамляе The New York Times. Гэтая навіна прыйшла ўсяго за месяц да заканчэньня 17-гадовага тэрміну зьняволеньня Юлдашава.

«Ня думаю, што ўрад добра прадумаў гэты крок», — сказаў у інтэрвію NYT экспэрт Human Rights Watch па Цэнтральнай Азіі Стыў Свэрдлоў. Паводле яго, пра сьмерць Юлдашава ўсё роўна давялося б паведамляць, калі стала б ясна, што ён ніколі ня будзе вызвалены, таму, утойваючы яго сьмерць, урад рызыкаваў яшчэ больш раззлаваць яго прыхільнікаў і зрабіць зь яго пакутніка.

Акрам Юлдашаў

Акрам Юлдашаў

У 1990 годзе Юлдашаў ўзначаліў ісламскае адраджэньне ў Фэрганскай даліне. Аднак да канца дзесяцігодзьдзя узбэцкія ўлады абвінавацілі яго арганізацыю ў тэрарызьме і забаранілі яе. Юлдашаў трапіў за краты ў 1999 годзе па абвінавачваньні ў тэрарызьме пасьля выбухаў у Ташкенце. Яго пасьлядоўнікі, якіх сёньня налічваецца некалькі тысячаў, у 2005 годзе паднялі паўстаньне ў Андыжане, пратэстуючы супраць карупцыі і перасьледу мусульманаў, якое завяршылася праліцьцём крыві, калі ўрадавыя войскі расстралялі натоўп. Праваабаронцы тады паведамлялі пра 700 чалавек забітых, што было самым масавым забойствам пратэстоўцаў з расстрэлу дэманстрацыяў у Пэкіне на плошчы Цяньаньмынь у 1989 годе, паводле ўладаў, падчас падзеяў у Андыжане было забіта 200 чалавек.

Амэрыканскі дзярждэпартамэнт выступае за мяккі дыпляматычны падыход у зносінах з урадам Іслама Карымава. Удава Юлдашава, якая жыве ў ЗША, шмат гадоў патрабавала яго вызваленьня. Але тры гады таму яго сям’я, страціўшы надзею, пагадзілася зь меркаваньнем амэрыканскага ўраду, які лічыць канфрантацыю контарпрадуктыўнай. Зрэшты, гэта спрэчка апынулася неактуальнай, бо Юлдашаў даўно ўжо быў мёртвы, адзначае Свэрдлоў.

«Мяккі падыход ніякім чынам не заахвоціў Узбэкістан разабрацца з жудаснымі фактамі катаваньняў і ўтрыманьня ў турме крытыкаў ўраду і рэлігійных дзеячаў» — гаворыцца ў заяве Human Rights Watch.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa

XS
SM
MD
LG