Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Швэцыі абвясьціў пра паляпшэньне адносінаў зь Менскам. «Толькі дэмакратыі не пабольшала» — экспэрт


Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг заявіў пра значнае паляпшэньне адносінаў паміж Менскам і Стакгольмам, асабліва калі параўноўваць з 2012 годам.

«Паляпшэньне адносін адбылося ня дзякуючы адной сустрэчы, гэта — плён узаемнай працы. Мы разам працавалі над тым, каб наладзіць дыялёг, усталяваць даверчыя адносіны, каб можна было абмеркаваць у тым ліку і праблемныя пытаньні, дзе нашы погляды не зусім супадаюць. Я вельмі рады, што мы змаглі з уладамі Беларусі гэта зрабіць», — сказаў ён у відэаінтэрвію sb.by.

«Ёсьць паляпшэньне адносін паміж нашымі краінамі, асабліва калі параўноўваць з 2012 годам, — гэта велізарная розьніца», — падкрэсьліў дыплямат.

Паводле слоў швэдзкага амбасадара, у Швэцыі Беларусь разглядаюць як эўрапейскую краіну: «Вы можаце стаць настолькі блізкімі да ЭЗ, як вы хочаце. Гэта на ваш выбар. Праўда, Беларусь зьяўляецца сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу — гэта значыць, выбар зроблены, мы яго паважаем», — адзначыў пасол.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Камэнтуючы заяву пра паляпшэньне адносін карэспандэнту Свабоды, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што тут адчуваюцца «піяраўскія высілкі беларускага боку».

«Дзяржаўныя мэдыі больш пачалі даваць трыбуну эўрапейскім амбасадарам. Гэта хваля ўвагі афіцыйных СМІ, бо цяпер выгадна паказваць беларускаму электарату, паглядзіце, маўляў, як мы спрытна наладзілі дачыненьні з Эўропай. Вось Эўропа пасыпала галаву попелам і цяпер адмовілася ад сваёй недальнабачнай палітыкі. Вось такі антураж у дзяржаўных беларускіх СМІ».

Паводле Класкоўскага, цяпер мы бачым прарыў беларускай дыпляматыі на эўрапейскім кірунку.

Пры гэтым дэмакратыі ў Беларусі не пабольшала, але прадстаўнікі Эўропы цяпер прыглушылі рыторыку на гэты конт

«Сёньня якраз найперш праз расейскую агрэсію, праз спалох Эўропы насамрэч стварылася спрыяльная глеба для таго, каб прасунуць сваё бачаньне двухбаковых дачыненьняў. І Швэцыя як краіна ЭЗ таксама ідзе ў гэтым трэндзе. І нарэшце ёсьць яшчэ адзін слой. Калі швэдзкі амбасадар згадвае пра 2012 год, ён мае відавочна на ўвазе наступствы гэтага скандалу з плюшавымі мядзьведзікамі, з гэтым дэсантам. Гэта ж быў швэдзкі лёгкаматорны самалёт, які тады нарабіў фурору, і неўзабаве зь Беларусі фактычна быў высланы тагачасны швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан.

Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

І наогул адносіны паміж дзьвюма краінамі фактычна перайшлі ў стан дыпляматычнай вайны. Таму тое, што сёньня швэдзкая амбасада зноў нармальна працуе ў Беларусі і ў двухбаковых дачыненьнях таксама ідзе станоўчы трэнд, гэта, натуральна, выглядае вялікім кантрастам параўнальна з тым скандалам, з тымі плюшавымі мішкамі. Таму ёсьць яшчэ адна падстава ў швэдзкага прадстаўніка казаць тут аб прагрэсе. Пры гэтым дэмакратыі ў Беларусі не пабольшала, але прадстаўнікі Эўропы цяпер прыглушылі рыторыку на гэты конт, меней стараюцца згадваць пра далікатныя, балючыя для беларускіх уладаў пытаньні і вядуць супрацу на тых кірунках, дзе нейкіх вялікіх трэньняў няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG