Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Дранчук

Зазімак у маёнтку Наднёман. Фота і колькі малавядомых фактаў пра вучонага, прафэсара электраграфіі і магнэтызму Якуба Наркевіча-Ёдку.

Сюды было варта наведацца ў першы зімовы прыбар, пасьля ціхай начной парошы, каб сярод моўклых сівых камянёў і чырвоных муроў, халаднавата прыцярушаных бельлю, пачуць ад іх грозны вымоўны загад: ніколі не прамаўляй, не кажы, не скарайся, што краіна твая маленькая, кволая, бедная. Што ёсьць, маўляў, больш вялікія і багатыя, шмат мацнейшыя ды ганарнейшыя. Гэта ня так. Гэта пастка. Падман і ашука, хлусьня і няздара…

Мне пашанцавала, я быў шчасьлівы гэта пачуць. У поўнай цішыні і бязлюднасьці, быццам дзень не зачынаўся, а працягваў сутонліва спаць. Пачуць не вушамі – нутром, слыхам усёй істоты. І кожным сваім крокам, ступаючы па рэдкіх блытаных сьцежках, сям-там пазначаных зазімкам, абіваючы з былак яшчэ далікатны, падобны на шэрань, сьнег.

Зьнізу ад Нёмана, плынна-таропкай хвалі, ад прыбярэжных сьцяблістых расьцін, дубцаватых шэра-чырвоных зарасьнікаў напаўзаў раньні нахабнаваты прыцемак. Сьнег яшчэ значыў сьцяжынкі, чалавечыя ды бабровыя, а далей і вышэй, дзе лінія нахілу, -- і пакатае дворышча палацавай сядзібы. Летам правы бераг зарослы, у густой крапіве, непадступны. Бяз рызыкі ды экстрыму ня дойдзеш, каб адчуць-асягнуць, што палац стаяў на пагорку, крыху ўзвышаўся, калі глядзець вось так, з улоньня ракі, як цяпер: палац-Наднёман, палац у Наднёмане.

Даўно не ўзрушаўся гармоніяй велічна-маляўнічых парэшткаў-муроў і прыроднага асяродка, іх ладам-сугуччам, аднадушшам яднаньня, мудрай адвечнасьцю. Імгненьне гэтага спасьціжэньня ў хвіліны зачараванасьці, якімі па-боску адорвае нас прырода, бадай, не адпавядала паняцьцю ўбачыць, а хутчэй – засьпець і падгледзець, адчуць і падслухаць, апынуцца сам-насам і… тут застацца.

Калі нехта абразьліва кіне – маўляў, ну што тут, адны разваліны, я прапаную скептыку свой асабісты досьвед -- паглядзець на спаруду недабудаванага “Кемпінскага” на беразе Сьвіслачы ў Менску, што чорна-шэрым крылом агарнуў парк Горкага… Як на адзін з прыкладаў дысгармоніі і тыраніі індустрыі. А сюды я яшчэ прыеду, абавязкова, ня раз. Бо адчуваю ў гэтым патрэбу. Хай сабе гэта парэшткі, кавалачкі і фрагмэнты. Але зь іх яшчэ досыць лёгка зьляпіць вялікі, велічны, цудатворны вобраз Айчыны. Вядома, ня толькі архітэктурны, нэагатычны, пэйзажны…

І цяпер, калі хтось запытае ў мяне, дзе цэнтар Эўропы, я адкажу, каб і мяне пачулі: мо, не паверылі напачатку, а пасьля хадзілі і ўсім даводзілі: а ведаеце, цэнтар Эўропы – напраўду ў маёнтку Наднёман. Гэта, патлумачу, не так далёка ад Менску ў Узьдзенскім раёне. Трэба шукаць на мапе нітку Нёмана і кіраваць у напрамку, дзе ягоны выток (суток рэчак Лошы і Вусы). А гэта ўздзенска-капыльскае памежжа зь вёскай Пясочнае. Апошні гаспадар маёнтка ў Наднёмане – прафэсар Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848 – 1905) – тут, у сваёй навуковай лябараторыі першым у сьвеце вынайшаў спосаб перадачы злектрамагнітных хваляў на адлегласьці, менавiта радыё (на чатыры гады раней за А.Папова). Таксама шляхам наднёманскіх экспэрыментаў здолеў атрымаць незвычайны фотаадбітак -- сьвячэньне аб’ектаў у электрычным полі (т.зв. эфэкт Кiрлiяна).

Што праўда, мясьціна, дзе абшары працятыя электрамагнітнымі хвалямі-промнямі сьветабудовы, аўрай айчыннага этэру, больш чым вартая ўвагі. Аднак да гэтага варта дадаць яшчэ тое, што наш вялікі зямляк дасьледаваў уплыў электрычнасьці на ўрадлівасьць глебы і рост расьлін, навучыўся выяўляць з дапамогай электрахваляў розныя захворваньні і нават лекаваў электратэрапіяй, адкрыў у Наднёмане першы на тэрыторыі Беларусі санаторый, аптэкі ў Слуцку і Пясочным. У блізкіх мясьцінах знайшоў мінэральную ваду, стварыў кумысавую лячэбніцу.

Вяртаюся да ўезнай брамы зь невялікімi мураванымі збудаваньнямі.

Ідэя аднавіць браму належыць менскаму навукоўцу Уладзіміру Самуйлаву, які ўзiмку выкладае “злектрычныя дысцыпліны” ў Злучаных Штатах Амэрыкі, а калi прыходзiць лета, едзе на радзiму ды рухае праект аднаўленьня. Яму і ягоным тутэйшым памочнікам карціць як мага зацікавіць суайчыньнікаў і выбітнай постацьцю земляка, і пракласьці дарогу ў наш беларускі сьвет турысту-замежніку. Пры браме мяркуецца адкрыць першую экспазыцыю мэмарыяльнай сядзібы-музэя Якуба Наркевіча-Ёдкі. З Божай ласкай гэта адбудзецца ўжо бліжэйшым летам, актыўным працягам будзе 2017 год.

Каму надарыцца завітаць у Наднёман -- майце на ўвазе: былы гаспадар штохвіліны спрыяе Вам. Ён тут, зусім побач, у родавай пахавальні на ўскрайку блізкага лесу. Бо хоць паміраў у Вене, цвёрда загадаў пахаваць на радзіме, на сваім электрычным полі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG