Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і стуардэса


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Калісьці ў Валодзі Пуціна была адна стуардэса, цяпер – цэлы «Аэрафлёт».

Па савецкіх мерках, Пуцін ажаніўся даволі позна – у трыццаць гадоў. Аднагодкі ў «органах» прыходзілі на працу і расказвалі, што ім жонка прыгатавала на сьвята, як яны дзяцей вадзілі на ёлку, а яму толькі слухай ды Новы год з мамай і татам адзначай.

Але жаніцца трэба, будзе магчымасьць за мяжу трапіць, у нежанатага шанцаў няма, не пашлюць.

Нібы жаніх зайздросны, з «органаў», але ніводнай ленінградкі не знайшлося. І вось выпадак. Выступ Аркадзя Райкіна. Бяскрыўдныя жарты, часам невысокага гатунку. Але рагатала ўся краіна, большага сабе ня мог дазволіць нават самы галоўны жартаўнік. Мініятура называецца «Главное ребенка родить»: «Грубо говоря, но мягко выражаясь». Заля душыцца са сьмеху.

Гумарыст мяняе парыкі з паўмаскамі. Пачынае ступаць на мяжу дазволенага, дапускаючы цьмяныя намёкі, пераходзячы да наступнай мініятуры «Родительское собрание»: «Мягшэ, тоньшэ и деликатней». Што зь непаслухмянымі дзецьмі рабіць будзеш? Рамкі патрэбныя жорсткія: «Каменный забор вокруг двора, высотой метров пятнадцать, сверху можно арнамент из проволочки, хорошо бы из колючей. Можно и ток пропустить, там 110-220». Ха-ха-ха!

Супрацоўнік «органаў» адчувае «нехороший привкус» жарцікаў, але заля кісьне, сапраўды сьмешна! На Райкіне новы парык, «успамінае дзяцінства»: «Эпоха была жутчайшая, настроение было гнусное и атмосфера была мерзопакостная. Но рыба в Каме была!» Ха-ха-ха! Гумарыст працягвае: «Нас-то драли и ничего, целое поколение выросло. Мой отец, Сидоров старший, меня, Сидорова младшего, лупил как сидорову козу. Дешево и сердито».

Апошні жарт даволі прымітыўны, але настрой у залі вясёлы, сьвяточны. На лесьвіцах, у фае пануе такі ж ажыўлены. І наш герой нечакана знаёміцца з прывабнай дзяўчынай. Слова да слова. Яна стуардэса! Калінінградка. Аднолькава зь ім з рабочай сям’і, што таксама грэе.

Людміла Шкрабнёва, як вынікае зь біяграфіі, цяжка здабыла сваю прафэсію, якой, канечне, ганарылася. Стуардэса ў СССР – гэта было вялікай марай дзяўчат. І паштальёнкай была Людміла, і санітаркай, на токара на заводзе вывучылася, другі разрад атрымала.

І пасьля ўсіх звычайных, празаічных прафэсій, трапіць на трохмесячныя курсы стуардэс! Шчасьце нарэшце ёй усьміхнулася. Вучылася ў сталіцы БССР Мінску. Аэрапорт зусім побач з цэнтрам. І вакзал блізка. Прыгожы горад наогул, можна пазайздросьціць. Але скурачкі атрымала і трэба дахаты, у родны Калінінград.

Лёс адгэтуль кіраваў ёю. Трохдзённая паездка зь сяброўкай у самы прыгожы горад, аб якім можна было толькі марыць, у Ленінград. Канцэрт Аркадзя Райкіна, на які хацеў трапіць кожны. Удалося здабыць квіткі! Знаёмства са сьціплым прыстойным супрацоўнікам «органаў». Нарэшце! Два гады перапіскі і вясельле на параходзе (як пішуць, магчыма, маецца на ўвазе цеплаход) на Няве.

На вясельных здымках Валодзя і ў свае трыццаць выглядае «зялёным» і няўпэўненым.

Але гэта было даўно. Цяпер ён самы ўпэўнены чалавек на зямлі.

Як сустрэліся Валодзя зь Людмілай, так і разышліся, у тэатры. На прэм’еры балету «Эсмэральда» (лібрэта на падставе «Сабору Парыскай Божай маці» Гюго) у Крамлі, як пішуць. У антракце сужэнцы абвясьцілі публічна, што разьвядуцца. (У некаторых крыніцах, праўда, яны спачатку даглядзелі спэктакль, каб не псаваць сабе ўражаньне ад фіналу.) На Райкіне былі хохмы, тут – рамантычная гісторыя каханьня.

Дзейныя асобы: цыганка Эсмэральда, паэт Грэнгуар, званар Квазімода, высакародны прыгажун Фэб дэ Шатапэр, капітан каралеўскіх стралкоў. У масоўцы кат, бадзягі, жабракі, цыганы і цыганкі, дамы і кавалеры, блазны і блазьніхі, народ. Дзея адбываецца ў сярэднявечным Парыжы пры канцы XV стагодзьдзя.

Квазімода з бадзягамі спрабуюць выкрасьці Эсмэральду. Капітан каралеўскіх стралкоў ратуе яе. Прыгажуні помсьцяць: забіваюць капітана кінжалам, яе вінавацяць ў забойстве.

У горадзе сьвята блазнаў. На задніку сцэны турма і сабор. З турмы вядуць скатаваную Эсмэральду. Дадзена каманда, кат зараз выканае сваю працу. У апошні момант на сцэне паяўляецца Фэб дэ Шатапэр. Ён не памёр, яго толькі паранілі! Капітан сьведчыць, што ўдарыла кінжалам яго зусім не цыганка.

Хэпі энд: Фэб і Эсмэральда бяруцца за рукі… Так, крыўдна абвяшчаць аб разводзе, калі на сцэне шчасьлівы канец. Дысананс!

Мне заўсёды здавалася: калі ў чалавека, прыкладам, тысяча танкаў у руках, яму абавязкова патрэбная жонка, самы блізкі чалавек. Ён жа сам марыў некалі: каб было да каго вяртацца пасьля службы. Хаця, зразумела, тады было адно: расказваць пра справы ня будзеш. Цяпер усё зусім інакш! Ты вяртаесься, а дома ахоўнікі і сабакі. І жонка не разагрэе катлеты і не накладзе бульбы. І не спытае: Валодзя, што ж гэта ты так дрэнна робіш, навошта «зялёныя чалавечкі», навошта Крым, навошта Наваросія? Ня трэба так, ты ж у царкву ходзіш, з Богам размаўляць…

Для таго ён і разьвёўся, як выглядае. Напэўна, жонка магла быць яго сумленьнем, магла яго стрымліваць. Нездарма пішуць, што адносіны ў іх, як выглядала, сапсаваліся ўжо ў 2008-м. А, між іншым, год вайны з Грузіяй. Але ён вырашыў, відаць, навошта яму такая жонка, якая яго не падтрымлівае? Калі ён выступае нібы сьмелым капітанам каралеўскіх стралкоў. Сваіх стралкоў, зразумела, «зялёных чалавечкаў».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG