Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая паліцыя зьняпраўдзіла паведамленьні пра «згвалтаваную расейскамоўную дзяўчынку»


Чарга мігрантаў у адным з аддзяленьняў сацыяльнай службы Бэрліну, 9 сьнежня 2015 году.

Чарга мігрантаў у адным з аддзяленьняў сацыяльнай службы Бэрліну, 9 сьнежня 2015 году.

Пра мігрантаў можна гаварыць нармальна, можна і «па-фашысцку» — мастак з Бэрліну Дзьмітрый Урубель аб «згвалтаваньні рускамоўнай дзяўчынкі» і іншых прыёмах прапаганды ў расейскіх СМІ.

У паліцыі Бэрліну афіцыйна зьняпраўдзілі паведамленьні некалькіх расейскіх СМІ пра тое, што ў сталіцы Нямеччыны ўцекачы нібыта згвалтавалі 13-гадовую дзяўчынку зь сям’і рускіх немцаў.

Як паведамляе кампанія Deutsche Welle са спасылкай на прэс-службу бэрлінскай паліцыі, вынікі расьсьледаваньня паказалі, што не было ні выкраданьня, ні згвалтаваньня. Паліцыя ня стала прыводзіць дэталі, каб не выдаваць асабістыя дадзеныя дзяўчынкі, і прасіла карыстальнікаў сацсетак праявіць тактоўнасьць.

Паводле Deutsche Welle, паліцыя Бэрліну ня мае намеру пакідаць без увагі беспадстаўныя абвінавачаньні ў сацыяльных сетках у свой адрас у сувязі з паведамленьнямі аб нібыта згвалтаванай дзяўчынцы з рускамоўнай сям’і. У адказ на апублікаваны ў Фэйсбуку камэнтар пра тое, што паліцыянты выкарыстоўвалі нядобрасумленныя мэтады, каб прымусіць дзяўчынку даць акрэсьленыя паказаньні, супрацоўнікі паліцыі заявілі, што аўтары падобных неабгрунтаваных сьцьвярджэньняў могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці.

16 студзеня ў сюжэце вечаровых навінаў расейскага «Першага каналу» распавядалася пра тое, што ў Бэрліне трое мужчын, як мяркуецца, мігрантаў з краінаў Блізкага Ўсходу, згвалтавалі дзяўчынку з рускамоўнай сям’і.

Мастак Дзьмітрый Урубель, які жыве ў Бэрліне, зьвяртае ўвагу на тое, што гісторыю зь нібыта згвалтаванай дзяўчынкай, акрамя расейскага тэлебачаньня, выкарыстоўвалі і прадстаўнікі праваэкстрэмісцкай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны. Урубель робіць выснову, што гэткае засяроджаньне расейскіх СМІ на праблемах у Эўропе мае на мэце адцягнуць ўвагу аўдыторыі ад крызысу ў самой Расеі.

Калі штодня рубель губляе па некалькі адсоткаў ад сваёй вартасьці, нафта падае і гэтак далей, то, вядома, аказваецца, што крызыс ахапіў менавіта Эўропу, канкрэтна Нямеччыну, якая скончыла год з прафіцытам 12 мільярдаў эўра.

Дзьмітрый Урубель: Калі штодня рубель губляе па некалькі адсоткаў ад сваёй вартасьці, нафта падае і гэтак далей, то, вядома, аказваецца, што крызыс ахапіў менавіта Эўропу, канкрэтна Нямеччыну, якая скончыла год з прафіцытам 12 мільярдаў эўра. Нямеччына прыняла мільён дзьвесьце тысяч мігрантаў. Бэрлін — 50 тысяч чалавек у гэтым годзе. 50 тысяч чалавек на 4-мільённае насельніцтва, ня лічачы турыстаў. Уявіце сабе вагон бэрлінскага мэтро ў гадзіну пік: сто чалавек, як селядцы ў бочцы, адзін зь іх — уцякач, гэта значыць, яго адрозьніць немагчыма. Тым больш, што 40% тых, якія стаяць у гэтым вагоне, замежнікі — рускія, амэрыканцы, туркі, англічане, італьянцы, гішпанцы, арабы, японцы. Уцекачоў разьмяшчаюць у месцах часовага знаходжаньня — інтэрнаты, пераабсталяваныя пад гэтыя мэты розныя спартовыя залі, царкоўныя памяшканьні і іншае. Асабліва выходзіць на вуліцу і кудысьці езьдзіць, тым больш тусавацца ў цэнтры, ім не даводзіцца. Плюс розныя інтэграцыйныя праграмы, бюракратыя — я думаю, ім не да гэтага.

Прыняць больш за мільён уцекачоў было для Нямеччыны найбольш цьвярозым рашэньнем, таму што іншы варыянт быў пакінуць іх на паўднёвых ўскраінах Эўропы, у краінах былой Югаславіі, у Грэцыі, без прытулку над галавой перад зімой.

Прыняць больш за мільён уцекачоў было для Нямеччыны найбольш цьвярозым рашэньнем, таму што іншы варыянт быў пакінуць іх на паўднёвых ўскраінах Эўропы, у краінах былой Югаславіі, у Грэцыі, без прытулку над галавой перад зімой — і сапраўды атрымаць эўрапейскую гуманітарную катастрофу, параўнальную з катастрофай часоў балканскай вайны. Напярэдадні зімы ўлады Нямеччыны прынялі рашэньне даць часовы прытулак гэтым уцекачам. Нямеччына тым самым у чарговы раз за апошнія гады паказала сваю ролю ў Эўропе як краіны, якая аб’ядноўвае Эўропу, як самага багатага і самага адказнага сябра Эўразьвязу. Гэта вельмі важная рэч, якая прымушае ганарыцца гэтай краінай.

РС: Зь іншага боку, ёсьць жа пратэсты супраць імігрантаў. Падзеі ў Кёльне, наколькі я разумею, прывялі да росту правых настрояў.

Сярод гэтых людзей 1% — гэта забойцы і гвалтаўнікі, нічога ня зробіш, так чалавецтва ўладкавана. Іншая справа, што далей можна заявіць, што гэта былі хуліганы, і хуліганская акцыя павінна быць спынена, а можна сказаць, што гэта арабы напалі на немцаў і ўсіх іх згвалтавалі.

Дзьмітрый Урубель: Трохгадзінныя хуліганскія бясчынствы былі ў вельмі абмежаваным квартале гораду Кёльн, нічога такога да гэтага не было, з тых часоў нічога не паўтаралася. Ёсьць заканадаўства ў дачыненьні да ўцекачоў, і ёсьць традыцыі нямецкіх адносін да ўцекачоў: іх трэба разумець, яны прыехалі з розных краін, з розных месцаў і, перш за ўсё, з тэрыторыі жудасных канфліктаў, яны ўцякалі ад гвалту, ад канфліктаў, яны ўсё страцілі. Іх перш за ўсё трэба шкадаваць. Так, у іх могуць быць ссунутыя мазгі, улічваючы, у якіх умовах яны выхоўваліся, але перш за ўсё да іх трэба ставіцца як да дзяцей. Частка з гэтага мільёна, скажам, 10 тысяч чалавек — гэта хуліганы. Хуліганы ўсюды ёсьць — сярод немцаў ёсьць хуліганы, сярод рускіх ёсьць хуліганы. Хуліганам важна пахуліганіць. Хуліганства і заключаецца ў тым, каб адабраць сумачку, паціскаць жанчыну. А сярод гэтых людзей 1% — гэта забойцы і гвалтаўнікі, нічога ня зробіш, так чалавецтва ўладкавана. Іншая справа, што далей можна заявіць, што гэта былі хуліганы, і хуліганская акцыя павінна быць спынена, а можна сказаць, што гэта арабы напалі на немцаў і ўсіх іх згвалтавалі. Гэта значыць, можна сказаць нармальна, а можна сказаць па-фашысцку. На жаль, вялікая колькасьць камэнтатараў, рускамоўных у прыватнасьці, гатовыя імгненна зь любой нагоды станавіцца на нацысцкія пазыцыі — вось гэта жахліва.

XS
SM
MD
LG