Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захар Шыбека

Смиловицкий Л., «Цензура в БССР: послевоенные годы (1944–1956)» ; Иерусалим, 2015; 360 с.

Я чытаў кнігу Леаніда Сьмілавіцкага зь вялікім зацікаўленьнем, бо ўспрымаў напісанае ў ёй і як гісторык, і, міжволі, як сьведка некаторых падзей таго часу. У дзіцячую памяць урэзаліся сымбалі савецкай улады, якія насаджваліся з дапамогай цэнзуры. Поўны збор твораў Сталіна на беларускай мове стаяў на хатняй палічцы. Памятаю, я любіў разглядаць прыгожыя кніжкі з параднымі фотаздымкамі вусатага дзядзькі. Гэта я цяпер разумею, што тады такі збор быў, відаць, у кожным калгасе. Пасьля першага пасьляваеннага ўзбуйненьня калгасаў сталінскія працы аказаліся лішнімі і яны сталі здабыткам нашай сям’і. Пакуль я навучыўся чытаць, яны кудысьці зьніклі. Было гэта ўжо пасьля сьмерці правадыра. Бацькі палічылі, што так надзейней. Унутраны цэнзар падказаў бясьпечнае рашэньне.

Новая кніга доктара Леаніда Сьмілавіцкага пра сталінскую цэнзуру ў пасьляваеннай БССР уяўляецца вельмі актуальнай. Хаця б таму, што Беларусь, як і Расея, сталі пераемніцамі сталінскіх мэтадаў.

Зьмешчаныя ў дадатку дакумэнты ўяўляюць сабой самастойную каштоўнасьць.

Кніга старанна выдадзеная: яна ў цьвёрдай вокладцы, з каляровымі ілюстрацыямі, выкананая на высокім паліграфічным узроўні, аформленая па ўсіх канонах навуковага выданьня. Табліцы, дыяграмы, пастаронкавыя спасылкі, якія дазваляць лёгка даведацца, на якіх крыніцах грунтуюцца высновы аўтара. У дадатку да кнігі зьмешчаны факсыміле архіўных дакумэнтаў і фотаздымкі, у тым ліку каляровыя, унікальныя забаронныя сьпісы твораў літаратуры і мастацтва, навуковых прац з тлумачэньнем матываў іх забароны, біяграфічны паказальнік кіраўнікоў культуры, пералік пэрыядычных выданьняў, выдавецтваў і інфармацыйных агенцтваў, сьпіс скаротаў, імянны і геаграфічны паказьнікі і нават афарызмы, цытаты, выказваньні пра цэнзуру. Зьмешчаныя ў дадатку дакумэнты ўяўляюць сабой самастойную каштоўнасьць. Яны даюць магчымасьць чытачу самому зрабіць высновы аб ролі цэнзуры ў пасьляваеннай Беларусі. Кніга напісана на прыгожай рускай мове, і чытаецца лёгка, зь цікавасьцю. Англійская вэрсія зьместу і пасланьня ад аўтара даюць неабходныя арыенціры для англамоўных дасьледчыкаў. Гэтую кнігу можна разглядаць як узор афармленьня навуковага выданьня.

Аўтар уклаў у свой твор усё, што мог і меў — інтэлект, назапашаны досьвед навукоўца, душу і сэрца. Поўнамаштабная навуковая праца стваралася на працягу шасьці гадоў без усялякай сьпешкі, на задавальненьне яе стваральніку. У Ізраілі гэта магчыма. Гуманітарыі працуюць і дзеля навукі, і дзеля свайго задавальненьня. Яны могуць сабе такое дазволіць. Ніхто іх не муштруе, ня тузае, не ўстанаўлівае тэрміны. Самі выбіраюць тэму, самі выдаюць свае кнігі, самі іх распаўсюджваюць ня столькі праз крамы, колькі адрасна.

Для напісаньня кнігі выкарыстаны навуковыя працы на рускай і англійскай мовах, надрукаваныя ў Ізраілі, Расеі і англамоўным сьвеце, а таксама беларускамоўная літаратура беларускіх эмігрантаў. Гістарыяграфічны аналіз, зроблены аўтарам, паказвае, што, па першае, беларуская гістарыяграфія цэнзуры пакуль саступае расейскай і па ўзроўні асэнсаваньня, і па ступені распрацаванасьці праблемы. А, па-другое, такое грунтоўнае дасьледаваньне цэнзуры ў БССР у 1944-1956 гг. доктарам Сьмілавіцкім робіцца ўпершыню.

Высновы дасьледчыка добра дакумэнтаваныя, падмацаваныя спасылкамі на разнастайныя крыніцы. У іх ліку, галоўным чынам, архіўныя дакумэнты, статыстычныя зборнікі, пэрыядычны друк, успаміны былых цэнзараў, супрацоўнікаў розных выдавецтваў, журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў, якія пазналі на ўласным вопыце, што такое цэнзурны нагляд. Доктар Сьмілавіцкі ўласнаручна запісаў успаміны відавочцаў тых падзей, у тым ліку ўспаміны свайго бацькі Льва Мацьвеевіча Сьмілавіцкага, які займаў высокія пасады ў цэнтральных органах БССР. Аўтар штогод наведваў Беларусь для збору матэрыялаў для кнігі. Таму не выпадкова ім адкрыты цэлы пласт новых дакумэнтаў па дасьледаванай тэме ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, не кажучы пра грунтоўнае выкарыстаньне дакумэнтаў Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

Ён дасьледуе панаваньне на беларускіх землях расейска-савецкай цэнзуры, таму і дае ёй гістарычную «падсьветку», высьвятляе вытокі сталінскай цэнзуры.

Ва ўводзінах да кнігі зроблены кароткі экскурс ў гісторыю цэнзуры. Згаданы і маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч, і расейскі імпэратар Пётр І. Лёгіку аўтара можна зразумець. Ён дасьледуе панаваньне на беларускіх землях расейска-савецкай цэнзуры, таму і дае ёй гістарычную «падсьветку», высьвятляе вытокі сталінскай цэнзуры.

У асноўнай частцы кнігі аўтар спачатку паказвае мэханізмы дзейнасьці галоўнай цэнзурнай установы БССР — Галоўліту — углядаючыся пры гэтым ў самыя неверагодныя драбніцы яго дзейнасьці. Затым цікава характарызуе цэнзараў, пералічвае разнастайныя бакі жыцьця савецкага грамадзтва, якія падлягалі цэнзуры, і толькі потым пераходзіць да цэнзуры над друкаваным словам. Звычайна на гэтым і абмяжоўваюцца ўяўленьні многіх пра цэнзурны нагляд. Аднак аўтар пасьлядоўна працягвае свой дасьледчыцкі шлях і раскрывае новы кірунак дзейнасьці цэнзуры па выдаленьні з ужытку і перадачу на спэцыяльнае, закрытае захаваньне тых выданьняў і архіўных спраў, якія лічыліся небясьпечнымі для савецкіх грамадзян. На гэтым ўзроўні, звычайна, заканчваюцца ўяўленьні пра цэнзуру нават у некаторых гісторыкаў, якія мелі справу са «спэцхранамі» і якіх часам дапускалі да знаёмства з забароненай літаратурай пад строгім кантролем і без права спасылацца на забароненыя кнігі. Але аўтар вядзе чытача па таямніцах цэнзуры яшчэ далей і раскрывае такі малавядомы факт у яе дзейнасьці, як нагляд за дзеячамі культуры і мастацтва. Як ажыцьцяўляўся такі нагляд, маглі ведаць толькі самі творцы. А дзякуючы дасьледаваньню Леаніда Сьмілавіцкага заслона тайны шырока адкрываецца.

Шосты, апошні разьдзел «Сфэра культуры і мастацтва» — самы вялікі ў манаграфіі і адзін з самых цікавых. Гэтаму паспрыялі багатыя дакумэнты Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, якія аўтар упершыню ў такім аб’ёме ўвёў у навуковы абарот. Выяўленыя там матэрыялы далі яму падставу зьвязаць цэнзуру зь яе псыхалягічным узьдзеяньнем на сьвядомасьць чалавека. Вывучэньне дзейнасьці цэнзуры ў галіне мастацкай творчасьці, дарэчы, патрабавала ад аўтара спэцыфічных ведаў у галіне культуры.

Ізраільскі гісторык ацэньвае некаторыя пасьлясталінскія саступкі як мінімальныя, якія не зьмянілі сутнасьці цэнзуры, бо не зьмянілася прырода самога савецкага ладу.

Пост-сталінскаму пэрыяду 1953-1956 гг. прысьвячаецца асобны, заключны разьдзел. І гэта слушна, бо пасьляваенны сталінскі пэрыяд, вылучаны для дасьледаваньня, закончыўся ня ў год сьмерці дыктатара, а ў год выкрыцьця яго культу. Гэта дазволіла аўтару прасачыць дынаміку ў дзейнасьці цэнзурных мэханізмаў, выявіць зьмены пасьля адмовы ўладаў ад абагаўленьня правадыра. Ізраільскі гісторык ацэньвае некаторыя пасьлясталінскія саступкі як мінімальныя, якія не зьмянілі сутнасьці цэнзуры, бо не зьмянілася прырода самога савецкага ладу.

Да ліку ўдалых сюжэтаў адносяцца «Ўмовы працы цэнзараў», дзе аўтар ад апісаньня дэталяў узьнімаецца да абагульненьняў; «Каманда выканаўцаў», дзе даецца нацыянальны склад цэнзараў і іх характарыстыка; «Паўсядзённае жыцьцё», дзе гаворка ідзе пра жабрацкае пасьляваеннае жыцьцё жыхароў БССР, якое дагэтуль старанна замоўчваецца ў беларускім падцэнзурным друку. Варта зьвярнуць увагу на сюжэт «Кантроль букіністычнага продажу», у якім паказана, што нават сталінская цэнзура не была ўсёахопнай. Кнігалюбы ўхітраліся абменьвацца выданьнямі з рук у рукі, праз «чорны рынак», езьдзілі набываць кнігі ў прыбалтыйскія краіны, дзе цэнзура была слабейшай. У выніку інтэлектуалы знаходзілі доступ да забароненых выданьняў, а іх прыватныя бібліятэкі ўсё ж былі вольнымі ад цэнзурнага нагляду. Так што глеба для дысыдэнцтва існавала і ў БССР. У кнізе прыведзены цікавыя факты аб чыстцы бібліятэчных фондаў Заходняй Беларусі; пасьляваенных трафэйных кінастужках, якія ўплывалі на савецкае кінамастацтва; адметнай пазыцыі беларускага сатырычнага часопісу «Вожык», які ў час «справы лекараў» (1953 г.) не зьмясьціў, у адрозьненьні ад «Крокодила», ніводнай антысэміцкай карыкатуры.

Аўтар бачыць шкодныя вынікі савецкай цэнзуры ня толькі для пасьляваеннага пэрыяду, але зьвязвае зь ёй лёс савецкай улады, якая пачала з утойваньня эпідэмій, а закончыла Чарнобыльскай катастрофай.

Аўтар паказвае жорсткасьць і абсурднасьць сталінскай цэнзуры, раскрывае мэханізмы яе дзейнасьці, дасьледуе яе ў неразрыўнай сувязі з савецкім грамадзтвам, разглядае яе як абавязковы элемэнт камуністычнай дыктатуры, безь якога гэтая дыктатура не магла існаваць. Абсурднасьць цэнзуры выяўлялася, напрыклад, у тым, што прагноз надвор’я адносіўся да вайсковай тайны, пад цэнзуру траплялі дзіцячыя казкі, дазвол Галоўліту БССР патрабаваўся нават на друкаваньне плякату «Купляйце марожанае!». На думку доктара Сьмілавіцкага, асабліва вялікую шкоду савецкаму грамадзтву наносіла цэнзура навукі, што стрымлівала навукова-тэхнічны і грамадзкі прагрэс. Аўтар бачыць шкодныя вынікі савецкай цэнзуры ня толькі для пасьляваеннага пэрыяду, але зьвязвае зь ёй лёс савецкай улады, якая пачала з утойваньня эпідэмій, а закончыла Чарнобыльскай катастрофай.

Як грамадзянін Ізраілю, аўтар, зразумела, ня мог абыйсьці ролю цэнзуры ў жыцьці габрэяў БССР. Ён вывучае датычнасьць габрэяў да цэнзуры і антыгабрэйскую цэнзуру. І гэта надае яго дасьледаваньню яшчэ большую дакладнасьць і аб’ектыўнасьць, бо габрэйская прысутнасьць у беларускай гісторыі дагэтуль замоўчваецца ці разглядаецца павярхоўна. Аўтар раскрывае парадаксальную сытуацыю ў БССР у 1940-х пасьляваенных гадах, калі значную частку цэнзараў складалі габрэі, але цэнзура ў адносінах да габрэяў заставалася такой жа бязьлітаснай, як і да іншых народаў БССР. Можна ўзгадаць і малавядомы факт пра вяртаньне ня толькі беларускай, але і габрэйскай літаратуры пасьля асуджэньня культу Сталіна, што стала магчымым дзякуючы выкарыстаньню аўтарам матэрыялаў Цэнтральнага архіву КДБ.

Кніга доктара Сьмілавіцкага прысьвечаная цэнзуры ў БССР, але адначасова ў ёй значнае месца адводзіцца ўвогуле савецкай цэнзуры ў СССР, актыўна выкарыстоўваюцца агульнасаюзныя зьвесткі. Наколькі гэта лягічна? Падаецца, што прыём пераносу тыповых праяваў цэнзуры, выяўленых расейскімі дасьледчыкамі, для рэстаўрацыі сытуацыі ў БССР — апраўданы, асабліва тады, калі зьвестак пра савецкую Беларусь не хапае. Гэта здымае неабходнасьць «вынаходзіць ровар» і ў той жа час робіць дасьледаваньне больш панарамным і ўсебаковым. Больш за тое, Леанід Сьмілавіцкі разумее немагчымасьць вывучэньня гісторыі БССР ізалявана ад усяго Савецкага Саюзу. Жыцьцё пры камуністычнай дыктатуры было настолькі ўнівэрсалізавана, што якую б рэспубліку або рэгіён дасьледчыкі ні вывучалі, яны мелі справу з рэстаўрацыяй жыцьця ў СССР, а робячы дасьледаваньні СССР яны пралівалі сьвятло і на жыцьцё ў саюзных рэспубліках.

Яго кніга будзе карыснай найперш беларускаму чытачу. Яна, безумоўна, паспрыяе разбурэньню падстаў для ідэалізацыі савецкай улады ў Беларусі.

Кніга напісаная ў традыцыях рускамоўнай гістарыяграфіі Ізраілю, цесна зьвязанай з сучаснай расейскай гістарыяграфіяй. Аднак аўтар уносіць уклад і ў беларускую гістарыяграфію. Яго кніга будзе карыснай найперш беларускаму чытачу. Яна, безумоўна, паспрыяе разбурэньню падстаў для ідэалізацыі савецкай улады ў Беларусі. А калі аўтар выходзіць за межы традыцыйнай юдаікі і праводзіць дасьледаваньне праблемаў агульнабеларускай каштоўнасьці, то гэта можна ацаніць не іначай як выяўленьне ім пашаны да сваёй Радзімы, жаданьня аддаць яе народу даніну павагі. Прыклад доктара Сьмілавіцкага паказвае, што выхадцы з Беларусі ў эміграцыі гатовыя дапамагаць краіне, адкуль яны родам. Патрэбна толькі ствараць для такога супрацоўніцтва спрыяльныя ўмовы.

І зусім непрыемным дысанансам выглядае на гэтым фоне рашэньне ўраду Ізраілю зачыніць сваю амбасаду ў Беларусі. Такое рашэньне, можа, і адпавядае інтарэсам кіруючай кааліцыі, але не дзяржаўным інтарэсам Ізраілю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG