Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі пра братэрства ці небратэрства беларускага, ўкраінскага і расейскага народаў ідуць спрадвеку і скончацца, напэўна, няхутка. Цяперашні канфлікт паміж Украінай і Расеяй надаў ім нечуваную дагэтуль вастрыню. Вось нядаўна на прасторах украінскага і расейскага інтэрнэту віраваў вялікі халівар, спароджаны постам расейскай актывісткі Вольгі Раманавай, якая, пакаштаваўшы ўкраінскай кілбасы, расчулілася і напісала «Мы ўсё ж адзіны народ». Ну і панеслася.

Але хай даруюць мне ўдзельнікі гэтых гарачых спрэчак з абодвух бакоў, мне яны падаюцца трохі бессэнсоўнымі. Бессэнсоўнымі таму, што абодва бакі дзіўным чынам па змоўчаньні зыходзяць з, мякка кажучы, старамоднага, а менш мякка — прымітыўнага ўяўленьня пра нацыі.

Ну, па-першае, пра мэтафорыку. Што азначаюць абароты «адзіны народ», «народы-браты»? Які жа адзіны, калі прынамсі значнай сваёй часткай гаворыць на іншай мове, якія такія браты — а хто тата, а хто маці? Калі адкінуць паэтычнасьць, гэта азначае ўсяго толькі тое, што народы вельмі блізкія.

Дзіўным чынам абодва бакі спрэчкі разглядаюць людзей, як пароды быдла. Калі расейцы, скажам, «каровы» і ўкраінцы — «каровы», то ім абодвум наканавана і справядліва жыць у адным «хляву», пасьвіцца ў адным «статку».

Зразумела, што спрэчка — не пра акадэмічную антрапалёгію, а менавіта пра гэтыя аднолькавыя палітычныя высновы, якія робяць дыспутанты з абодвух бакоў. Мы блізкія (адзін народ, браты) — гавораць расейцы, маючы на ўвазе выснову, што і жыць павінны ў адной дзяржаве. Ніякія мы ня блізкія, ніколі ня будзем братамі — адказваюць украінцы, не жадаючы губляць сваю дзяржаўнасьць, бо па сутнасьці пагаджаюцца з лёгікай: блізкія народы — адна дзяржава.

Між тым людзі — ня быдла, і нацыі — не хлявы і ня статкі.

Летась споўнілася 240 гадоў з пачатку амэрыканскай вайны за незалежнасьць. Вайна пачалася ў 1775 годзе, цягнулася 8 гадоў, забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў, што вельмі шмат, асабліва для тагачасных амэрыканскіх калёніяў, дзе тады жыло ўсяго 3 мільёны пасяленцаў.

З пункту гледжаньня ангельцаў канца XVIII стагодзьдзя паўстанцы былі проста такімі ж ангельцамі, як яны, чые продкі проста некалі пераплылі акіян.

Але хто тады паўстаў супраць каго? Брытанская калянізацыя Паўночнай Амэрыкі адлічваецца ад рэйсу карабля «Мэйфлаўэр», які адплыў ад ангельскіх берагоў у 1620 годзе. Ад пачатку калянізацыі да паўстаньня прайшло ўсяго 155 гадоў. Зусім няшмат пакаленьняў аддзяляла салдатаў паўстанцкай арміі Джорджа Вашынгтона ад іх англійскіх продкаў. З пункту гледжаньня ангельцаў канца XVIII стагодзьдзя паўстанцы былі проста такімі ж ангельцамі, як яны, чые продкі проста некалі пераплылі акіян.

Мова і ў гэтых, і ў тых была адна, канфэсіі, да якіх яны належалі — аднолькавыя ці вельмі падобныя. Культура? Ну палітычная журналістыка, газэты, разьвіваліся ў амэрыканскіх калёніях даволі бурна, але слава Ўітмэна і По, Фолкнэра і Хэмінгуэя была яшчэ далёка наперадзе. Што пераважна сялянская супольнасьць пасяленцаў магла ў сэнсе высокай культуры супрацьпаставіць магутнай традыцыі Шэксьпіра і Сьвіфта? Ды тады нічога асабліва. Ды і не супрацьпастаўляла — гэта была і іх культура.

Напэўна, самы зацяты адэпт тэорыі трыадзінства беларусаў, украінцаў і расейцаў пагадзіцца з тым, што паміж тагачаснымі амэрыканцамі і англічанамі адрозьненьняў было яшчэ менш, чым паміж трыма ўсходнеславянскімі народамі.

Напэўна, самы зацяты адэпт тэорыі трыадзінства беларусаў, украінцаў і расейцаў пагадзіцца з тым, што паміж тагачаснымі амэрыканцамі і англічанамі адрозьненьняў было яшчэ менш, чым паміж трыма ўсходнеславянскімі народамі. Амэрыканцы былі бясспрэчнымі нашчадкамі ангельцаў, мова была адна, вера адна, да пачатку паўстаньня 1775 году амэрыканцы ніводнага дня не жылі не пад ўладай Лёндану, культура мэтраполіі тады была ў паўночнаамэрыканскіх калёніях даміноўнай.

Дык адзін быў народ? Ну так, у нейкім сэнсе і так можна сказаць, паводле пазначаных крытэраў блізкасьці. Браты былі? Калі гэтая мэтафара мае нейкі рацыянальны сэнс, то так — браты.

Ну і што? А нічога. Паднялі паўстаньне, атрымалі падтрымку ад варожых Вялікабрытаніі Францыі і Гішпаніі, ваявалі 8 гадоў, нарэшце, Лёндан прызнаў відавочнае — новая дзяржава «братоў» адбылася, і падпісаў мір і яе прызнаньне.

Потым у 1812 годзе яшчэ паваявалі, англічане нават спалілі новую сталіцу ЗША Вашынгтон, але гэта ўжо быў канфлікт паміж сувэрэннымі дзяржавамі.

Ну а далей... Шмат чаго было далей, але ніякіх памкненьняў аднавіць дзяржаўнае адзінства сапраўды блізкіх народаў не назіралася. І блізкасьць тая праз колькі гадоў і праявілася, цяперашнія ЗША і Вялікабрытанія — найбліжэйшыя саюзьнікі, і гэтая палітычная і эканамічная блізкасьць грунтуецца не ў апошнюю чаргу і на культурнай, этнічнай і моўнай блізкасьці, якая ёсьць цяпер і якая была і ў гады вайны за незалежнасьць, калі амэрыканскія паўстанцы і ангельскія салдаты сыходзіліся ў сьмяротнай схватцы.

Гэта не адзіны прыклад, кал блізкія народы ішлі рознымі дзяржаўнымі шляхамі. Хто быў ударнай сілай паўстаньняў гішпанскіх калёніяў супраць улады Мадрыду? Крэолы, нашчадкі гішпанцаў, якія пераплылі акіян. Адзін народ, словам, браты. І жывуць неяк асобна іх нашчадкі ўжо прынамсі два стагодзьдзя, пад крыло матухны-Гішпаніі не просяцца.

Выбралі жыхары колішніх амэрыканскіх калёніяў асобны ад Вялікабрытаніі лёс — і ніякая блізкасьць, рэальная, сапраўдная блізкасьць, іх адзінства з англічанамі не ўтрымала.

Клясык нацыялёгіі Эрнст Рэнан пісаў, што нацыя — гэта не агульная мова, не агульная кроў, нават не агульная культура — гэта агульны супольны лёс. Выбралі жыхары колішніх амэрыканскіх калёніяў асобны ад Вялікабрытаніі лёс — і ніякая блізкасьць, рэальная, сапраўдная блізкасьць, іх адзінства з англічанамі не ўтрымала.

Гэтак і ў спрэчках пра беларусаў і расейцаў, украінцаў і расейцаў мне асабіста недарэчным падаецца ўпарта адмаўляць блізкасьць, хаця на кожную праяву блізкасьці набярэцца добры стос і адрозьненьняў. Куды больш разумным і гістарычна абгрунтаваным выглядае адказ — ну так, блізкія, і што з гэтага вынікае? А ў дзяржаўным сэнсе з гэтага не вынікае нічога.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG