Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэсэнджэр WhatsApp з амаль мільярдам карыстальнікаў стаў бясплатным


Раней за яго даводзілася плаціць 1$ на год, але Facebook палічыў гэта перашкодай для росту.

Самая папулярная праграма для перапіскі ў сьвеце, мэсэнджэр WhatsApp стаў бясплатным, паведамляецца ў карпаратыўным блогу. На сёньня мэсэнджэр даступны для Android, iOS, Windows Phone і іншых мабільных плятформаў, але так і не зьявіўся ў вэрсіі для настольных кампутараў.

У 2013 годзе кампанія ўвяла плату ў 0,99$ на год (першы год быў бясплатным), але з новым уладальнікам, Facebook (які купіў WhatsApp за 19 млрд даляраў у 2014-м), зноў вярнуўся да бясплатнай мадэлі распаўсюду.

«Як мы вырасьлі, мы выявілі, што гэты [платны] падыход не працаваў добра. Многія карыстальнікі WhatsApp не валодаюць дэбэтавай або крэдытнай картай, і яны занепакоеныя тым, што губляюць доступ да сваіх сяброў і сям’і пасьля першага году. Таму на працягу наступных некалькіх тыдняў мы выдалім аплату ў розных вэрсіях нашай праграмы WhatsApp і больш ня будзем спаганяць плату за нашы паслугі».

Як будзе зарабляць мэсэнджэр цяпер, дакладна не вядома. Кампанія сьцьвярджае, што ня будзе ўводзіць у мэсэнджэр рэкляму, і мае наступную ідэю:

«Пачынаючы з гэтага году, мы будзем тэставаць інструмэнты, што дазваляюць выкарыстоўваць WhatsApp, каб мець кантакт з прадпрыемствамі і арганізацыямі, што вы хочаце пачуць. Гэта можа азначаць камунікацыі з вашым банкам пра тое, ці не ашуканскімі былі нядаўнія пераводы, або з авіякампаніяй аб затрымцы рэйсу. Сёньня мы атрымліваем ўсе гэтыя паведамленьні ў іншым месцы — з дапамогай тэкставых паведамленьняў і тэлефанаваньняў — таму мы хочам правесьці тэсты новых інструмэнтаў, каб зрабіць гэта лягчэйшым на WhatsApp, у той жа час даючы вам досьвед без староньняй рэклямы і спаму».

Да гэтага моманту WhatsApp выбіваўся на фоне канкурэнтаў сваёй платнасьцю — астатнія папулярныя сродкі для перапіскі былі бясплатнымі ў базавай вэрсіі, хоць і мелі платныя дапаўненьні альбо рэкляму ў бясплатнай вэрсіі.

WhatsApp цяпер мае больш за 900 млн актыўных карыстальнікаў штомесяц, па паведамленьнях кампаніі, амаль мільярд. Таксама больш за 800 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц, мае Facebook Messenger, праграма ўладальніка WhatsApp. Можна сьмела казаць пра дамінаваньне Facebook/WhatsApp у сьвеце мэсэнджэраў — найбліжэйшы канкурэнт, кітайскі WeChat, мае толькі 600 млн актыўных штомесяц карыстальнікаў (і гэта пры тым, што Facebook у Кітаі заблякаваны).

Беларуска-ізраільскі Viber, які цяпер належыць японскай кампаніі Rakuten (яго ў 2014-м годзе купілі за 900 млн даляраў), мае каля 250 млн актыўных штомесяц карыстальнікаў, 212 млн мае карэйскі Line. Некалі надзвычай папулярны Skype (які ў 2011 годзе за 8,5 млрд даляраў набыў Microsotf) мае толькі крыху больш, каля 300 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц. Яшчэ ранейшы лідэр, ICQ (які ў 2010 годзе за 187,5 млн даляраў купіла Mail.ru) цяпер мае толькі каля 10 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц.

Хоць WhatsApp надзвычай папулярны, ён не асабліва бясьпечны. Існуе цэлы шэраг бясьпечных мэсэнджэраў, якія цяжэй узламаць і зламысьнікам, і спэцслужбам. Сярод такіх і параўнальна папулярны ў Беларусі Telegram Паўла Дурава, які на сёньня мае 50 млн актыўных штомесяц карыстальнікаў па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG