Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магерыні: фокус на ўкраінскіх рэформах не азначае завяршэньне ціску на Расею


Фэдэрыка Магерыні
Фэдэрыка Магерыні

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заяўляе, што засяроджваньне Эўразьвязу на ўкраінскіх рэформах не азначае завяршэньне ціску на Расею.

«Эўрапейскі зьвяз ня першы раз настолькі выразна і сфакусавана засяродзіўся на пытаньнях рэформаў, якія праводзіць Украіна. Аднак гэта не азначае, што фокус ссоўваецца зь ціску на Расею на ціск на Ўкраіну», — сказала яна.

«Мы заўсёды казалі і працягваем заяўляць, што менскія пагадненьні павінны быць цалкам рэалізаваныя абодвума бакамі. І, як вы ведаеце, выразным сыгналам таго, што мы прытрымліваемся гэтай пазыцыі, было рашэньне апошняй Рады ЭЗ аб працягу санкцыяў у дачыненьні да Расеі», — дадала Магерыні.

У той жа час галоўны дыплямат Эўразьвязу заўважыла, што ЭЗ «прызнае надзвычайную і выключную працу, якая праводзілася ўкраінскімі ўладамі ў апошнія месяцы».

«Аднак хочам пераканацца ў тым, што гэты працэс будзе ўстойлівым і будзе працягвацца далей», — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі.

Асаблівую ўвагу дыпляматы зьвярнулі на неабходнасьць працягу рэформы прававой сыстэмы, дзяржкіраваньня, дэцэнтралізацыі. Рэформы павінны працягвацца, асабліва ўлічваючы ўступленьне ў сілу зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ, кажуць яны.

Дапамога Ўкраіне павінна ажыцьцяўляцца больш скаардынаванымі дзеяньнямі паміж ЭЗ і краінамі-чальцамі, дадае Магерыні.

Захад і Ўкраіна абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе і невыкананьні менскіх пагадненьняў. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае і таксама заяўляе, што ня мае ніякіх абавязацельстваў па менскіх пагадненьнях, паколькі падпісвала іх не як удзельнік, а як «гарант», і ня мае намеру выконваць дасягнутыя дамоўленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG