Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная блякада Крыму зробіць акупацыю «яшчэ даражэйшай»


Крым, 17 студзеня 2016
Крым, 17 студзеня 2016

Эканамічная і гандлёвая блякада Крыму з гэтага часу адбываецца на дзяржаўным узроўні: ўступіла ў сілу адпаведная пастанова ўраду аб абмежаваньні паставак тавараў і паслуг на акупаваную тэрыторыю.

Актывісты грамадзянскай блякады паўвыспы, са свайго боку, заяўляюць, што з гэтага часу ня будуць спыняць і правяраць транспарт, а толькі сачыць, наколькі якасна гэта робіць памежная служба. Украінскія палітолягі і эканамісты лічаць, што такое ўрадавае рашэньне даўно насьпела. Пра гэта — ў рэпартажы ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Экспэрты адзначаюць, што ўкраінскія галіны эканомікі, якія абслугоўвалі анэксаваны Крым, змогуць хутка пераарыентавацца на іншыя рынкі. У той жа час такое афіцыйнае абмежаваньне павялічыць цану анэксіі Крыму для Расеі, а ў пэрспэктыве можа дапамагчы дэакупацыі паўвострава.

У Крым можна завозіць толькі узгодненую з урадам гуманітарную дапамогу, а прыватным асобам — важнейшыя прадукты харчаваньня, да 50 кіляграмаў на чалавека, гаворыцца ў пастанове ўкраінскага ўрада, якая ўступіла ў сілу 17 студзеня.

Пастанова не забараняе пастаўкі ў Крым электраэнэргіі, калі ёсьць адпаведнае рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, і дазваляе вываз з Крыму асобных тавараў, калі мінэканомікі прызнае іх стратэгічна важнымі для Ўкраіны. Экспэрты не выключаюць, што гэтае ўдакладненьне ўрад зрабіў для дыяксіду тытану, які вырабляе прадпрыемства «Крымскі тытан» Дзьмітрыя Фірташа, і які затым выкарыстоўваецца ў абароннай прамысловасьці Ўкраіны і ідзе на экспарт у шэраг краінаў.

Прадстаўнікі крымскіх татараў, якія падтрымліваюць блякаду, адзначаюць, што ў цэлым такі афіцыйны парадак абмежаваньняў таваразвароту іх задавальняе, і яны мяняюць фармат грамадзкай блякады.

З гэтага часу ўдзельнікі грамадзянскай блякады спыняць правяраць транспарт, а будуць толькі назіраць, наколькі добрасумленна гэта робяць памежнікі. На пунктах пропуску актывісты абсталююць вагончыкі для назіральных пастоў, заявіў у размове з журналістамі каардынатар грамадзянскай блякады Крыму Ленур Іслямаў. Ён чакае, што актывісты пройдуць пэўныя навучаньне пры спрыяньні мытнікаў і памежнікаў.

Удзельнікі гандлёвай блякады паўвострава, якая працягвалася зь верасьня мінулага году, ад самага пачатку патрабавалі афіцыйнага спыненьня гандлю з аннэксаваным Расеяй Крымам.

У лістападзе 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся з прапановай у Кабінэт міністраў аб спыненьні таваразвароту з паўвостравам, і 16 сьнежня зьявілася пастанова Кабінэту міністраў, якая ўступіла ў сілу празь месяц.

Рэфат Чубараў і Мустафа Джамілеў
Рэфат Чубараў і Мустафа Джамілеў

З гэтага часу блякада залежыць ад дзеяньняў улады і памежнікаў, а грамадзкасьць будзе толькі кантраляваць якасьць гэтай працы, адзначыў у размове з журналістамі Рэфат Чубараў, старшыня Мэджлісу крымска-татарскага народу і дэпутат Вярхоўнай Рады ад «Блёку Пятра Парашэнкі».

«Ці будзе кантрабанда паміж Крымам і мацерыковай Украінай — зараз ужо залежыць ад улады. Цяпер вельмі лёгка кантраляваць рух тавараў на паўвостраў па сушы. А каб не было такой спакусы, мы працягваем грамадзкі кантроль, — абяцае лідэр Мэджлісу. — Але мне здаецца, што цяпер ва ўладзе няма людзей, якія гатовыя спрыяць кантрабандзе, таму што гэта імгненна выкліча грамадзкі рэзананс ».

З моманту анэксіі Крыму расейскія і заходнія эканамісты канстатавалі, што ўтрыманьне акупаванага паўвострава абыходзіцца Расеі прыкладна ў тры мільярды даляраў у год.

Паколькі эканамічная блякада гэтай тэрыторыі стала афіцыйнай, цана акупацыі для Расеі працягне расьці, адзначае эканаміст, былы віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Уладзімер Ланавы.

Ён ўхваляе ўрадавую пастанову аб абмежаваньні таваразвароту з Крымам і дадае, што Ўкраіна ні ў якім разе не павінна датаваць Крым, пакуль ён будзе знаходзіцца пад расейскім кантролем.

«Нарэшце бачым лёгіку ў эканамічнай палітыцы ўраду ў адносінах з акупаванымі тэрыторыямі і з Расеяй у цэлым. Пра любыя формы эканамічнага супрацоўніцтва зь дзяржавай-агрэсарам ня можа быць і гаворкі. Ні ў гандлі, ні ў сфэры паслугаў, ні адносна маёмасных правоў. Зьвернем увагу, Украіна ўвяла санкцыі супраць Расеі, але яшчэ не дайшла да таго ўзроўню, які маюць санкцыі ЗША, таго ўзроўню, якога ўкраінскі бок патрабуе ад эўрапейскіх партнэраў» — адзначае Ланавы.

Эканаміст мяркуе, што афіцыйная блякада Крыму паўплывае перш за ўсё на энэргетыку і аграрны сэктар, але гэта ўплыў не будзе разбуральным. На думку Ланавога, доля таваразвароту з Крымам у агульнай структуры ўкраінскай эканомікі была нязначнай, таму гэтыя галіны пераарыентуюцца: энэргетыкі паменшаць нагрузку на асобныя энэргаблёкі, і атрымаюць магчымасьць адмаўляцца ад імпартных газу і мазуту з паступовай заменай іх на аднаўляльныя крыніцы энэргіі. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то для яго нескладана замяніць крымскі рынак афрыканскімі і азіяцкімі, заключае аналітык.

Расея будзе рабіць нейкія крокі для таго, каб незалежна ад Украіны наладзіць пастаўкі тавараў і электраэнэргіі ў Крым, але гэта будзе вельмі дорага, таму Крым стане яшчэ больш датацыйным рэгіёнам, адзначае намесьнік дырэктара крымска-татарскага тэлеканалу АТР Айдэр

. Аднак, паводле Муждабаева, праўкраінскія жыхары паўвострава, у прыватнасьці крымскія татары, ўспрымаюць блякаду як элемэнт барацьбы за вызваленьне Крыму ад акупацыі і гатовыя трываць.

«На мінулым тыдні зьнікла 16-гадовая дзяўчынка, крымская татарка. Проста сышла з хаты ў інстытут і не вярнулася. Да гэтага зьнікалі мужчыны, такіх выпадкаў шмат. Таму крымскія татары блякаду ўспрымаюць як барацьбу за свае правы. Гэтак жа там ёсьць людзі, якія заўсёды лічылі, што Ўкраіна для іх — „жаданая краіна“. Тыя ж, хто лічылі, што іх Расея ўратуе, накорміць і зробіць іх багатымі і шчасьлівымі — яны, вядома, зараз зьбянтэжаныя. Але яны свайго меркаваньня праз блякаду не зьмянілі» — тлумачыць Айдэр Муждабаеў.

Палітоляг Аляксандар Палій лічыць, што ўкраінская ўлада не павінная баяцца нэгатыўных настрояў крымчанаў, зьвяртаючыся да тых ці іншых абмежаваньняў, бо ў выніку, на яго думку, падобныя элемэнты эканамічнага ціску на Расею спрыяць дэакупацыі паўвострава.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Дэакупацыя Крыму, а таксама непадкантрольных раёнаў Данбасу, зьяўляецца прыярытэтам «нумар адзін» нацыянальнай палітыкі — заявіў на сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Пытаньне вяртаньня Данбасу і Крыму Парашэнка абяцае вырашаць перш за ўсё палітыка-дыпляматычным і міжнародна-прававым шляхам. Экспэрты не выключаюць, што адным з элемэнтаў гэтай стратэгіі можа стаць падвышэньне для Расеі кошту ўтрыманьня Крыму для Расеі з дапамогай блякады і іншых мерапрыемстваў, што, у сваю чаргу, ўзмоцніць будучую перамоўную пазыцыю Ўкраіны адносна статусу паўвострава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG