Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На месцы легендарнага Задзіночаньня беларускіх студэнтаў адкрылася кавярня, якая адмаўляецца абслугоўваць Барака Абаму


На паліцах у кавярні «Чай. Кофе. Потанцуем» стаяць кнігі з былога офіса найбуйнейшай студэнцкай арганізацыі. У 2010-м іх не забраў КДБ.

Новая кавярня працуе на Дарашэвіча, 4. Доўгія гады ў гэтым памяшканьні разьмяшчаўся офіс Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Пазьней — менскае прадстаўніцтва тэлеканалу «Белсат». Інтэр’ер кавярні мала чым адрозьніваецца ад звычайных менскіх, хіба што ўладальнікі і супрацоўнікі моцна захапляюцца разнастайнымі надпісамі і маюць адмысловае пачуцьцё гумару.

На дошцы аб’яваў вісіць і такая: «У сувязі з увядзеньнем санкцыяў ЗША адносна РФ мы ўводзім санкцыі ў адказ. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і члены яго сям’і пазбаўленыя права абслугоўваньня ў нашай установе». Яшчэ адзін надпіс: «Хто ня выкінуў за сабой кубак, той Канчыта Вурст».

«Шок і трымценьне» — апісвае пабачанае прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Міхась Янчук. — Аказваецца, будучыня не заўжды лепшая за мінуўшчыну».

Міхась Янчук

Міхась Янчук

Офіс тэлеканалу «Белсат» месьціўся тут два гады — з 2008 па 2010. Тады гэтае памяшканьне яшчэ было звычайнай трохпакаёвай кватэрай.

«Мы перажылі тут некалькі спробаў уварваньня міліцыі. І ўсе гэтыя спробы былі адбітыя, — згадвае Міхась. — Адзін раз, праўда, нашага журналіста забралі абсьледаваць на прадмет цьвярозасьці, але ён быў, натуральна, цьвярозы і нават на суткі ня сеў.

25 сьнежня 2010 году, калі мы ўжо адсюль практычна зьехалі, гэтую кватэру ўзяў штурмам КДБ, — кажа Міхась. — Яны нават не прыяжджалі вытрасаць ключы, а проста расьпілавалі дзьверы дыскавай пілой. Усярэдзіне знайшлі крыху кніжак, якія цяпер стаяць на гэтых паліцах. Гэта, магчыма, адзіны акцэнт добрых старых часоў».

Як прывітаньне ўварванцам тады ў офісе пакінулі друкарскую машынку з надпісам па-ангельску «Specially for you» і фірмовай стужкай «Белсат».

«Ужо было зразумела ў тыя дні, што аднымі затрыманьнямі не абыдзецца, — распавядае Янчук. — Было ясна, што яны пойдуць па рэдакцыях. Таму мы пачалі вывозіць абсталяваньне, і фактычна ўсё пасьпелі. Застаўся пыласос, 40-гадовая старая друкарка і кніжкі. Мы ў друкарцы пакінулі гэтую паперку з надпісам, стужачку і яшчэ, здаецца, батончык „Сьнікерса“, які ў мяне ў кішэні валяўся».

Міхась Янчук прыехаў у кватэру а пятай гадзіне ранку 25 сьнежня 2010 году. Застаў апячатаныя КДБ дзьверы, ускрытыя дыскавай пілою.

«І, мабыць, вельмі задаволенага кадэбэшніка, якому дасталася такая файная друкарка», — жартуе Янчук.

Доўгія гады ў гэтым памяшканьні знаходзіўся і офіс найстарэйшай студэнцкай арганізацыі — Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Створаную ў 1992 годзе арганізацыю ліквідавалі ў 2001-м па рашэньні суду. У розныя гады старшынямі ЗБС былі Ігар Міхно, Алесь Міхалевіч, Крысьціна Сідун, Вольга Кузьміч і іншыя. ЗБС выдавала часопіс «Студэнцкая думка».

Лёс памяшканьня выглядае пакручастым, але вядома, што з жылога фонду яго вывелі зусім нядаўна. Кавярня працуе там з канца мінулага году. Як сказана ў інтэрвію дырэктара «Чай. Кофе. Потанцуем» рэсурсу «Онлайнер», установа пазыцыянуе сябе як студэнцкая — побач будынкі БНТУ. Атрымаць ад уладальнікаў «Чай. Кофе. Потанцуем» камэнтар наконт таго, ці надпісы на ўваходзе ў кавярню — гэта іхняя афіцыйная пазыцыя, пакуль не ўдалося.

Інтэр'ер кавярні

Інтэр'ер кавярні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG