Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы ўсе так памром», — магілёўскія бамжы пра сьмерць свайго субрата


Памерлы бомж Анатоль, архіўнае фота

Памерлы бомж Анатоль, архіўнае фота

У Магілёве загінуў ад холаду герой некалькіх свабодаўскіх рэпартажаў бомж Анатоль. Пражыў ён 63 гады. Зь іх больш за дзесяць бадзяўся, ня маючы ўласнага кутка.

Як паўплывалі на жыцьцё бадзяг новыя беларускія эканамічныя рэаліі? Ці лёгка цяпер знайсьці ім спажыву? Як яны пакутуюць і паміраюць?

Бомж Анатоль, архіўнае відэа:

Пра сьмерць Анатоля апавёў ягоны прыяцель, таксама бомж, Віктар. Ён разам з Анатолем абжыў памяшканьне для тэхнічных патрэбаў у адным з гарадзкіх мікрараёнаў. Скарчанелае цела прыяцеля Віктор знайшоў у ягоным закутку.

«Я зайшоў сюды, гляджу — ляжыць на сваёй ляжанцы. Я яму: „Толя, Толя“, а ён ужо скарчанелы, — згадвае абставіны сьмерці прыяцеля Віктар. — Колькі ён гэтак праляжаў, сказаць не магу, бо, як маразы былі навагоднія, дык у пад’езьдзе ці падвале перабываў. Міліцыю выклікаў. Пратакол склалі і забралі цела ў морг, відаць. На нас звычайна асабліва не зьвяртаюць увагі».

Памерлы бомж Анатоль, архіўнае фота

Памерлы бомж Анатоль, архіўнае фота

Пра сьмерць Анатоля Віктар апавядае будзённа, без асаблівых эмоцыяў. Кажа, што такі сыход для бамжа заканамерны. Заўважае: «Тут і маладыя паміралі. Перап’юць, або без алькаголю замерзнуць. Такіх выпадкаў нямала, асабліва калі маразы дужыя».

Звалі замерзлага бадзягу Пракопаў Анатоль Сямёнавіч. Паводле яго самога, бамжаваў ён больш за дзесяць гадоў. Пры сабе заўжды меў Біблію. На адным з фатаздымкаў ён трымае яе ў сваіх брудных руках.

Апошнія некалькі дзён, паводле ягонага прыяцеля Віктара, Анатоль дужа піў. У яго балелі нутро і ногі:

Бомж Віктар

Бомж Віктар

«Што ён піў — ня ведаю. Піў усё, што гарыць. І парфумэрыю, і з аптэкі, гарэлку ды віно. Купляў тое, на што хапала грошай. Вось выпіў і замерз. Са здароўем у яго было кепска, — кажа Віктар і, падумаўшы, дадае: «Бамжы жывуць з таго, што знойдуць: жалеза, папера. І трымаюцца паасобку адзін ад аднаго. Як ваўкі».

Памерці бомж можа ня толькі ад холаду і алькаголю, а і ад зьбіцьця, кажа Віктар. У сьвяты, напрыклад, ён пазьбягае выходзіць на людзі.

«Бамжам жа перападае больш, чым каму, — кажа суразмоўнік. — Мы ж людзі неабароненыя. Нехта ставіцца да бамжоў па-людзку. Пяцёрку, дзясятку дасьць. А нехта морду наб’е, і часта такое здараецца. Б’юць нас, бо п’яныя, асабліва падлеткі. Яны ненавідзяць бамжоў. Іншым разам б’юць бязь літасьці. Моладзь ёсьць моладзь».

Бомж Віктар

Бомж Віктар

Сам Віктар бамжуе ад 1999 году. Кажа — вымусілі сямейныя абставіны. Да бамжаваньня жыў у Быхаўскім раёне.

«Прыехаў у свой родны горад. Тут я нарадзіўся і памру. З такога жыцьця, як маё цяперашняе, я ня выбаўлюся. Прасьвету я для сябе ня бачу», — гэтак жа будзённа, як і пра сьмерць Анатоля, кажа пра сваё далейшае жыцьцё Віктар.

«Ёсьць тут начлежка. Я там перабываў два месяцы, — працягвае магілёўскі бадзяга. — Там дужа жорсткія ўмовы. Сто грамаў выпіў, тры папярэджаньні — і выправоджваюць. Пазьніцца нельга. У восем раніцы пад’ём, і да васьмі вечара ты свабодны. Хочаш — працуй, хочаш — падпрацоўвай. Некага ўладкоўваюць на працу. Я дык пэнсіянэр, што мне».

Віктар зьбірае на сьметніках звыклую для бамжоў спажыву — харчы, мэталалом. На пытаньне, ці сталі людзі, на ягоную думку, жыць бядней — мяркуючы па тым, што знаходзіць у баках, — адказвае: раней было лепш, але і цяпер не бяды:

«І добрыя харчы выкідаюць: хлеб, каўбасу, сала, розныя кансэрвы. Нехта з душком ужо выкідае, а нешта — цалкам ядомыя прадукты. Паляжалі яны не ў лядоўні дзень ці два, і людзі брыдзяцца гэтага і выкідаюць».

Бомж Юры Іванавіч (архіўнае фота)

Бомж Юры Іванавіч (архіўнае фота)

Непадалёк ад жытла Віктара і Анатоля знайшоў сабе аселішча яшчэ адзін даўні герой свабодаўскіх сюжэтаў Юры Іванавіч. 31 сьнежня яму споўнілася 77 гадоў. Жыве стары ў каналізацыйнай бэтоннай трубе ўжо не адзін год. Там журналіст і адшукаў яго. Вылезьці з свайго прытулку Юры Іванавіч не захацеў. Кажа, баляць ногі. Калі прынясе журналіст яму хлеба і цыгарэт, то, паабяцаў, расплаціцца шасьцю знойдзенымі сталовымі нажамі.

На пытаньне, як здароўе, стары адказвае:

«Кепска. Пахваліцца няма чым. Я ўжо два дні ня еў нічога. Хлеба няма. Я не вылажу адсюль. Ног нешта сваіх не адчуваю. Павярнуцца не магу. Вось якая ў мяне праблема. Мо хвароба сама пройдзе. Тут мне ня дужа халодна, я шубай накрыўся», — апавядае з трубы пра сваё жыцьцё Юры Іванавіч.

Завеяная дарога да трубы старога бамжа

Завеяная дарога да трубы старога бамжа

Стары кажа, што ім апякуецца пэнсіянэр, які жыве непадалёк. Прыносіць ежу. Пра сьмерць Анатоля ведае. Адзначае, што знайшлі ягонае скарчанелае цела 2 студзеня, у самыя маразы.

Сын Юрыя Іванавіча, які, паводле яго, жыве ў Магілёве, два гады не адведвае бацькі.

Стары лічыць, што цяпер людзі сталі жыць бядней, і бамжам цяжэй знаходзіць сабе спажыву.

«Распладзілася больш бедных. Бядней стаў жыць народ. Цяпер ужо мала выкідаюць людзі. Выкідаюць цяпер тое, што каты не ядуць. Раней кідалі і мяса, і каўбасы. А цяпер ужо нічога такога не выкідаюць», — заяўляе бомж з трыццацігадовым стажам.

Свой дзень народзінаў Юры Іванавіч адзначыў у сваёй трубе. Нікуды не хадзіў.

«Прыгадваў сваіх родных. Большасьць зь іх памерлі. Браты былі і сёстры, дык паўміралі. Нікога не засталося. Я застаўся адзін».

У глыбіні трубы і жыве Юры Іванавіч

У глыбіні трубы і жыве Юры Іванавіч

Да перасяленьня ў трубу Юры Іванавіч жыў у цеплатрасе. Пазбавілі старога цёплага жытла пасьля таго, як адзін зь бяздомных абадраў на цеплатрасе ізаляцыю. Камунальнікі тады перакрылі лаз у яе.

Пра сьмерць суседа Анатоля стары згадаў, як і Віктар, без асаблівых эмоцыяў. Адзначыў, што пахавалі яго, хутчэй за ўсё, у адной зь безыменных магіл на «Лаўсанаўскіх» могілках. Як памёр Анатоль, паводле Юрыя Іванавіча, некалькі дзён запар месца, дзе ён жыў, адведвала ягоная прыяцелька, таксама бамжыха.

На найвялікшых у Магілёве Паўднёва-ўсходніх могілках (у народзе іх называюць «Лаўсанаўскія»), на адмысловай дзялянцы — сотні безыменных магіл. Хаваюць «бязродных» партыямі, ад двух да чатырох чалавек у месяц. Радзей — аднаго. Па памерлым бамжы памінак ня ладзяць. Калі не знаходзяцца сваякі, то за магілай прыглядаюць толькі працаўнікі могілак.

Паведамленьні пра сьмерць бамжоў у афіцыйных СМІ зьяўляюцца надта рэдка. Звычайна ўзімку, калі лютуюць маразы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG