Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Ўліцкая: Расею ад масавых рэпрэсій аддзяляе «тонкая перагародка»


Людміла Ўліцкая

Людміла Ўліцкая

Вядомая расейская пісьменьніца Людміла Ўліцкая лічыць, што нядаўна агучанае кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым вызначэньне апазыцыі ў Расеі як «ворагаў народу» і «здраднікаў» зьяўляецца сыгналам для шырокай хвалі рэпрэсій уладаў супраць іншадумства і ўсіх тых, хто не пагаджаецца з цяперашнім палітычным курсам Крамля.

Гэткім чынам Уліцкая камэнтуе выступ Кадырава перад журналістамі ў Грозным 12 студзеня, у якім ён таксама назваў дзейнасьць пазасыстэмнай расейскай апазыцыі «прыдуманай западнымі спэцслужбамі гульнёй».

Група расейскіх праваабаронцаў і дзеячаў мастацтва пачала збор подпісаў з патрабаваньнем неадкладнага зьняцьця Кадырава з пасады. Адпаведную заяву яны апублікавалі на сайце Кангрэсу расейскай інтэлігенцыі.

У дакумэнце праваабаронцы заяўляюць, што «факт пагрозаў з боку кіраўніка выканаўчай улады суб’екта фэдэрацыі на адрас часткі грамадзянскай супольнасьці Расеі недапушчальны ня толькі ў маральных, але і ў прававых адносінах». У дакумэнце адзначаецца таксама, што «абвінавачваньне ў здрадзе і падрыўной дзейнасьці толькі за ўдзел у мірнай грамадзка-палітычнай актыўнасьці носіць характар наўпроставай пагрозы».

Адна з падпісантаў заявы — Людміла Ўліцкая, дала інтэрвію Радыё Свабода.

Людміла Ўліцкая: Наогул, я не люблю калектыўныя лісты, але атрымліваецца так, што ўвесь час іх падпісваю. Сама гэтая форма мне ўяўляецца крыху састарэлай, нешта такое шасьцідзясятніцкае ў гэтым ёсьць. Такія лісты, як мне ўяўляецца, звычайна вельмі малаэфэктыўныя. Але тым ня менш неабходнасьць выказацца з гэтай нагоды, несумненна, насьпела. Вядома, хацелася б, каб ліст дайшоў да кіраўнікоў нашай краіны, але я думаю, што найбольш важны адрасат тут — расейцы, якія не адрэагавалі на гэты знакавы выраз, «ворагі народа», а я на яго адрэагавала. Таму ўрэшце мне ня столькі важна, на які высокі адрас патрапіць гэты ліст, колькі важна, каб грамадзтва адрэагавала на гэтае слова, якое даўно ў Расеі не прамаўлялася з такой упэўненасьцю. Вось прычына, чаму я гэты ліст падпісала, чаму я не лічыла магчымым не падпісваць такога роду ліст.

Ён проста забягае на крок наперад і апавяшчае тое, што наша ўлада сёньня яшчэ саромеецца сказаць.

Кодавае слова было вымаўленае Кадыравым, але ў мяне ствараецца такое ўражаньне, што ён проста забягае на крок наперад і апавяшчае тое, што наша ўлада сёньня яшчэ саромеецца сказаць. Таму што ўся дзейнасьць расейскай улады апошніх гадоў, усе забароны, таўро «замежных агентаў» і «непажаданых арганізацый» — усё гэта зашыфравана зьмяшчае ў сабе гэты выраз: «ворагі народу». Мяне, як ўнучку «ворага народу», гэта надзвычай турбуе. Мы дайшлі да таго моманту, калі засталася вельмі тонкая перагародка, якая аддзяляе сёньняшні дзень, калі рэпрэсіі ў Расіі адзінкавыя і досыць сьціплыя, ад часу, калі яны будуць масавымі.

РС: Вы сказалі, што Рамзан Кадыраў часта прамаўляе тое, што расейская ўлада толькі думае, ці тое, што яна скажа заўтра. Як пісьменьніку, якім вам уяўляецца гэты мэханізм яго рэагаваньня? У Кадырава такое неверагоднае палітычнае чуцьцё на тое, што трэба сказаць, ці ён ловіць подых палітычнага паветра, цень загадаў з цэнтра? Вам зразумелы мэханізм?

Яго нельга зьняць, таму што Кадыраў і ёсьць сэрца гэтага арганізму.

Людміла Ўліцкая: Вы ведаеце, я думаю, што ў Кадырава той псыхатып, які проста прызначаны для такога кіраваньня. Будучы чалавекам усё ж такі усходнім, з пэўнай лёгікай паводзінаў, ён ёю і кіруецца. Трэба сказаць, што ўсходнія кіраўнікі — ня першы эпізод у нашай гісторыі апошніх ста гадоў: з адчуваньнем сьвету, які ляжыць у тваіх руках і якім ты можаш цалкам кіраваць. Кадыраў гэтай лёгікі і прытрымліваецца, ён адчувае сябе царом, ён адчувае сябе цалкам беспакараным, законы для яго — цацка. Але на самой справе яго лёгіка кіраваньня па-за законам — гэта і лёгіка паводзін нашай вялікай дзяржавы. Я думаю, што гэта такая маленькая мадэль, якая апярэджвае сыстэму, Кадыраў ідзе на крок паперадзе. Я думаю, што яго ніколі не зьнімуць з пасады менавіта па гэтай прычыне — яго нельга зьняць, таму што Кадыраў і ёсьць сэрца гэтага арганізму. Кадыраў ўсё робіць правільна з пункту гледжаньня ўлады, проста ён сабе дазваляе сказаць тое, што ўлада саромеецца сказаць.

РС: Ёсьць супярэчлівы прыклад спробы супрацьстаяньня Рамзану Кадыраву: гаворка ідзе пра Краснаярскага дэпутата Канстанціна Сенчанку, які спачатку адкрыта выступіў супраць яго словаў, а потым пад відавочным ціскам ганцоў Кадырава папрасіў прабачэньня. Вось вы падпісалі гэта калектыўны ліст, кінулі выклік, калі хочаце, Рамзану Кадыраву. Ці не баіцеся наступстваў?

Я не хачу жыць з адчуваньнем страху.

Людміла Ўліцкая: Я дастаткова немалады чалавек, і ў гэтыя гульні больш не хачу гуляць. Я не хачу жыць з адчуваньнем страху. Не хачу сказаць, што ў мяне яго няма, але я ня буду ў сваіх паводзінах кіравацца страхам. Гэта адзінае, што я магу зрабіць. Страх сядзіць у кожным з нас (дарэчы, неабавязкова ў постсавецкіх людзях, таму што страх — гэта мэханізм, які дапамагае чалавеку выжываць). Але тым ня менш не хачу жыць, адчуваючы страх ад таго, што я раблю ўчынкі, якія лічу правільнымі. Так, відаць, усе мы апынаемся ў зоне рызыкі. Але я даўно ўжо ў зоне рызыкі, таму неяк з гэтым часткова прымірылася.

Згаданы ў размове дэпутат Краснаярскага гарадзкога савету Канстанцін Сенчанка 14 студзеня назваў Рамзана Кадырава «ганьбай Расеі». 15 студзеня Сенчанка заявіў, што ў ходзе гутарак з «прадстаўнікамі чачэнскага народа» ён «пераканаўся ў аўтарытэце» Рамзана Кадырава і ў тым, што чачэнскі народ «крыўдзіцца» на крытыку ў яго адрас. У сеціве зьявілася відэа з прабачэньнямі Сенчанкі.

XS
SM
MD
LG