Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кажуць, расеец Зюганаў абрадаваўся з нагоды цяперашняга году чырвонай малпы. Родны колер! І такое табе супадзеньне: якраз дыскусія ўспыхнула пра «чырвонага чалавека».

Вы самі не зьдзівіліся яго зьяўленьню? Даволі нечаканаму. Мы ведалі пра чырвоных і белых, і пасьпелі аб іх забыцца. Яны існавалі ў савецкім кіно пра вайну 1918-20 гадоў. Альбо ў анэкдотах пра Васіля Іванавіча. І раптам пры канцы 2015-га столькі размоў вакол аднаго «чырвонага», які мае ўвасабляць мільёны. У галаве не ўкладалася: нейкая нацяжка, штучнасьць.

Канечне, для пісьменьніка заўсёды важна прыдумаць штосьці сваё — горад, краіну, людзей. Але акрэсьліць назву, каб здавалася ўдалай, каб здавальняла, заўсёды няпроста. Я з «чырвоным чалавекам» сутыкнуўся ў 2013-м: у інтэрвію з пісьменьніцай яго імя магло ў пытаньнях і адказах трапляцца паўтара дзясятка разоў. Такі густы замес.

Відавочна, што Сьвятлана Алексіевіч прысьвяціла творчасьць фэномэну савецкага чалавека. Як сапраўдны мастак, яна ставілася да яго, ня ведаю, са спагадай, са спачуваньнем. Разумела яго. Прынамсі яшчэ зусім нядаўна між іншым, пахваляла беларусаў за савецкасьць.

Ня вельмі веру, што нехта можа скласьці падрабязны плян, а затым напісаць трылёгію паводле яго. Ці пэнталёгію. Выпадак Алексіевіч якраз вельмі жыцьцёвы. Напісаўшы свае кнігі, яна азірнулася назад, на зробленае, і тады ў яе магла ўзьнікнуць думка «пафарбаваць» сваіх герояў. Патрэбна было назваць іх неяк адметна, па-свойму. Проста «рускія людзі», аб якіх яна пісала, пачынала гучаць, як ні дзіўна, не зусім паліткарэктна.

І тут адбылося тое, што можна назваць пэўным цудам. Але такія цуды здараюцца ў выніку зьбегу акалічнасьцяў. Намаганьні пісьменьніка, з аднаго боку, падмацоўваюцца жыцьцём. Сьвятлана Алексіевіч прыдумвае свайго чырвонага чалавека, і ён раптоўна выходзіць на сцэну. Паказвае сваё сапраўднае нутро, агрэсіўную морду. Праект «Наваросія» і вакол яго.

Так узьнік брэнд.

Калі ўявіць іншае: РФ працягвае карыстацца несусьветнымі прыбыткамі, дабрабыт расейцаў паляпшаецца надалей, Пуцін, уратаваўшы амурскіх тыграў пры дапамозе Ды Капрыё, пераключаецца на белых мядзьведзяў Арктыкі, кітоў у антарктычных водах, анэксія Крыму яго не цікавіць, гібрыдная вайна ва Ўкраіне не пачынаецца… Чырвоны чалавек Алексіевіч выглядае надуманай мянушкай. Брэнд глядзіцца блякла, а таму і брэндам не становіцца.

Аднак усё пайшло інакш — так, як адбылося. Больш за тое, чырвоны чалавек лезе на ражон. І Нобэлеўскі камітэт ацаніў яго.

І цяпер чырвоны чалавек будзе заўсёды.

Дагэтуль доўга на слыху былі «чырвоныя кхмэры». Але пра іх паступова сталі забывацца, і на Захадзе ў выніку вельмі добра пайшоў «red man». Хаця чырвоных у сьвеце і бяз кхмэраў, а таксама кніжных людзей Алексіевіч, хапае. Існуюць «такога колеру» скінхэды, прычым у краінах капіталістычных. А наогул чырвонымі людзьмі ў сьвеце лічаць тых (калі верыць інтэрнэту), у якіх у жыцьці дэвіз — свабода і ўлада! Былі яшчэ, як вядома, так званыя чырвоныя брыгады.

Урэшце адкрыта прапануецца тур у Намібію, паглядзець на чырвоных людзей Афрыкі, забясьпечваецца рускамоўны гід, чаявыя спадарожным і пагоншчыкам у пуцёўку ня ўключаныя.

Ну, адкуль фарба ў пісьменьніцы, калі падумаць? Так, у СССР чырвонага хапала: чырвоная пашпарціна, «скурачкі», партбілет. Засталіся на адпаведным пляцы адпаведнага колеру зоркі на вежах. Плюс сьцяг зь сярпом і молатам. Але што ўрэшце ў самога савецкага чалавека насамрэч чырвонае? Душа? Думкі? Перакананьні?

Можна здагадацца, сам сябе ён чырвоным зусім не адчувае. А кім тады адчувае? Рускім патрыётам? Праваслаўным нэафітам? Любіцелем Пуціна? Хісткае пытаньне. Але напэўна гэты чалавек будзе гарачым прыхільнікам так званага «рускага сьвету».

Сьвятлана Алексіевіч піша, уласна кажучы, пра гома саветыкуса, пра «саўка». Але ёй апошняе слова, грубае і абразьлівае, не адпавядае (мне таксама, між іншым), таму што бацька быў камуністам, захоўваў партбілет, і яна нікога ня хоча пакрыўдзіць. Што ж, цалкам можна зразумець. Каб пісьменьніца была іншай, яна магла б проста напісаць — маскалі. Бо ва ўяўленьні беларускага аўтара яна піша менавіта пра іх. Слову гэтаму дзьвесьце год, яно роднае для трох народаў — палякаў, беларусаў, украінцаў, але для расейцаў, ясна, не зусім прыемнае.

Каб разабрацца для сябе з «новым» чалавекам ад нобэлеўскага ляўрэата, я пачытаў яе расейскіх непрыхільнікаў. Што яны пішуць? Што ў Алексіевіч ва ўсіх глябальных няшчасьцях вінаваты «калектыўны чырвоны чалавек, які жыве на постсавецкай прасторы». Што корань зла, як выходзіць, не ў гаспадары Крамля, а «ў народзе, у калектыўным Пуціне, які, па словах гаспажы ляўрэата, сядзіць у кожным рускім». Што пісьменьніцай нібы ствараецца «зьбіральны вобраз рускага — маральнага ўрода». І што яна прапануе Эўропе «вобраз вечнага агрэсіўнага раба, чырвонага, саўка, завязлага ў азіятчыне варвара, што на падсьвядомым ўзроўні ненавідзіць свабоду».

І яшчэ: «Чырвоны чалавек» гэта сынонім «саўка», калі хто не зразумеў, якім, па перакананьні пісьменьніцы, зьяўляецца любы сярэднестатыстычны расеец».

Хтосьці зь непрыхільнікаў прыпамінае Алексіевіч напісаны з захапленьнем нарыс пра Дзяржынскага з часопісу «Нёман» за 1977 год, шчодра яго цытуючы. Хтосьці зьедліва нагадвае, што словы Алексіевіч «русский человек не понимает свободу, ему нужен казак и плеть» насамрэч словы Максіма Горкага. І нават, між іншым, не яго асабістыя. Ён напісаў у аглядзе чытацкіх лістоў у вядомым газэтным артыкуле «Механическим гражданам», што яму пішуць «дамарослыя філёзафы», што не палюбілі савецкую ўладу. Цытата пра казака і бізун узятая зь ліста аднаго зь іх.

Іранізуюць часам ня толькі непрыхільнікі, адзін піша: «Як толькі на слыху паявіліся Алексіевіч і Нобэль, усе раптам сталі пісаць пра «чырвоначалавекаў». Быццам у нас зьявілася новая аснова для нейкага гуртаваньня і супрацьстаяньня сыстэме…» Нехта зьдзіўляецца словам пісьменьніцы: няўжо сёньня нямала маладых людзей напраўду «зноў» чытаюць Маркса і Леніна? Яны нічога не чытаюць! Яны вісяць у інтэрнэце.

Галава кругам пайшла ад цытат, пытаньняў, камэнтароў, ад сумневаў: дык ёсьць ён ці няма? Ці існуе напраўду «чырвоны чалавек»? Хто яго знае! Але той Зюганаў, магчыма, сапраўды чырвоным можа лічыцца. Але колькі іх, Зюганавых?

Між іншым, Кірыл Кобрын піша ў апошнім сваім кніжным блогу (на Бі-Бі-Сі) пра новы зборнік: у выдавецтве Кембрыджскага ўнівэрсытэту выйшла па-ангельску «Гісторыя рускай літаратуры пасьля 1991 году». Ён разважае над «зачараванасьцю савецкім». Над тым, што адбывалася ў жыцьці і што адлюстроўвалася ў новай літаратуры. Зазначае, што мова аб «савецкім», як аб галоўным зьмесьце постсавецкага пэрыяду ў гісторыі Расеі і яе літаратуры: «Спачатку адмова ад савецкага, яго крытыка, страх яго вяртаньня, потым — хохмы, мэморыі, настальгія. Нарэшце, канструяваньня сябе — як індывідуўма, як грамадзтва, як нацыі — вакол свайго стаўленьня да савецкага».

Тут, канечне, і Сьвятлана Алексіевіч мае рацыю: не было досьведу свабоды, таму павярнулі back in USSR.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG