Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграміст у Беларусі: ідэальныя ўмовы і ўвесь сьвет у канкурэнтах


Сярэдні заробак у IT-сфэры набліжаецца да 30 мільёнаў рублёў. Для многіх прафэсія праграміста робіцца ўвасабленьнем сапраўднай беларускай мары. Свабода паразмаўляла з айцішнікамі пра плюсы і мінусы іхняй працы, пра Крэмніевую даліну ў Беларусі і пра тое, як будзе выглядаць праграміст празь дзесяць год.

Антон Марчанка, заснавальнік ME100.by

Антон Марчанка

Антон Марчанка

Я захапіўся інфарматыкай у самым канцы 90-х, заробак праграміста складаў 20 даляраў, таму казаць пра пэрспэктыўнасьць у той час было досыць складана. Значна больш выгаднай здавалася спэцыяльнасьць эканаміста. Таму, нават нягледзячы на некаторыя посьпехі ў раённых алімпіядах па інфарматыцы (я перамагаў зь пятай клясы), мяне некаторы час рыхтавалі да паступленьня ў БДЭУ, і я нават узяў «рэспубліку» сярод дзесяціклясьнікаў па эканоміцы.

Аднак на сямейнай нарадзе вырашылі, што для мужчыны ўсё ж лепш атрымаць першую тэхнічную адукацыю. Таму я паступіў у БДУІР, што і дазволіла дамагчыся некаторых посьпехаў, калі айцішны вэктар разьвіцьця стаў сапраўды больш выгадны.

«Трэба зьмірыцца з тым, што заработная плата вызначаецца рынкам»

Ці высокія заробкі ў праграмістаў цяпер? Трэба адкінуць савецкія сантымэнты і зьмірыцца з тым, што заработная плата вызначаецца рынкам. Беларускія праграмісты атрымліваюць сярэднюю эўрапейскую зарплату, і яна можа здацца сапраўды высокай у параўнаньні з нашымі сьціплымі патрэбамі. Неўхваленьня я, прызнацца, не сустракаў.

Калі казаць пра заробкі, якія плацяцца па-чорнаму, то пасьля падпісаньня ў 2005 годзе дэкрэту № 12 «Аб Парку высокіх тэхналёгій» шэрыя схемы практычна зьніклі. Цяпер таньней плаціць падаткі, чым ад іх сыходзіць.

Для таго, каб стаяць на месцы, трэба пастаянна бегчы. Ёсьць, вядома, нейкія фундамэнтальныя веды, але прыходзіцца пастаянна чытаць і асвойваць нешта новае.

Адна з асаблівасьцяў спэцыяльнасьці — гэта тое, што для таго, каб стаяць на месцы, трэба пастаянна бегчы. Ёсьць, вядома, нейкія фундамэнтальныя веды, але прыходзіцца пастаянна чытаць і асвойваць нешта новае. Але гэтую асаблівасьць цяжка назваць недахопам. Паводле апошніх дасьледаваньняў, праграмісты — гэта адна з самых шчасьлівых спэцыяльнасьцяў на Зямлі. Таму цяжка на нешта скардзіцца.

Псыхолягі кажуць, што важнейшыя даходы не ў абсалютных значэньнях, а тое, колькі мы зарабляем адносна іншых. У Беларусі ёсьць прыемны бонус у статусе чалавека, які зарабляе вышэй за сярэдняе. Бо, пагадзіцеся, калі вы спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй, жывяце ў Амстэрдаме і зарабляеце столькі ж, колькі і сусед-электрык — гэта ня так крута, як быць праграмістам у Беларусі.

«У Беларусі ўмовы для заняткаў інжынэрнымі дысцыплінамі імкнуцца да ідэальных»

Я шмат дзе быў і нават год жыў у Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У Беларусі ўмовы для заняткаў інжынэрнымі дысцыплінамі імкнуцца да ідэальных. Але і халодны грашовы разьлік, вядома, таксама прысутнічае.

Напрыклад, рэкрутэры з Прыбалтыкі вельмі дзівяцца нашым заробкам. Бо дзякуючы аблегчанай падатковай базе менскія праграмісты атрымліваюць на рукі значна больш, чым нашы бліжэйшыя суседзі. У Вільні і Рызе, напрыклад, лічыцца цалкам годным атрымліваць 2 тыс. эўра з прафэсійным узроўнем — старшы праграміст. У нас жа такога заробку будуць патрабаваць ужо пасьля 2–3 гадоў працы.

Можна годна зарабляць у любой краіне сьвету, але выгадней цяпер усё ж такі ў Беларусі.

Ці вось, напрыклад, запрашаюць мяне паехаць у Бэрлін, blue card, гадавая кампэнсацыя ў 65 тыс. эўра і вельмі цікавы праект на сутыку мабільных тэхналёгіяў і інтэрнэту. Яно, вядома, прывабна, але калі пачынаеш лічыць, то адымаеш падаткі — 42%, думаеш, колькі будзе каштаваць наймаць прыстойныя апартамэнты і плаціць за камунальныя паслугі, і рэзка становіцца ня гэтак прывабна.

Можна годна зарабляць у любой краіне сьвету, але выгадней цяпер усё ж такі ў Беларусі. Але я не закрываю для сябе магчымасьці яшчэ на гадок куды-небудзь зьезьдзіць і пажыць у іншым культурным асяродзьдзі дзеля агульнага разьвіцьця.

«Ключавым годам для Беларусі стане 2020 год»

Якім я бачу праграміста празь 10 год? Тэхнічны прагрэс з кожным разам аблягчае ўваход у спэцыяльнасьць. Таму, па маіх прагнозах, праграмістаў і людзей, занятых у індустрыі распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня, стане больш. Заробкі спэцыялістаў, якія атрымалі профільную вышэйшую адукацыю, і людзей, якія скончылі «каледж» (Кампутарная акадэмія «Шаг», курсы ПВТ і г.д.), будуць моцна вар’іраваць.

Ключавым годам для Беларусі стане 2020, калі скончацца льготы для ПВТ. Для ўраду будзе некаторая дылема паміж кароткатэрміновай выгадай (кабанчыка пара калоць) і доўгатэрміновым разьвіцьцём і падтрымкай галіны, як гэта, уласна, робяць ва ўсім сьвеце. Калі льготы не працягнуць — гэта значна замарудзіць ці нават спыніць далейшы рост. Праграмы рэляксацыі для цэлых офісаў будуць нашмат больш прывабныя, а беларускім кампаніям будзе нашмат складаней атрымліваць буйныя замовы (бо мы канкурыруем з цэлым сьветам). Рашэньне, вядома, будзе залежаць ад гаспадарчай каньюнктуры і далягляду плянаваньня пры прыняцьці такога рашэньня, але будзем спадзявацца, што па выніку Мікалаю дастанецца не аграсядзіба, а краіна, паўнавартасна інтэграваная ў постындустрыяльную сусьветную эканоміку.

Уладзіслаў Муравейка, тэсьціроўшчык, EPAM

Уладзіслаў Муравейка

Уладзіслаў Муравейка

На момант старту маёй кар’еры, калі яе можна так назваць, я быў на трэцім курсе маёй ВНУ. Было дакладнае разуменьне таго, што бяз досьведу ў ІТ-сфэры я буду непатрэбны ў ніводнай кампаніі. На многіх канфэрэнцыях, дый у цэлым, я чуў пра тое, што прасьцей за ўсё ўладкавацца тэсьціроўшчыкам. Таму я паспрабаваў трапіць на курсы ў адну з буйных менскіх фірмаў — трапіў, і тут пачалося: навучаньне, навучаньне і яшчэ раз навучаньне. Потым пайшоў у рэальны праект і зразумеў, што тэставаньне — гэта тое, чым я хачу займацца.

«Канкурэнты — ня толькі беларусы, а ўвесь сьвет»

Многія лічаць, што праца тэсьціроўшчыка лёгкая. Яно, вядома, калі параўноўваць зь фізычнай працай, прасьцей. Але калі ж параўноўваць з працай праграміста, то ў цэлым не саступае ёй, маючы пры гэтым сваю спэцыфіку і падводныя камяні. Трэба заўжды разьвівацца, як у асабістым, так і ў прафэсійным пляне.

Высокія заробкі ў гэтай сфэры — гэта справядліва, таму што праца ў IT — гэта праца, якая прад’яўляе да цябе як да супрацоўніка вялікія патрабаваньні.

Высокія заробкі ў гэтай сфэры — гэта справядліва, таму што праца ў IT — гэта праца, якая прад’яўляе да цябе як да супрацоўніка вялікія патрабаваньні: ведаць велізарную колькасьць тэхналёгіяў, якія зьмяняюцца кожны дзень, мець высокі ўзровень ангельскай мовы і здольнасьць заўсёды вучыцца. Канкурэнты — ня толькі беларусы, а ўвесь сьвет.

Таму і заробкі могуць лічыцца высокімі, калі параўноўваць выключна з заробкамі ў краіне. Я сутыкаўся зь неадабрэньнем такога стану толькі ў камэнтарах на Tut.by і Онлайнэры.

У якой яшчэ галіне вы знойдзеце 21 тысячу чалавек, якія робяць 1% ВВП? Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў існуе з 2005 году, і гэта рэальнасьць. Праз 10 год беларускі айцішнік будзе толькі разумнейшы, бо праца становіцца цяжэйшая ў пляне тэхналёгіяў.

«Фрылансэры сыходзяць ад выплаты падаткаў»

Пра «шэрыя заробкі» магу сказаць, што ўсе мае знаёмыя ў фірмах атрымліваюць заробак паводле заканадаўства з выплачанымі падаткамі. Сябры-фрылансэры сыходзяць ад выплаты падаткаў, бо для таго, каб выплаціць падаткі, прыйдзецца шмат папераў рабіць, у нас у краіне з гэтым відавочная праблема.

Будзьце гатовыя заўсёды вучыцца і любіць тое, чым вы займаецеся (грошы — не галоўнае ў жыцьці).

Мінусы і плюсы? Па-першае, калі пачынаць з нуля, неабходна прайсьці адбор і навучаньне, а гэта ўжо зрабіць складана, бо забіраюць на працу толькі лепшых. Па-другое, першы час вам плаціць будуць мала, а працы будзе шмат. Па-трэцяе, будзьце гатовыя заўсёды вучыцца і любіць тое, чым вы займаецеся (грошы — не галоўнае ў жыцьці).

Тое, што я яшчэ ў Беларусі — гэта ўсё ж такі патрыятызм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG