Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партыя «Справядлівы свет» гатовая вылучыць на парлямэнцкія выбары 60 кандыдатаў

  • БелаПАН

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

У папярэдні сьпіс кандыдатаў у дэпутаты ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на парлямэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца не пазьней за верасень гэтага года, уваходзяць 60 чалавек, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні партыі Валеры Ухналёў паводле вынікаў сёньняшняга пасяджэньня бюро цэнтральнага камітэту арганізацыі.

Паводле слоў Ухналёва, вобласьці Беларусі ў сьпісе прадстаўленыя па-рознаму. Так, Гомельская абласная арганізацыя партыі гатовая закрыць сваімі прэтэндэнтамі ўсе 17 выбарчых акруг, Берасьцейская — 12 акруг, у некаторых рэгіёнах па шэсьць-сем акруг. «Праца працягваецца. Згодна з заявамі абласных кіраўнікоў партыі, сьпіс кандыдатаў будзе павялічвацца, хаця хтосьці можа і адмовіцца ў выніку ад удзелу ў парлямэнцкай кампаніі», — сказаў палітык.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты адбудзецца на 19-м пазачарговым зьездзе, які папярэдне плянуецца правесьці ў ліпені. Канчатковае рашэньне аб даце зьезду будзе прынятае пасьля прызначэньня даты выбараў. Мерапрыемства будзе хутчэй тэхнічным, зьвязаным з вылучэньнем кандыдатаў у дэпутаты, бо асноўныя падыходы ўдзелу партыі ў парлямэнцкіх выбарах будуць прынятыя ў маі на пленуме цэнтральнага камітэту.

Ухналёў падкрэсьліў: «Справядлівы сьвет» «добра разумее, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма». «Тым ня менш мы, улічваючы станоўчы вопыт працы ў прэзыдэнцкай кампаніі 2015 года, будзем вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты як мага больш сваіх людзей, праводзіць агітацыйную кампанію, гаварыць аб праблемах, якія існуюць у краіне, прапагандаваць нашы ідэі», — сказаў ён.

«Але ў прынцыпе нам ужо цяпер усё зразумела: мы ідзем на выбары, рыхтуемся да іх сур’ёзна, ужо цяпер пачынаем актыўную працу ў акругах, дзе будзем вылучацца і дзе ў нас ёсьць сур’ёзныя каманды», — дадаў палітык.

Дата парлямэнцкіх выбараў павінна быць вызначаная не пазьней за 10 чэрвеня, апошні тэрмін іх правядзеньня — 11 верасьня 2016 года.

XS
SM
MD
LG