Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея патрабуе ад Польшчы пакараць вінаватых у апаганьваньні чарговага савецкага помніка


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

МЗС Расеі заявіў Польшчы пратэст у сувязі з чарговым актам вандалізму ў дачыненьні да савецкага мэмарыяльнага аб'екту. У Шчэціне быў апаганены Помнік падзякі Чырвонай Арміі, усталяваны на адной з цэнтральных плошчаў.

«Польскі бок, не забясьпечваючы абарону манумэнтаў, зьвязаных з нашай гісторыяй, дэманструе поўную абыякавасьць да міждзяржаўных пагадненьняў, удзельнікам якіх яна зьяўляецца. У Варшаве груба парушаюць палажэньні асноватворнай для адносін паміж дзьвюма краінамі Дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Польшча аб дружалюбным добрасуседзкім супрацоўніцтве», — паказвае МЗС.

Таксама ў камэнтары Дэпартамэнту інфармацыі і друку паказваецца, што гэта ўжо другі падобны выпадак, які адбыўся ў Шчэціне за апошнія месяцы. «У верасьні 2015 былі выкрадзены зоркі зь пяці надмагільляў на ўчастку камунальных могілак, дзе спачываюць звыш трох тысяч савецкіх воінаў», — нагадвае ведамства.

«Частата, зь якой зьдзяйсьняюцца акты вандалізму, і іх цынічны характар, а таксама тое, што яны адбываюцца пры папушчальніцтве і нават прамым падбухторваньні польскіх уладаў, даюць падставы казаць аб тым, што мы маем справу зь дзяржаўнай палітыкай, заснаванай на гістарычным рэвізіянізьме», — цытуе паведамленьне «Інтэрфакс».

МЗС патрабуе «знайсьці і пакараць вінаватых, аднавіць першапачатковае аблічча мэмарыялу, а таксама прыняць вычарпальныя захады для недапушчэньня падобных інцыдэнтаў у будучыні». Як менавіта апаганілі мэмарыял у Шчэціне, у паведамленьні МЗС не ўдакладняецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG