Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Буркіна-Фасо завяршылася апэрацыя супраць тэрарыстаў. Вызваленыя 150 закладнікаў


У Ўагадугу, сталіцы Буркіна-Фасо, сілы бясьпекі пры падтрымцы францускага спэцназу застрэлілі чацьвярых джыхадзістаў і вызвалілі 150 закладнікаў, захопленых напярэдадні экстрэмістамі. 27 грамадзян многіх краінаў сталі ахвярамі тэрарыстаў, больш за трыццаць чалавек атрымалі раненьні.

Прэзыдэнт Буркіна-Фасо Рок Каборэ удакладніў, што трое нападнікаў былі забітыя непасрэдна ў гатэлі «Splendid », дзе разгортваліся асноўныя падзеі, чацьвёрты застрэлены пры праверцы суседняга гатэлю. Сярод нападнікаў былі дзьве жанчыны.

Прэзыдэнт Буркіна-Фасо заклікаў грамадзянаў краіны захоўваць «пільнасьць і адвагу», падзякаваў сілам бясьпекі, а таксама прадстаўнікоўм Францыі і ЗША за ваеннае ўзаемадзеяньне.

Ісламскія экстрэмісты ўварваліся ў гатэль і кавярню ў ім у пятніцу вечарам. Маладая чарнаскурая жанчына і маладыя арабы з першых сэкундаў выкрыквалі «Алах-Акбар», распавёў відавочца нападу. Пачалася паніка, але праз 20 хвілінаў стала ціха, пасьля чаго зноў пачалася страляніна, ужо, праўдападобна, з боку паліцыі, распавёў іншы сьведка.

Спэцапэрацыя ўступіла ў вырашальную фазу рана раніцай у суботу, калі паліцыя і вайскоўцы пачалі штурм захопленага будынка. Некалькі згарэлых аўтамабіляў і матацыклаў, перагорнутыя крэслы і бітае шкло — тое, што засталося каля гатэля пасьля штурму, які завяршыўся пры сьвятле дня.

Адказнасьць за напад ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Аль-Кайда ў краінах ісламскага Магрыба».

У гатэлі Splendid часта спыняюцца супрацоўнікі ААН і турысты з эўрапейскіх краінаў.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд асудзіў атакі ў Буркіна-Фасо, назваўшы іх «агіднымі і маладушнымі». У заяве, распаўсюджанай адміністрацыяй прэзыдэнта Францыі, гаворыцца, што Алянд выказаў поўную падтрымку прэзыдэнту Буркіна-Фасо Року Каборэ.

Прыкладна два месяцы таму баевікі «Аль-Кайды» захапілі закладнікаў у гатэлі Radisson Blu у сталіцы Малі Бамако, тады загінулі 20 чалавек, у тым ліку 14 замежнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG