Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узаконілі прымусовыя працы для дармаедаў. Тым часам МУС прапануе «Палепшым закон разам»


У Беларусі пашыраныя выпадкі адміністрацыйнай адказнасьці. Адначасова з гэтым МУС чакае ад грамадзян прапановаў па лібэралізацыі адміністрацыйнага заканадаўства.

У Беларусі ўнесеныя зьмены ў заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Адпаведны закон ад 4 студзеня 2016 г «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях» апублікаваны 14 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу 4 Красавіка 2016 году, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі, паведамляе БелапАН.

Як паведамляецца, з улікам палажэньняў дэкрэта кіраўніка Беларусі аб сацыяльным ўтрыманстве прадугледжана, што адміністрацыйна арыштаваныя, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за ўчыненьне адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага часткай 10 артыкула 13.6 КаАП (нявыплата або няпоўная выплата сумы збору на фінансаваньне дзяржаўных расходаў), абавязкова прыцягваюцца да выкананьня грамадзка карысных работ ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Зьмены ў артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях таксама ўстанаўліваюць адказнасьць за: парушэньне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасьці; парушэньне заканадаўства аб адміністрацыйных працэдурах; парушэньне страхавым брокерам або страхавым агентам заканадаўства аб страхаваньні; непрадстаўленьне зьвестак аб пазабіржавай зьдзелцы, прадстаўленьне няпоўных або недакладных зьвестак аб пазабіржавай угодзе; парушэньне правілаў бясьпекі руху або эксплюатацыі маламерных судоў, правілаў карыстаньня базамі (будынкамі) для іх стаянак; парушэньне парадку прыёмкі ў эксплюатацыю аб’ектаў будаўніцтва або прыёмкі будаўнічых, спэцыяльных, мантажных работ; парушэньне парадку правядзеньня працэдур закупак пры будаўніцтве; самавольныя пахаваньне, перапахаваньне і інш.

На тле пашырэньня выпадкаў адміністрацыйнай адказнасьці Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапанавала грамадзянам адкрыта абмеркаваць магчымыя зьмены адміністрацыйнага заканадаўства ў частцы лібэралізацыі адказнасьці за нязначныя правапарушэньні, паведамлілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе МУС.

«Праваахоўнікам вельмі важна ведаць меркаваньне насельніцтва па пытаньні гуманізацыі адказнасьці за нязначныя правапарушэньні. Грамадзяне запрашаюцца да адкрытага грамадзкага абмеркаваньня», — паінфармавалі ў прэс-службе.

«З такой ініцыятывай выступілі сябры грамадзкага савета пры МУС. Кіраўніцтва ведамства падтрымала гэтае добрае пачынаньне. Некаторыя прапановы па лініі Дзяржаўтаінспэкцыі ўжо разглядаюцца», — адзначылі ў міністэрстве.

На афіцыйным сайце МУС Беларусі створана старонка і маецца банэр «Палепшым закон разам», з дапамогай якога грамадзяне змогуць пакінуць свае прапановы. Яны таксама прымаюцца па электроннай пошце альбо ў пісьмова выглядзе. Ўся неабходная інфармацыя разьмешчана на афіцыйным сайце МУС у рубрыцы «Палепшым закон разам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG