Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паварочваюся — стаіць Муля: Ведаеш, Лявон, два Мулявіны ў „Песьнярах“ — яўна зашмат»


Уладзімер Мулявін
Уладзімер Мулявін

12 студзеня споўнілася б 75 гадоў заснавальніку вакальна-інструмэнтальнага ансамблю «Песьняры» Ўладзімеру Мулявіну. Да юбілею неардынарнай асобы прымеркаваны шэраг імпрэзаў, ягонае месца ў найноўшай гісторыі Беларусі адзначанае як выключнае.

Уладзімер Мулявін нарадзіўся ў расейскім Сьвярдлоўску, але стаў бясспрэчным нацыянальным аўтарытэтам у Беларусі. Заснаваны ім легендарны калектыў, які надаў адвечным сьпевам сучасную афарбоўку, дагэтуль лічыцца непераўзыдзеным у справе прапаганды беларушчыны ў сьвеце.

Афіцыйнай датай нараджэньня «Песьняроў» значыцца 1 верасьня 1969 году. Менавіта ў гэты дзень на маскоўскай фірме грамзапісу «Мелодия» выйшла першая кружэлка «Песьняроў», якія да таго часу гралі пад назвай «Лявоны». І менавіта ад той пары бярэ пачатак уласна «песьняроўская» біяграфія.

Фэномэн расейца, які прынёс славу беларускай культуры, ацэньвае Лявон Бартлаў — мастак-пастаноўшчык, майстар дызайну і афармленьня сцэны, які працаваў поруч з Уладзімерам Мулявіным ад моманту ўзьнікненьня «Песьняроў»:

Лявон Бартлаў
Лявон Бартлаў

«Магу акрэсьліць так, як бачыцца асабіста мне: безумоўна, ёсьць у „Песьняроў“ свой фэномэн, існуе свая таямніца. І гэта бясспрэчная заслуга Мулі, як мы яго называлі — Уладзімера Мулявіна. Натуральна, як кожны творчы чалавек, ён прайшоў праз пад’ёмы і спады, трыюмфы і расчараваньні, эўфарыю і дэпрэсіі. Ну, што тут казаць? Гэта ўжо асобная, складаная тэма ўнутраных супярэчнасьцяў неардынарнай асобы, яго характару».

За 45 зь лішкам гадоў праз ансамбаль прайшлі дзясяткі музыкаў і сьпевакоў, а пасьля трагічнай аўтакатастрофы і сьмерці заснавальніка «Песьняроў» у 2003-м зьявілася цэлая нізка калектываў, укамплектаваных былымі паплечнікамі Мулявіна. Страціўшы ідэйнага натхняльніка, асірацелыя выхаванцы так і не змаглі абраць сабе новага лідэра. Ці ня лічыць спадар Бартлаў сытуацыю з некантраляваным «пачкаваньнем» гуртоў, якія намагаюцца прыкрыцца песьняроўскай шыльдай, ня столькі фэномэнам, колькі абсурдам?

«А хто гэта можа дапусьціць ці не дапусьціць? І ў чым абсурд? Ужо як мастак разважаю: вазьміце Сальвадора Далі. Абсурд? Ды не, рэальнасьць на мяжы зь ім. Як яшчэ кажуць у народзе, што прыстойна ў лазьні, непрыстойна ў рэстаране. Так і ў нашым выпадку. Галоўнае, гэта ж ня тое, як «Ласкавы май» пад аднаго выканаўца ставіў фанаграму іншага, усё роўна ніхто не заўважыць. У «Песьнярах» усе — унікальныя.

"Песьняры", 1976 год (крайні зьлева - Уладзімер Мулявін)
"Песьняры", 1976 год (крайні зьлева - Уладзімер Мулявін)

Мой хросьнік Паша Заяц, якога я калісьці прывёў у песьняроўскую школу-студыю, таксама пагойсаў з такімі «лятучымі калектывамі». Ці Алег Усьціновіч, які папрацаваў зь Лявонам Барткевічам у «Песьнярах» імя Мулявіна. Цудоўныя хлопцы. Я іх прывёў разам, але потым яны разбрыліся па розных камандах. Гэта іх асабісты лёс, яны шукалі сваю дарогу, свой час. Але іх яднае тое, што яны сьпяваюць «Песьняроў», культывуюць творчую спадчыну Ўладзімера Мулявіна. Калі незапатрабавана, то можа сапраўды непатрэбна. Насамрэч дзікунства, калі выходзіць засыпаны пудрай, з расфарбаванымі брывамі мужык і сьпявае: «Я люблю тебя, Россия...». Вось гэта маразм. А тут справа іншая. Ня ведаю, як далей, але ня выключаю, што будуць множыцца «Песьняры».

Адметна, што «дзеці лейтэнанта Шмідта» у беларускай вэрсіі, як правіла, знаходзяцца ў канфрантацыі паміж сабой, намагаючыся прысабечыць «песьняроўскую» спадчыну. Але як можна выконваць збольшага адзін і той жа рэпэртуар і адначасова абвінавачваць адзін аднаго ў махлярстве? Лявон Бартлаў тлумачыць гэта, сыходзячы з філязофскіх пазыцый:

"Песьняры"
"Песьняры"

«Дык гэта Ўладзімер Мулявін такі, пры чым тут яны? Калі мы бяром Льва Талстога і чытаем „Вайну і мір“, то пры тым, што ўсе вельмі розныя, але з гэтага твору чэрпаем нешта сваё. Ці калі чытаем вершы Максіма Багдановіча: мы розныя, але крыніца натхненьня — адна. Гэтак жа можна прывесьці ў прыклад і Якуба Коласа, і Янку Купалу, і ўвогуле любую творчасьць. Падышоў да карціны Бялыніцкага-Бірулі і застыў — стаіць вакол натоўп, усе заціхлі. Зноў жа, усе розныя, але крыніца захапленьня адна. Мулявін — таксама крыніца, а вы ж ведаеце, што да крыніцы кожны можа падыйсьці і напіцца.

Самім фактам свайго існаваньня Ўладзімер Георгіевіч стаў для Беларусі крыніцай, якая дае сілы іншым. Гэта як зьбіраюцца статкі падчас засухі ў Афрыцы: і львы, і антылёпы, і жырафы, і гіены ідуць да вадапою. Дзейнічае негалосны закон: ніхто не нападае, усе п’юць ваду. Так і тут: „Песьняры“ — гэта ня проста калектыў, „Песьняры“ — гэта крыніца, адкуль чэрпаюць і чэрпаюць. Мы нават зразумець ня можам, на колькі бязьмерная крыніца Мулі, якая вырвалася на паверхню ў 1969 годзе (а ў „Лявонах“ — і яшчэ раней) і стала біць як арабская нафта».

"Песьняры"
"Песьняры"

Лявон Бартлаў калегаваў і сябраваў з Уладзімерам Мулявіным больш за тры дзесяткі гадоў: разам прыдумлялі канцэпцыі афармленьня тэматычных канцэртаў, складаных музычных пастановак, рок-опэраў. І кажа, што ў неардынарнасьці і аўтарытэтнасьці асобы Мулявіна пераканаўся па самым першым часе, калі толькі пачынаў у нязвыклай для сябе ролі мастака-пастаноўшчыка:

«Калі і Муля, і я былі нашмат маладзейшыя — гадоў так на 35-40 — рабілі праграму па драматычнай паэме Янкі Купалы „Адвечная песьня“. У музычнай вэрсіі яна ішла як фолк-рок-опэра „Доля“. На жаль, мала хто яе цяпер згадвае. Быў рэпэтыцыйны пэрыяд, даводзілі да ладу начамі, бо ў іншы час было немагчыма — у філярмоніі ішла свая канцэртная праграма. Дык вось, калі аб 23-й гадзіне заканчваліся ўсе канцэрты, мы ставілі апаратуру, усталёўвалі дэкарацыі і пачыналі абкатваць матэрыял. Працавалі да 4-5-й раніцы.

І вось аднойчы Муля — стомлены, зьнясілены — выходзіць на пляцоўку і кажа: „Ну, што, хлопцы, яшчэ працуем?“. Усе загудзелі: „Валодзя, трэба ўжо ехаць, колькі ж можна, калі ўжо спаць?“. А ён нібы ня чуе: „Ведаеце, тут мне думка прыйшла — адну фразу зрабіць інакш. Вось паслухайце...“. І пачынае напяваць. Усе проста застылі — ад новай тэмы, ад таго, як ён яе перакруціў. І засталіся яшчэ на гадзіну. Вось гэта ўразіла: чалавек выйшаў і сваёй думкай, сваім творчым помыслам „абяззброіў“. Уздыхнулі і засталіся. Гэта маленькі штрышок, якіх потым было шмат. А на той момант было вялікае ўзрушэньне, бо я толькі станавіўся мастаком, трэба было яшчэ мацнець і расьці прафэсійна. Але рэальна пабачыў: за пару хвілін да таго ўсе без сілоў матлялі галовамі, а калі ён засьпяваў, як адзін усталі ў пачку, зацягнулі сьледам і сышлі толькі пасьля заканчэньня рэпэтыцыі. Адно зь першых моцных уражаньняў».

Лявон Бартлаў хоць і не артыст паводле адукацыі, але лічыць сябе сапраўдным «песьняром». Дзеля справядлівасьці, вакальныя дадзеныя ў спадара Лявона выдатныя — нездарма столькі гадоў правесьці ў атачэньні выбітных салістаў. У гэтым зьвязку згадвае, без перабольшаньня, камічную сытуацыю, якую дасьціпна разруліў сам Уладзімер Мулявін:

Гэты здымак «Песьняроў» з аўтографам Уладзімера Мулявіна захоўваўся ў архіве Ларысы Геніюш
Гэты здымак «Песьняроў» з аўтографам Уладзімера Мулявіна захоўваўся ў архіве Ларысы Геніюш

"Пакуль артысты не прыехалі, мы выстаўлялі сцэну, дэкарацыі. Гукарэжысэр Толя Шчолакаў сядзеў на мікшарах, настройваў кожны мікрафон. Быў, адпаведна, мікрафон Мулявіна, мікрафон Кашапарава, Барткевіча, Лёні Тышко і г.д. Толя з залі крычыць: «Лявон, падыйдзі да мікрафону Кашапарава, «пацыкай».

Я хадзіў-хадзіў, цыкаў-цыкаў, а потым кажу: «На чорта я буду цыкаць? Мікрафон паказвай, выставіш групу адразу». І сьпяваю а-ля Кашапараў: «Письма, письма лично на почту ношу...». Ён абалдзеў. Кажа, а цяпер давай Барткевіча. Зноў сьпяваю, цяпер ужо голасам Барткевіча. Дайшла чарга і да мулявінскага мікрафону: «Давай, Мулі выведзем мікрафон; адразу вазьмі апорныя па гуку...». І я пачынаю: «Ой, каляды, блінцы ладныя, ой, лю-лі, лю-лі, блінцы ладныя...» Гэтак прайшло раз, другі. Да гэтага ўсе ўжо прызвычаіліся. І вось аднойчы «ідзём» па мікрафонах, я зацягваю мулявінскую «А ў полі вярба-а-а, нахілёная-я-я...». Адчуваю, што мяне па плячы нехта «дык-дык» рукой, але працягваю — «маладзенькая-я-я...». Паварочваюся — стаіць Муля: «Ведаеш, Лявон, двух Мулявіных у «Песьнярах» ужо будзе да х....» Прабачце... (сьмяецца)».

У цэнтры -Уладзімер Мулявін
У цэнтры -Уладзімер Мулявін

Цяжка нават сказаць, колькі канкрэтна калектываў прэтэндуе на ролю спадкаемцаў «Песьняроў». Найперш, дзяржаўны ансамбаль «Песьняры», які мае афіцыйны статус і бюджэтную падтрымку. Аселыя ў Маскве «Беларускія песьняры» Уладзіслава Місевіча, гітарыста складу яшчэ 1969 году, якіх, што адметна, на юбілейныя імпрэзы ў гонар 75-годзьдзя Ўладзімера Мулявіна ў Менск не паклікалі.

Яшчэ адзін паралельны склад сабралі Лявон Барткевіч і Анатоль Кашапараў — «Залатыя галасы» «Песьняроў». Асобная каманда складзена з музыкаў, якія гралі ў ансамблі ў розныя гады, там нефармальным лідэрам колішні дырэктар мулявінскіх «Песьняроў» Ігар Сьвечкін. У сярэдзіне 1990- у Расеі зарэгістраванае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Песьняры», дзе са знаёмых твараў — бубнач Аляксандар Дзямешка. І, мяркуючы па ўсім, гэта далёка ня поўны пералік тых, хто мае дывідэнды ад «песьняроўскай» спадчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG