Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога добрага ў гэтай краіне ня будзе. Трэба зьяжджаць» — гісторыі беспрацоўя ў Магілёве


Магілёўская служба занятасьці месьціцца непадалёк ад найвялікшага рынку гораду – Віленскага. Па дарозе да яго мінакам прапануюць набыць харчы і рэчы з рук. Цяпер і гэтых гандляроў – адзінкі

Магілёўская служба занятасьці месьціцца непадалёк ад найвялікшага рынку гораду – Віленскага. Па дарозе да яго мінакам прапануюць набыць харчы і рэчы з рук. Цяпер і гэтых гандляроў – адзінкі

У Магілёўскай службе занятасьці пасьля непрацяглага спаду павялічыўся наплыў ахвотніках рэгістравацца беспрацоўнымі. На адну вакансію прэтэндуюць у сярэднім ад двух да трох чалавек. Наведнікі службы занятасьці заяўляюць: знайсьці сабе занятак надта цяжка.

У службе занятасьці ў чарзе з ахвотнікаў зарэгістравацца беспрацоўнымі, ці атрымаць кансультацыю людзі рознага ўзросту. Да стэндаў з вакансіямі час ад часу падыходзяць наведнікі ўстановы праглядаюць іх ды нешта занатоўваюць. У самім памяшканьні шукальнікі працы не гаваркія.

Пераймаю наведнікаў службы занятасьці ля ўваходу. «А вы самі цяпер паспрабуйце знайсьці працу ў Магілёве. Нават дворнікам ужо ня хочуць браць», зазначае адзін зь першых суразмоўцаў. Мужчына сярэдняга веку цьвердзіць, што некалькі месяцаў сам спрабаваў падшукаць сябе занятак, але марна. Вырашыў прыйсьці ў службу занятасьці па дапамогу.

Хацеў бы працаваць па сваёй прафэсіі, але вакансій для мяне пакуль няма.

«Раней працаваў у Расеі. Мяне там некалькі разоў ашуквалі. Я маляр-аддзелачнік. Хацеў бы працаваць па сваёй прафэсіі, але вакансій для мяне пакуль няма», — разгублена прызнаецца мужчына.

«Я пакуль ня ведаю, ці лёгка знайсьці працу ў Магілёве. Я выйшла з дэкрэту і мяне звольнілі», — апавядае пра сваю сытуацыя маладая жанчына.

«Склалася так, што мне пераканаўча далі зразумець, што больш у маіх паслугах ня маюць патрэбы. Хацелася б знайсьці занятак па спэцыяльнасьці, але, паколькі, у мяне няма стажу, дык мне нічога ня „сьвеціць“, — разважае суразмоўніца. — Я працавала спэцыялістам па продажам. Паводле дыплёму — эканаміст. Цяпер пра эканаміста ня можа быць гаворкі. Ня знойдзеш такой працы. У мяне нават часу пакуль няма ў чарзе сядзець. Дома дзіця».

Ля ўваходу ў службу занятасьці падманлівае бязьлюдзьдзе

Ля ўваходу ў службу занятасьці падманлівае бязьлюдзьдзе

Яшчэ адзін наведнік службы занятасьці кажа: забег, каб паглядзець на стэндах, што прапануюць. «Для сябе я нічога ня ўбачыў. Я зваршчык. Але, відаць, у Расею паеду. Я там ужо працаваў. Зарабляў 15 мільёнаў рублёў на нашы грошы. Магілёву зваршчыкі ня трэба», — робіць выснову яшчэ малады мужчына.

Шанцы знайсьці працу ў Магілёве блізкія да нуля. Я б ужо і за Магілёвам папрацаваў, але прапановаў няма.

«Шанцы знайсьці працу ў Магілёве блізкія да нуля. Я б ужо і за Магілёвам папрацаваў, але прапановаў няма», — канстатуе наступны суразмоўца. Ён па спэцыяльнасьці кіроўца. Цьвердзіць, што высокай клясы. «Я працаваў і ў Расеі, і па Эўропе езьдзіў, але на радзіме працы знайсьці не магу. Зарэгістраваўся беспрацоўным. Будуць выплачваць дапамогу пакуль. Мо і дапамогуць з працаю». У Магілёў суразмоўца вярнуўся, бо, як кажа, вымусілі сямейныя абставіны.

Наступны суразмоўца малады мужчына правёў у службу занятасьці жонку — настаўніцу матэматыкі і інфарматыкі. Сам суразмоўца таксама беспрацоўны, але пакуль самастойна шукае сабе занятак. Ня ўтойвае, што мае намер зьехаць зь Беларусі ў Эўропу.

«Я наагул не разумею, што адбываецца. Выходзіць: мы бяз працы ды яшчэ і мусім плаціць за беспрацоўе штрафы. А адкуль узяць грошы? Дык, што ж рабіць у гэтай краіне? Я так мяркую: паўторыцца сытуацыя як у 90-х. Таму трэба адсюль зьяжджаць, каб сябе і сям’ю уратаваць. Нічога добрага тут ня будзе».

«Дужа цяжка знайсьці працу ў Магілёве, асабліва такую, зь якой можна было б пракарміць сям’ю, ня кажучы ўжо пра апрануцца і больш прыемныя рэчы. Жонка толькі спрабуе зарэгістравацца беспрацоўнай. Яна працавала, але дзяржава яе „апракінула“ і цяпер без працы, — апавядае пра гісторыю беспрацоўя мужчына. — Я працаваў мясьніком, заробак быў два мільёны пяцьсот. У жонкі два мільёны. Мы маладыя людзі і хочам больш зарабляць і працаваць, але не даюць. У Эўропе больш магчымасьцяў».

Адзін з шапікаў, у якім прадавалі расейскую адзежу. Зачынены

Адзін з шапікаў, у якім прадавалі расейскую адзежу. Зачынены

У службе занятасьці паведамілі, што цяпер на адну вакансію прэтэндуюць у сярэднім два-тры беспрацоўных. Год таму сытуацыя на рынку працы гораду, паводле адной з супрацоўніц, выглядала горш. На адно вакантнае месца прэтэндавалі тры-чатыры беспрацоўных. Летась у жніўні, кажа суразмоўца, назіраўся спад ахвотнікаў зарэгістравацца беспрацоўнымі:

«У лістападзе і сьнежні стала зноў больш зьвяртацца ў службу занятасьці тых, хто доўгі час лічыцца бяз працы. Такая сытуацыя была характэрная для пачатку 2015 году. Цалкам верагодна, што вяртаюцца зноў з Расеі. Ды й „Закон пра дармаедзтва“ дзейнічае. Пакуль ніхто ня ведае, як ён будзе дзейнічаць, але пад яго ўплывам людзі ідуць і спрабуюць атрымаць статус беспрацоўнага».

Калі раней у беспрацоўя быў жаночы тавар, то цяпер мужчынскі. На гэты момант беспрацоўны — гэта мужчына ад 35 да 43 год.

«Калі раней у беспрацоўя быў жаночы тавар, то цяпер мужчынскі, — працягвае яна. — На гэты момант беспрацоўны — гэта мужчына ад 35 да 43 год. Адукацыя сярэдняя, ці прафэсіянальна-тэхнічная і ад 5 да 7 гадоў лічыліся беспрацоўнымі, ці апошні год бяз працы. 50 працэнтаў такіх людзей зьвяртаецца цяпер у службу».

У службе занятасьці прагназуюць, што колькасьць беспрацоўных павялічыцца. На пытаньне, ці чакаецца наплыў прадпрымальнікаў з рынкаў, якія цяпер пустуюць, супрацоўніца службы занятасьці адказала:

«Нягледзячы на заявы прадпрымальнікаў, што яны гатовыя ісьці рэгістравацца беспрацоўнымі, па самой рэгістрацыі гэтага не заўважна. Гэтая катэгорыя пакуль не зьвяртаецца да нас. Што да павелічэньня колькасьці беспрацоўных, то цяпер цяжка казаць, наколькі яно будзе адчувальным», — заключыла супрацоўніца службы занятасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG