Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-10 рэчаў, якія сьведчаць пра адыход Беларусі ад «савецкасьці»


Беларусь часта называюць «запаведнікам СССР», з-за палітыкі нязьменнага прэзыдэнта яна асацыюецца зь недэмакратычнай часткай дзяржаў. Але наш аўтар Арцём Сізінцаў знайшоў 10 фактаў, якія, на ягоную думку, паказваюць, у чым Беларусь адышла ад Савецкага Саюзу.

1. Больш спакойнае стаўленьне да іншаземцаў

Не сакрэт, што ў савецкі час да іншаземцаў падазрона ставілася вялікая частка грамадзтва. Зрэшты, яны асабліва сюды й не імкнуліся. Цяпер грамадзяне іншых краінаў таксама ня едуць у Беларусь паўнюткімі аўтобусамі, за візу многія зь іх мусяць заплаціць немалыя грошы, аднак ніхто і не думае «раіць» госьцю, куды яму ня варта ехаць. Замежныя турысты, напэўна, ніколі не былі нейкім дзівам для жыхароў Менску, аднак і ў правінцыі да іншаземцаў цяпер няма падазрэньняў і тым больш нянавісьці. Яскравым прыкладам могуць служыць словы аўстралійскага турыста Джонатана Ілза, які за 2015 год праехаў усю Расею, а потым прыехаў у Беларусь. Вандроўнік адзначае, як у кожным горадзе Расеі, апроч хіба што Масквы ды Санкт-Пецярбурга, у яго запытвалі, па якой справе ён прыехаў у іх краіну. Калі ж атрымлівалі адказ, што аўстраліец прыехаў выключна як турыст, запытвалі: «А калі сур’ёзна?» У Беларусі ж з такім Ілзу сутыкнуцца не давялося. Часам людзі пыталіся ў яго, навошта ён абраў менавіта Беларусь, але потым актыўна рэкамэндавалі далей працягваць вандраваць па нашым краі.

2. Паездкі за мяжу

Многія беларусы сталага ўзросту за сваё жыцьцё не выяжджалі нават за межы сваёй вобласьці, ня тое што ў іншыя краіны. З развалам СССР беларусам стала складаней проста сесьці ў цягнік ды адправіцца куды-небудзь у азіяцкія рэспублікі. Аднак тут месца для пэўнага гістарычнага парадоксу: межы «пашпарту» значна звузіліся да тэрыторыі адной роднай Беларусі, аднак магчымасьці для паездак павялічыліся. І калі ў Беларусь па шэрагу прычынаў турысты не сьпяшаюцца масава, дык самі беларусы актыўна выяжджаюць за мяжу, б’ючы рэкорды па колькасьці візаў. Напрыклад, у 2015-м годзе Кіеў, нягледзячы на вайну на ўсходзе Ўкраіны, наведалі ў 11 разоў больш турыстаў, чым Менск. Затое чэргі на падачу дакумэнтаў у амбасады Літвы і Польшчы ў Менску не зьмяшаюцца. Менавіта паездкі за мяжу спрыяюць таму, што рэдка хто з маладых беларусаў мае нейкія «сантымэнты» да СССР. Дастаткова сказаць маладзёну, што ў «савецкім раі» выезды за мяжу былі строга абмежаваныя, і ён перастане нават слухаць аргумэнты супрацьлеглага боку.

3. Усё больш людзей валодаюць ангельскай мовай

Зноў жа гэта тычыцца больш маладога пакаленьня. Якраз гэта істотна павялічвае адлегласьць паміж СССР і Беларусьсю. Раней ангельскую вучылі, але вольнае валоданьне ёю было звычайна справай дзяцей дыпляматаў, якія бывалі за мяжой, альбо надта старанных вучняў. Цяпер ангельская куды больш распаўсюджаная ў Беларусі, асабліва ў студэнцкім горадзе ў турыста ня будзе праблем знайсьці таго, хто можа, прынамсі, патлумачыць дарогу. І гэта пры тым, што ўзровень школьнага вывучэньня замежных моваў усё адно далёкі ад ідэалу. Калі яго палепшыць, то праз пару-тройку гадоў у краме ня будуць ліхаманкава шукаць, хто б абслужыў англамоўнага кліента.

4. Паліцы ў крамах

Напэўна, самы прадказальны пункт нашага ТОПУ. Безумоўна, інфляцыя высокая, пакупніцкая здольнасьць беларусаў працягвае зьніжацца, але паняцьця «дэфіцыт» няма. Большасьць сучаснае моладзі хіба па расповядах дзядуляў і бабуляў ведае, як людзі станавіліся ў чаргу і толькі потым пыталіся, па што людзі стаяць. Пастаянна ў крамах былі хіба малако й хлеб. Кілбаса «выкідалася» на прылаўкі пару разоў на год, а звычайна беларусы вымушаныя былі езьдзіць па яе ў Маскву. Прычым, па кілбасу, якую выраблялі мясакамбінаты ў БССР! І традыцыя набываць на Новы год памаранчы ўзьнікла ў выніку таго, што ў Савецкім Саюзе яны былі страшным дэфіцытам Цяпер старыя кадры з савецкіх крамаў зь іх вечна пустымі паліцамі выклікаюць сапраўдныя зьдзіўленьне і страх. Цікава адзначыць, што ў памежных раёнах БССР і РСФСР у канцы 80-х назіралася розная сытуацыя з маслам. Калі ў нас яго можна было набыць на «разьвес», дык у суседняй савецкай рэспубліцы ў крамах яго часта не было зусім, а паступаў туды маргарын попельна-шэрага колеру.

5. Стаўленьне да «сьвята» 7 лістапада

Беларусь засталася адной з апошніх краін, дзе «сьвята» Кастрычніцкага перавароту адзначаецца штогод. Але варта назіраць за настроямі ў грамадзтве. Акрамя сагнаных на плошчу ў Менску актывістаў БРСМ і дзяржаўных прафсаюзаў, а таксама купак старых камуністаў у цэнтрах гарадоў, ніхто ўжо не падымае келіхі за «подзьвіг бальшавікоў», абсалютная большасьць грамадзянаў Беларусі проста жыве ў дадатковы выходны дзень. Ды і ў цэлым дзяржаўная ідэалёгія як ні працуе, ня можа прымусіць паверыць у яе. У савецкія часы людзі, прынамсі, з радасьцю ўзгадвалі ўпрыгожаньні вуліцаў падчас першамайскіх дэманстрацый і дня 7 лістапада, хоць і ўсе ведалі, што не пайсьці туды складана. Цяпер усім вядома пра прымус, а вось «сьвяточнасьць» многіх дзяржаўных сьвятаў сумнеўная.

6. Беларуская мова

У некаторых сфэрах беларускай мовы было больш у БССР, чым у Рэспубліцы Беларусь. Аднак беларускамоўны мінак выклікаў большае зьдзіўленьне, чым цяпер. І агрэсіі да беларускамоўных было больш — за мову нават білі. Цяпер на вуліцах можна нарвацца на беларускамоўных тайбаксёраў, футбольных заўзятараў ды праехацца з белмоўным таксістам. Па-беларуску стала больш розных шыльдаў ды абвестак, чаму дапамагаюць фэстываль рэклямы і моўныя курсы накшталт «Мова нанова». Па-беларуску вядзецца вялікая колькасьць блёгаў і разнастайных форумаў, прычым часьцяком беларускамоўнымі хаця б у інтэрнэце зьяўляюцца людзі, далёкія ад літаратуры, настаўніцтва ці тэатру. У адной з установаў Менску працуе беларускамоўны гардэробшчык, а ў Магілёве працуе беларускамоўны касір. Расьце колькасьць беларускамоных інтэрнэт-сэрвісаў, крамаў, гульняў, чытанак для дзяцей. Дзякуючы гэтаму ў Беларусі стала магчымым выхоўваць маленькіх беларусаў у нацыянальных традыцыях з пялюшак. Пэўнае супрацьстаяньне з грамадзтвам пакуль непазьбежнае, аднак рух ідзе наперад, а не ў іншы бок.

7. Культура ў грамадзкіх месцах

Яшчэ ў 90-я такога адыходу ад «савецкасьці», як побытавая культура, не было. Паперкі, зламаныя запальніцы, насоўкі — усё магло апынуцца на зямлі. Верагодна, такая заява ў нечым спрэчная, аднак ува многіх гарадах краіны так ня думаюць. У сёньняшняй Беларусі сабе пад ногі кідаюць хіба тыя ж недапалкі, але буйное сьмецьце адпраўляюць у сьметніцы, праблема існуе толькі з адпачынкам на прыродзе, пасьля якога прыбірае лес далёка ня кожная кампанія. Асобна можна адзначыць грубасьць прадаўцоў, цырульнікаў, работнікаў ЖКГ, кіроўцаў у «шчасьлівы савецкі час». У СССР увогуле было цяжка пачуць добрае слова ў той жа краме, грубасьць была нормай. Часьцей падманвалі з шалямі, недалівалі піва, шматлікімі спосабамі ігнаравалі плякаты пра «ветлівае абыходжаньне» з кліентамі. А цяпер нават вітаюцца ды зрэдчас усьміхаюцца.

8. Правілы дарожнага руху

У савецкі час сьветлафоры выконвалі пераважна дэкаратыўную функцыю. У многіх гарадах БССР лічаныя людзі пераходзілі дарогу, чакаючы зялёнага колеру і па «зэбры». Да прыкладу, у Воршы такім чалавекам быў загадчык мясцовага гарана Іван Гамолка. У горадзе ўзгадваюць, як на яго паказвалі пальцам, бо іншыя людзі ішлі на супрацьлеглы бок вуліцы, як хацелі. У апраўданьне парушальнікаў можна сказаць толькі тое, што машынаў у тыя часы сапраўды было значна менш і не заўсёды паўставала велізарная неабходнасьць чакаць, пакуль на сьветлафоры будзе колер дазволу. Таксама на ходніках адсутнічалі мэталічныя бар’еры, якія цяпер ёсьць на многіх вуліцах, і грамадзяне лёгка перабягалі вуліцу ў любым месцы. Пры вялікім жаданьні аўтаінспэктараў на 100 мэтрах адной вуліцы цягам гадзіны можна было вылавіць дзясяткі парушальнікаў. Цяпер жа зялёнае сьвятло нашы мінакі дужа паважаюць і не чакаюць яго на скрыжаваньнях хіба толькі п’яныя.

9. Нацыянальная сьвядомасьць

У савецкія часы рабіўся экспэрымэнт, калі да жаўнера ў войску падыходзілі і пыталіся: «Ты хто?» Кіргіз адказваў: «Я чалавек», эстонец: «Я эстонец», а беларус: «Я сяржант». Цяпер сытуацыя зьмянілася, мноства людзей выразна ідэнтыфікуюць сябе зь Беларусьсю, у 2015-м мы мелі «вышыбум», калі тысячы людзей набывалі сабе вышыванкі, бранзалеты, саколкі, шапкі з нацыянальнымі арнамэнтамі і сымболікай. У дзясяткаў, а можа ўжо й сотняў людзей нацыянальныя сымбалі нанесеныя на цела. Безумоўна, сама па сабе татуіроўка «Пагоні» ня кажа, што ўладальнік зьяўляецца сьведамым беларусам, але робіць такую верагоднасьць вышэйшай. Больш за два дзесяцігодзьдзі «чырвона-зялёнай» прапаганды так і не зрабілі крыху зьменены сьцяг БССР папулярным. Пагадзіцеся — надзвычай рэдка пабачыш за мяжой беларускіх турыстаў, якія прыяжджаюць у чужую краіну і фатаграфуюцца, прыкладам, на беразе мора з чырвона-зялёным сьцягам. А вось бел-чырвона-белы паўсюль, можна называць гэта модай, але ж якая файная мода! Зірніце на гасьцявы сэктар на любым матчы футбольнай зборнай Беларусі, у любой краіне. Нацыянальных сьцягоў шматкроць больш за афіцыйныя. Гэта сьведчыць не пра большасьць-меншасьць, гэта даказвае, што актыўная моладзь падтрымлівае якраз нацыянальныя сымбалі. Што значна важней за прапорцыі. Менавіта гэта дазваляе аптымістычна ісьці ў будучыню, нягледзячы на дагэтуль бальшавіцкія назовы вуліц і дзясяткі іншых прыкметаў, што Савецкі Саюз у Беларусі яшчэ не памёр.

10. Аздабленьне дамоў

У краінах, дзе амаль вечная шэрань неба, даўно прыдумалі спосаб «расфарбаваць» жыцьцё. У Нарвэгіі, у Грэнляндыі цэлыя кварталы дамоў набываюць разнастайныя колеры, каб горад не здаваўся жыхарам палонам. У Беларусі таксама сталі часьцей сустракацца каляровыя сьцены ды дахі. У савецкі ж час правінцыйныя беларускія гарады выглядалі несамавіта, шэрыя кварталы ўтваралі шэры горад. Было ад чаго засумаваць.

Мы выдатна разумеем, што Беларусь яшчэ надта далёкая ад жаданага вобразу сучаснай краіны, з шанаванымі правамі чалавека, гісторыяй, напісанай з нацыянальнага пункту гледжаньня, помнікамі сваім героям, а не чужым катам. Аднак пералічаныя пункты дазваляюць спадзявацца на лепшае, на сапраўдны прагрэс, які ня будзе заменены на аджылыя рэчы.

Арцём Сізінцаў для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG