Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч названа грамадзкім лідэрам году, #пагоняпобач — кампанія году


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Сёмы год запар Асамблея дэмакратычных арганізацый Беларусі, якая аб’ядноўвае дзясяткі грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў краіны, падводзіць выніку мінулага году, вызначаючы пераможцаў у грамадзкай актыўнасьці.

Гэтым разам «чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» вызначаліся ў 9 намінацыях, зь іх 8 — ганаровыя і адна іранічная, з прыстаўкай «анты». Журы, у якое ўваходзілі 113 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый, вызначыла пераможцу ў намінацыі «Чалавек году-2015» з шасьці намінантаў. Пераважная большасьць сяброў журы назвала чалавекам году пісьменьніцу, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлану Алексіевіч. Сяброўка Сьвятланы Алексіевіч, журналістка, мастацтвазнаўца Тацяна Цюрына, прымаючы ганаровы дыплём па просьбе Сьвятланы Алексіевіч, згадала студэнцкія гады:

Прэмію "Чалавек году" За Сьвятлану Алексіевіч прыняла яе сяброўка, журналістка Тацяна Цюрына.

Прэмію "Чалавек году" За Сьвятлану Алексіевіч прыняла яе сяброўка, журналістка Тацяна Цюрына.

«Мы са Сьвятланай знаёмы яшчэ з унівэрсытэту, і ўжо тады ў нас была такая творчая майстэрня, дзе сустракаліся зь людзьмі, з творчай інтэлігенцыяй. І вось адкуль гэтая нобэлеўская прэмія? З тых паездак, калі Сьвятлана вельмі шмат размаўляла з простымі людзьмі, тады гэта ўсё назапашвалася. Увогуле, прэмія — гэта вынік велізарнай працы, прычым працы ня проста за пісьменьніцкім сталом, а працы зь людзьмі. Сама была сьведкам, як ёй даводзілася адказваць на вельмі цяжкія пытаньні, непрыемныя пытаньні, шмат разоў, але яна адказвала. Таму я думаю: тое, што ў Беларусі ёсьць нобэлеўскі ляўрэат, гэта ў тым ліку дзякуючы тым людзям, якія пазнаёміліся зь ёй яшчэ вельмі даўно».

Пераможцам ў намінацыі «Мэдыя/журналіст году» стаў блогер Антон Матолька, а другое месца ў гэтай намінацыі, саступіўшы Антону Матолька толькі некалькі галасоў, заняла журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык. Яе журы адзначыла за сэрыю матэрыялаў аб праблемах арганізацый грамадзкага сэктару.

Алег Ларычаў

Алег Ларычаў

Яшчэ адным «Чэмпіёнам грамадзкай супольнасьці» ў 2015 годзе стала кампанія «Арт-сядзіба», якая перамагла ў намінацыі «Грамадзкая кампанія году», правёўшы кампанію па падтрымцы навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату, якім пагражала адлічэньне за калектыўны фотаздымак у майках з «Пагоняй».

"Чэмпіён грамадзянкай супольнасьці 2015".

"Чэмпіён грамадзянкай супольнасьці 2015".

«Гэты крок, які зрабілі хлопцы са школы-інтэрнату, вельмі добра паказвае беларусаў. Што мы ня можам да канца зьняць старую скуру і паказаць новую, а можам толькі крышачку паказаць, потым схаваць, потым зноў паказаць. Гэты жэст як сымбаль, і ён спадабаўся шматлікім людзям, і разышоўся вельмі шырока. Можна толькі падзякаваць гэтым хлапцам, і будзе справядліва, калі мы адправім прэмію ў гэтую школу-інтэрнат», — сказаў на цырымоніі кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус.

Актывісты Арт Сядзібы

Актывісты Арт Сядзібы

«Чэмпіёнамі грамадзкай супольнасьці» ў іншых намінацыях сталі: грамадзкая ініцыятыва па падтрымцы людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі, кампанія па абароне берага возера Балдук, гуманітарны канвой «Беларусь-АТО», праект «Стрыт-арт фэст Urban Myths», сайт Adukacija.info. У антынамінацыі «Гарбуз году» «перамагло» міністэрства інфармацыі Беларусі, якое загадала зьнішчыць кнігу палітоляга Віталя Сіліцкага, прысьвечаную праблемам станаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. Ніхто з прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі на ўручэньне антыпрэміі не зьявіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG