Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабілістаў будуць штрафаваць за непрыбраны сьнег


Плянуецца ўвесьці адказнасць за непрыбраны сьнег вакол асабістага аўтатранспарту. Пра гэта паведаміў міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Церахаў.

Адпаведны праект нарматыўна-прававога акту ўжо распрацаваны. Згодна зь ім мясцовыя органы ўлады будуць зацьвярджаць правілы добраўпарадкаваньня і сярод іншага вызначаць патрабаваньні да ўтрыманьня тэрыторый.

«Мы кажам: тое, што сёньня людзі выйшлі і зрабілі добраахвотна, будзе абавязкам. Задача — не аштрафаваць... Мы хочам, каб грамадзяне выходзілі і прыбіралі тэрыторыю вакол сваіх аўтамабіляў. І тым самым зрабілі жыцьцё прасьцей і сабе, і іншым», — сказаў Церахаў.

Паводле міністра, праблема прыбіраньня двароў ад сьнегу застаецца актуальнай, і асабліва ў Менску «дваровыя тэрыторыі, стаянкі аўтатранспарту ўяўляюць для нас пэўную праблему».

«Людзі пачулі заклік і выйшлі на расчыстку. Але, на жаль, засталіся і нядбайныя гараджане, да якіх неабходна ўжываць меры адміністрацыйнага ўзьдзеяньня. Ёсьць аўтамабілі, якія ня проста пакідаюць на ноч пастаяць у дварах, але кідаюць на тры, пяць, сем дзён, некаторыя не выяжджалі ад пачатку зімовага пэрыяду», — цытуе БелТА міністра.

XS
SM
MD
LG