Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары адзначаюць «маленькае паляпшэньне» ў стане Ягора Пратасені, які спрабаваў зрабіць суіцыд у Жодзінскай турме


Жодзінская турма

Жодзінская турма

Дзясяты дзень у коме ў шпіталі Жодзіна знаходзіцца жыхар Салігорску 20-гадовы Ягор Пратасеня, які спрабаваў пакончыць жыцьцё самагубствам у Жодзінскай турме. Два дні таму Ягору Пратасеню, які падключаны да апарата штучнага дыханьня, лекары зрабілі апэрацыю — уставілі ў трахею адмысловую трубку, каб дыхаць. Ці прывяла апэрацыя да паляпшэньня стану хворага вязьня? Маці Ягора Сьвятлана Пратасеня распавяла карэспандэнту Свабоды.

«Ягор па-ранейшаму ў коме, але сёньня, як пазваніла лекару, дык тая сказала, што зусім маленькае паляпшэньне ёсьць. Сёньня яго яшчэ дасьледавалі, лекар казала, што будуць далей рабіць што толькі можна, каб выратаваць майго сына. Буду спадзявацца. Бяру адпачынак і буду сядзець там зь ім, калі дазволяць. У панядзелак паеду ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў па дазвол на працяглы час сядзець у шпіталі, каб кожны дзень ня бегаць у турму па дазвол. Лекары згодныя мяне прыняць, але як будзе з дазволам ад міліцыі, ня ведаю. Спадзяюся», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Паводле Сьвятланы Пратасені, 4 ці 5 студзеня яе сын у адзіночнай камэры Жодзінскай турмы спрабаваў павесіцца. Ахоўнікі турмы казалі Сьвятлане Пратасені, што выцягнулі яе сына зь пятлі «праз хвіліну» пасьля спробы суіцыду, але жанчына ў гэта ня верыць і спасылаецца на тое, што ў Ягора пашкоджаны мозг, а гэта наступае ў выніку працяглага кіслароднага галаданьня. Дакладная прычына суіцыду Сьвятлане Пратасені таксама не вядомая, бо ёй не паказалі апошнюю запіску сына і нават не перадалі ягоныя апошнія лісты з турмы. Жанчына згадвае, што на спатканьні з сынам пасьля суду ён казаў пра зьдзекі і катаваньні міліцыянтаў з управы наркакантролю Салігорску і пра намер адпомсьціць опэрам праз свой суіцыд.

У канцы сьнежня Ягор Пратасеня быў асуджаны на 14 гадоў за распаўсюд наркотыкаў. Маці Ягора Пратасені ня верыць, што яе сын быў наркаманам.

У Жодзінскай турме не камэнтуюць інцыдэнт, а ў неафіцыйных размовах турэмшчыкі кажуць, што ў вязьня на глебе залежнасьці ад псыхатропаў нібыта разьвіліся псыхічныя адхіленьні. Аддзел Сьледчага камітэту па Жодзіне вядзе перадсьледчую праверку інцыдэнту зь Ягорам Пратасенем.

XS
SM
MD
LG