Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Вялікай Брытаніі, якому беларуская культура нагадала ангельскую, пакідае Беларусь


Брус Бакнэл

Брус Бакнэл

Някляеў пра амбасадара Вялікай Брытаніі: «Бакнэл зрабіў духоўныя намаганьні, унутраныя высілкі на тое, каб паспрабаваць пазнаць зямлю, на якой ён адпрацаваў пяць гадоў, і людзей, якіх ён сустрэў у Беларусі»

15 студзеня завяршыў сваю працу ў Беларусі амбасадар Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл.

З гэтай нагоды былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Някляеў сказаў Свабодзе, што розныя дыпляматы, якія працавалі ў Беларусі, пакідалі пра сябе рознае ўражаньне. Хтосьці па-сапраўднаму цікавіўся лёсам Беларусі, нечае прысутнасьці тут проста не заўважылі. Брус Бакнэл стаў сапраўдным сябрам дэмакратычных беларусаў:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Ён шчыры, эмацыйны, што не зусім звыкла ў нашым традыцыйным успрыняцьці ангельцаў як людзей стрыманых, закрытых. А галоўнае — Брус Бакнэл ня проста прабыў нейкі час у Беларусі, а, як мне падаецца, палюбіў яе. Хоць я так і ня змог дазнацца ў яго: за што?..

Ён кажа, што беларуская культура нечым нагадвае яму культуру ангельскую, а значыць, і беларусы нагадваюць ангельцаў. Прымем гэта як вэрсію.

Бакнэл зрабіў духоўныя намаганьні, унутраныя высілкі, каб паспрабаваць пазнаць зямлю, на якой ён адпрацаваў пяць гадоў, і людзей, якіх ён сустрэў у Беларусі».

Чакаецца, што новы кіраўнік дыпляматычнай місіі Вялікай Брытаніі ў Беларусі, амбасадарка Фіёна Гіб, прыляціць у Менск дзён празь дзесяць.

Фіёна Гіб

Фіёна Гіб

Сваю дыпляматычную кар’еру яна пачала ў 1990 годзе. Ёй давялося папрацаваць у Бэрліне, Кіеве, Магадыша, Басры, Сане.

«Для мяне вялікі гонар быць амбасадарам Яе Вялікасьці ў Беларусі. Я зь нецярпеньнем чакаю пачатку працы зь беларускім урадам і няўрадавымі арганізацыямі па шэрагу пытаньняў, якія тычацца, у тым ліку, вырашэньня праблемаў, зь якімі мы ўсе разам сутыкаемся падчас прасоўваньня да росквіту, бясьпекі і захоўваньня правоў чалавека ў Эўропе і за яе межамі», — сказала Фіёна Гіб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG