Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прадпрымальнікі малююць плякаты «Я — ІП!» і зьбіраюцца ехаць у Менск на акцыю пратэсту


У гандлёвым цэнтры «Эвіком» прайшоў чарговы сход. «Гэта наш зварот узбурыў учора Лукашэнку», — кажуць прадпрымальнікі. Аднаўляць працу да адмены ўказу № 222 яны не зьбіраюцца.

Сход на «Эвікоме» праводзіла Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам». Гэта ўжо трэці сход з пачатку году, і штораз на яго зьбіраецца пад 300 чалавек.

Словы «скончыліся мядовыя гады», якімі Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў адмову прадпрымальнікаў працаваць у цяперашніх умовах, у Віцебску ўспрымаюць асабліва востра. На сёньняшнім сходзе дэлегаты шэрагу віцебскіх кірмашоў распавялі, як заўчора зьезьдзілі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю і ў Саўмін. Ім удалося сустрэцца і паразмаўляць зь вельмі высокімі чыноўнікамі і перадаць патрабаваньні віцебскіх прадпрымальнікаў, першае зь якіх — адмена ўказу № 222.

Зразумела, што хуткай рэакцыі ад іх чакаць не выпадала, але словы Аляксандра Лукашэнкі пра «мядовыя гады» шмат хто ўспрыняў як абразу. Гаворыць спадар Сяргей, прадстаўнік «Полацкага» кірмашу:

«Іпэшнікі — гэта людзі, якія круцяцца як могуць! Я па тавар ежджу ў Маскву сам, на ўласнай машыне, у любое надвор’е! Я рызыкую нашмат болей, чым тыя, што сядзяць на месцы, ходзяць на працу і атрымліваюць заробак у два мільёны! Я гатовы павесіць транспарант, што ў мяне тавар не сэртыфікаваны. У кожнага чалавека павінна быць права выбару, 21-е стагодзьдзе на двары! Хто хоча адзецца таньней, то купіць у мяне. Хоча з сэртыфікатам і даражэй — калі ласка, у ралет насупраць! Зрабіць усе экспэртызы — гэта значыць падняць кошты на тавар. У Віцебску, дзе сярэдні заробак каля двух мільёнаў, людзі хіба хочуць купляць у тры разы даражэй? Ды ў нас людзі ўжо думаюць, каб было паесьці, а ня тое што дорага адзявацца!»

Выступоўцы казалі пра тое, што выходзіць на працу нельга адназначна. Абмяркоўвалі, што рабіць з таварам, які ў многіх застаўся ў ралетах. Раіліся, ці трэба аплочваць «камуналку» гандлёвага цэнтру, калі яны не працуюць.

Прадстаўнік РГА «Пэрспэктыва» ладзіў асобны сход

Прадстаўнік РГА «Пэрспэктыва» ладзіў асобны сход

Дарэчы, гандлёвы цэнтар «Эвіком» — адзінае месца ў Віцебску, дзе прадпрымальнікам дазваляюць ладзіць сходы. Але з адной умовай: калі на сход будуць прыходзіць выключна прадпрымальнікі. Зважаючы на гэтую акалічнасьць, вядучая сходу Ірына Яскевіч адмовілася даць слова для выступу прадстаўніку РГА «Пэрспэктыва» Анатолю Шапавалаву. Дуіка прысутных наконт гэтага падзялілася: некаторыя прапанавалі даць магчымасьць выступаць усім ахвотным, але большасьць выказалася за тое, каб прадстаўнік «Пэрспэктывы» зьбіраў прадпрымальнікаў за межамі гандлёвага цэнтру. Анатоль Шапавалаў быў вымушаны зрабіць гэта: за будынкам вакол яго сабраліся каля 30 чалавек, якія зноў-такі скардзіліся на ўмовы працы і пыталіся парады, што рабіць. У адказ ахвотным было прапанавана прыехаць на прадпрымальніцкі форум, які ў хуткім часе мае намер арганізаваць «Пэрспэктыва».

Выступае Ірына Яскевіч

Выступае Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч абвясьціла, што ў сацыяльных сетках пачалася інтэрнэт-акцыя падтрымкі. . І прапанавала віцебскім прадпрымальнікам таксама намаляваць плякаты «Я-ІП!»і сфатаграфавацца зь імі, каб размясьціць выявы ў «Кантакце», «Фэйсбуку» або «Аднаклясьніках». Прапанову падтрымалі: тут жа былі зроблены і плякаты, і фотаздымкі.

Прагучала і паведамленьне, што 18 студзеня прадпрымальнікі з розных гарадоў хочуць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Прапанову паехаць у Менск многія падтрымалі.

«Прадпрыемствы стаяць, працы няма, дык калі ж ужо нешта пачнецца, нарэшце? Што нам рабіць? Выйсьця ўжо няма, трэба ехаць! Нічога з намі ня зробяць дрэннага. А то тут нехта, можа, баіцца, што зь ім нешта здарыцца. Ды нічога ня здарыцца! Зьбяромся разам ды пойдзем па горадзе. Няхай бы нас сабралася 5 ці 10 тысяч! А то людзі ўжо ня ведаюць, што рабіць, у нас проста паніка!» — кажа спадарыня Сьвятлана з «Эвікома».

Яшчэ з гадзіну пасьля сканчэньня сходу прадпрымальнікі не хацелі разыходзіцца. Гуртаваліся па некалькі чалавек, абмяркоўвалі рознае. Хто проста скардзіўся на жыцьцё калегам, хто фатаграфаваўся з плякатам, хто дамаўляўся, з кім разам паехаць у Менск на акцыю пратэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG