Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка карыстацца беларускай мовай, калі ўсе навокал ёю не карыстаюцца» — пераможца абласной алімпіяды


Абсалютная пераможца ў Гарадзенскай абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры Марына Шапялевіч

Абсалютная пераможца ў Гарадзенскай абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры Марына Шапялевіч

У Горадні прайшла VI абласная алімпіяда па беларускай мове і літаратуры. У ёй узялі ўдзел вучні з усіх 17 раёнаў Гарадзенскай вобласьці. Сёньня пераможцам уручылі ганаровыя дыплёмы і каштоўныя падарункі.

У актавай залі гарадзенскага электратэхнічнага каледжа, дзе ўзнагароджваюць пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, — атмасфэра беларускасьці. Цудоўная літаратурная мова гучыць як з вуснаў арганізатараў, так і ўдзельнікаў. Гарадзенскія дзіцячыя калектывы арганізавалі невялікі канцэрт выключна зь беларускіх сучасных песень і танцаў.

Перад удзельнікамі алімпіяды беларускай мовы і літаратуры зладзілі канцэрт гарадзенскія школьнікі

Перад удзельнікамі алімпіяды беларускай мовы і літаратуры зладзілі канцэрт гарадзенскія школьнікі

Удзельнікі абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратурыУдзельнікі абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Удзельнікі абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратурыУдзельнікі абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Традыцыйна абласную алімпіяду па беларускай мове і літаратуры праводзяць сумесна Ўпраўленьне адукацыі аблвыканкаму і Таварыства беларускай мовы. Сёлета ў алімпіядзе браў удзел 71 вучань з усіх 17 раёнаў Гарадзенскай вобласьці, 32 удзельнікі атрымалі ганаровыя дыплёмы. А дзевяціклясьніца школы № 31 Горадні Марына Шапялевіч стала абсалютнай пераможцай алімпіяды. Настаўніца беларускай мовы ў яе — Валянціна Ярмусік.

Вучні 11-х клясаў, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе. Іх уганаравалі асобна, бо гэта іх апошняя алімпіяда

Вучні 11-х клясаў, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе. Іх уганаравалі асобна, бо гэта іх апошняя алімпіяда

Кіраўнік гарадзенскага ТБМ Алесь Крой уручыў у якасьці падарунка ўсім 32 пераможцам энцыкляпэдычны даведнік «Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны» выдадзены летась навукоўцамі Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы пры падтрымцы эўрапейскіх адукацыйных праграмаў.

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі ТБМ Алесь Крой уручае памятныя падарункі ўдзельнікам алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі ТБМ Алесь Крой уручае памятныя падарункі ўдзельнікам алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Алесь Крой кажа, што крыху хвалюецца, бо ў такой атмасфэры ня кожны дзень. Ён задаволены праведзенай алімпіядай і кажа, што вучні з усяе вобласьці чарговы раз вельмі парадавалі яго веданьнем беларускай мовы і літаратуры.

— Мы штогод шукаем фундатараў, рыхтуем падарункі для пераможцаў алімпіяды і разам з Упраўленьнем адукацыі ўручаем іх, і такім чынам гэта таксама становіцца матывацыяй для нашых дзетак. Няхай падарункі не такія ўжо і дарагія, але яны застаюцца ў памяці і стымулююць на далейшыя посьпехі.

Кніга «Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны», якую атрымалі ў падарунак пераможцы алімпіяды ад Таварыства беларускай мовы

Кніга «Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны», якую атрымалі ў падарунак пераможцы алімпіяды ад Таварыства беларускай мовы

А вось Марына Шапялевіч, дзевяціклясьніца школы № 31 Горадні, стала абсалютнай пераможцай. Яна таксама хвалюецца. Толькі што яна выступіла перад прысутнымі і адразу пагадзілася адказаць на некалькі пытаньняў Свабоды. Найперш цікаўлюся — ці цяжка далася перамога?

— Алімпіяда — гэта праца, бяссонныя ночы, горы падручнікаў — гэта ўсё праўда. І перад кожнай алімпіядай за два тыдні я сяджу, вучу, я ўкладваю ў гэта свае сілы, вельмі шмат сілаў.

— У вас такая натуральная беларуская мова — вы карыстаецеся ёю ў штодзённым жыцьці?

— Шчыра кажучы, у жыцьці не карыстаюся, таму што ў сучасным сьвеце цяжка карыстацца беларускай мовай, калі ўсе навокал ёю не карыстаюцца. Канечне, на ўроках беларускай мовы і літаратуры карыстаюся.

— А ў клясе ці будзе гонарам тое, што стала пераможцай алімпіяды па беларускай мове, сябры ацэняць гэта?

Ну канешне, канешне, гонар. Я думаю, што і сябры здолеюць гэта ацаніць, бо мы цэнім беларускую мову. І найперш дзякуючы нашай настаўніцы, бо яна ўкладвае ў нас веды. Валянціна Міхайлаўна стала для нас сапраўдным сябрам, асабліва для тых, хто адклікнуўся на яе заклік.

— А ў вашай сям’і часта гучыць беларуская мова?

— Час ад часу, бо мой тата нарадзіўся ў вёсцы, і ён час ад часу гаворыць з намі па-беларуску.

— На ваш погляд, наколькі карысныя такія алімпіяды для вучняў?

— Думаю, што алімпіяда вельмі патрэбная, бо школьнікі, калі ўдзельнічаюць у ёй, пачынаюць разумець каштоўнасьць беларускай мовы, што яна самабытная, самастойная і сапраўдная мова, а ня нейкі пераклад з расейскай альбо перакручваньне расейскай мовы. А гэта мова, якая нарадзілася ўжо болей за тысячу гадоў таму.

— А што вы думаеце наконт таго, што на беларускай мове мала хто размаўляе ў Беларусі, яе не чуваць на вуліцах, нават у школах на перапынках?

— Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Я ня ведаю нават, што трэба рабіць, каб на нашай мове пачалі размаўляць. Магчыма, дзеля гэтага не хапае рэклямы, магчыма, яшчэ нечага, і дакладна ёй не хапае прыхільнікаў і тых, хто любіць мову.

Натальля Тамянушка зь Ліды — удзельніца алімпіяды

Натальля Тамянушка зь Ліды — удзельніца алімпіяды

А вось Наталя Тамянушка зь Ліды трохі засмучаная, кажа што ёй не пашэнціла на алімпіядзе, бо вельмі хвалявалася і ня здолела добра прайсьці вусны іспыт. Праўда, кажа, што яшчэ мае шанец узяць рэванш у наступным годзе.

— Насамрэч у жыцьці я імкнуся размаўляць на беларускай мове, і мае аднаклясьнікі мяне ў гэтым падтрымліваюць. І нават у школе ў нас штогод ладзяцца праекты ў падтрымку беларускай мовы, і сёлета мы разам з маім клясам будзем праводзіць вечарыны, глядзець фільмы, агучаныя на беларускай мове.

Пераможцы абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры будуць прадстаўляць Гарадзеншчыну на агульнарэспубліканскай алімпіядзе, якая пройдзе сёлета ў Полацку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG