Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка часова адмовіўся ад кантролю над кандытарскім гігантам


Адказваючы на пытаньні журналістаў аб карупцыі і алігархах ва Ўкраіне, прэзыдэнт Пятро Парашэнка, восьмы паводле багацьця ўкраінец паводле вэрсіі часопісу Forbes, заявіў, што перадае сваю долю ў кандытарскім гіганце Roshen у «сьляпы траст».

«Я сёлета падпісаў дамову, нарэшце, аб перадачы маёй долі ў Roshen у незалежны траст, заснаваны на мадэлі сляпога трасту. Згодна зь вядучымі міжнароднымі стандартамі і ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Украіны», — сказаў ён 14 студзеня на сваёй штогадовай прэсавай канфэрэнцыі.

«Што прадугледжвае гэты траст? Першае — на ўвесь час маёй кадэнцыі як прэзыдэнта ні я, ні хто іншы ня можа гэты траст разарваць. Другое — паводле гэтай дамовы ніводзін мой подпіс, ніводнае маё ўказаньне ня мае ніякай юрыдычнай сілы. Трэцяе — у якасьці кіраўніка гэтага трасту прызначаны рэспэктабэльны замежны банк першай катэгорыі, які будзе валодаць, кантраляваць і кіраваць актывамі», — патлумачыў Парашэнка.

Парашэнка абяцаў прадаць «Roshen» яшчэ падчас прэзыдэнцкай гонкі ў 2014 годзе.

На сваёй штогадовай прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве Парашэнка чарговы раз заявіў, што ня мае намеру прадаваць «5 канал», які ён называе «адным з найбольш свабодных у краіне». Украінскі прэзыдэнт выказаў меркаваньне, што Ўкраіна ўжо часткова прайшла шлях так званай дэалігархізацыі.

У агульнасьці, Парашэнка назваў «забесьпячэньне міру і вяртаньне Ўкраіны на Данбас» прыярытэтамі бягучага году.

«У 2016 годзе павінна адбыцца абнаўленьне ўкраінскага сувэрэнітэту на акупаваных тэрыторыях — у Данецкай і Луганскай абласьцях», — заявіў ён.

XS
SM
MD
LG