Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённы шпіталь у Крычаве трымаецца на драўляных падпорках


Драўлянымі падпоркамі ўмацоўваюць столь у Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Фатаздымкі з рыштаваньнямі ў хірургічным аддзяленьні лякарні даслалі наведнікі сайту Свабоды.

У адміністрацыі шпіталя патлумачылі, што падпоркі паставілі згодна з рэкамэндацыяй арганізацыі, якая абсьледавала будынак. Факт аварыйнасьці будынка не прызнаецца.

Паводле аўтара фатаздымкаў, які пажадаў застацца невядомым, драўляныя канструкцыі выставілі ў сталоўцы хірургічнага аддзяленьня на другім паверсе. Яны мацуюць столь.

Аўтар сьцьвярджае, што на трэцім паверсе прасела, як ён выказаўся, падлога. Стан памяшканьняў жыхар райцэнтру ацэньвае як аварыйны.

Падпоркі ў бальніцы

Падпоркі ў бальніцы

«А, што яшчэ тут казаць. Дык гэтак выглядае другі паверх, а на трэцім прасела падлога. Падпоркі, наколькі я разумею, усталявалі часова, каб столь не абрынулася. Але ўсё гэта як мёртваму гарчычнікі. Падпоркі дазволяць не абрынуцца столі нейкі час», — выказаў меркаваньне аўтар фатаздымкаў у гутарцы з журналістам.

У адміністрацыі лякарні прызнаюць, што драўляныя рыштаваньні сапраўды выставілі: «Дзеля прафіляктыкі паставілі».

«Будынак абсьледаваны інстытутам „Магілёўграмадзянпраект“. Даведзеныя рэкамэндацыі па эксплюатацыі, і яны выкананыя. Ёсьць дазвол на эксплюатацыю. Гэты інстытут заўжды праводзіць абсьледаваньне», — кажа супрацоўнік адміністрацыі бальніцы.

Новы хірургічны корпус. Узьведзены, але ня ўведзены

Новы хірургічны корпус. Узьведзены, але ня ўведзены

Уваход у бальніцу. Падпоркі прывезьлі

Уваход у бальніцу. Падпоркі прывезьлі

Новы будынак шпіталя, паводле суразмоўцы, узьведзены, але пакуль ня здадзены ў эксплюатацыю.

«Ёсьць фінансавыя праблемы. Але, відаць, у першым квартале будзе ўведзены. Канкрэтную дату назваць не бяруся. У новым будынку 95 працэнтаў прац выкананыя. А потым будзе ажыцьцяўляцца рэканструкцыя старога корпусу».

На пашпарце аб’екта пазначана, што першы этап рэканструкцыі будынка бальніцы павінен быць скончаны 31 сьнежня 2015 году. На стэндзе год і месяц зацёртыя, але прачытаць можна. Пачалі будаўнічыя працы 5 лістапада 2012 году.

Пра тое, што важны для Крычаўскага раёну сацыяльны аб’ект ня ўведзены ў час, і пра прычыны гэтага афіцыйна жыхарам не паведамілі. Згадкі не было і ў мясцовай дзяржаўнай прэсе, абураюцца крычаўцы.

Пашпарт аб’екта. Месяц і год зацёртыя

Пашпарт аб’екта. Месяц і год зацёртыя

Пра сытуацыю ў Крычаўскай раённай бальніцы пісала газэта «Советская Белоруссия» пасьля таго, як у райцэнтры абваліліся два паверхі мясцовай гімназіі. У публікацыі стан будынка лякарні ацэньваўся як перадаварыйны.

«І ў Крычаве лёс гімназіі цалкам можа паўтарыць раённая бальніца. Яшчэ ў 2010 годзе спэцыялісты вынесьлі вэрдыкт: сытуацыя ў галоўным корпусе лякарні — перадаварыйная. З таго часу нічога, па сутнасьці, не зьмянілася. Пра магчымыя наступствы думаць страшна. Аднак неабходна, каб папярэдзіць бяду», — заяўлялася ў дзяржаўным выданьні.

У публікацыі згадвалася, што падлога прасела, а ў некаторыя часткі будынка забаронена ўваходзіць, каб не дадаваць нагрузкі на састарэлыя канструкцыі.

Што да здарэньня ў гімназіі, то яно адбылося напярэдадні навучальнага году — 29 жніўня 2014-га. Пацярпелых не было. У навучальнай установе, якая мела пашпарт гатоўнасьці, абрынулася сьцяна. Цяпер будынак дэмантуюць. Узводзіцца новы.

Усё, што засталося ад гімназіі, якая абрынулася

Усё, што засталося ад гімназіі, якая абрынулася

Прычыны абрушэньня дагэтуль не названыя. Вучняў гімназіі разьмеркавалі па школах райцэнтру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG