Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільярды словаў і «рэйдэрскі захоп» тарашкевіцы: Вікіпэдыі 15 год


Адкрыцьцё помніка Вікіпэдыі ў польскім Слубіцэ, 2014. Фота: DerHexer via Wikimedia
Адкрыцьцё помніка Вікіпэдыі ў польскім Слубіцэ, 2014. Фота: DerHexer via Wikimedia

15 студзеня 2001 году Джымі Ўэйлс і Лары Сэнгер запусьцілі Вікіпэдыю, найвялікшае сховішча ведаў чалавецтва.

Анлайн-энцыкляпэдыі Вікіпэдыя 15 студзеня 2016 году споўнілася 15 год. Ужо даўно Вікіпэдыя ёсьць найвялікшым сховішчам ведаў чалавецтва, ды гэтаму сховішчу не заўжды варта давяраць.

Вікіпэдыю ствараюць звычайныя людзі. Нехта з аўтараў можа быць фізыкам, лекарам, гісторыкам, а нехта будаўніком ці дворнікам, але ўсе маюць права рэдагаваць артыкулы Вікіпэдыі і ствараць новыя. Хоць Вікіпэдыя кіруецца прынцыпам нэўтральнага пункту гледжаньня і патрабуе спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы, яна не гарантуе праўдзівасьць інфармацыі ў артыкулах.

Тым ня менш, Вікіпэдыя ёсьць беспрэцэдэнтным у гісторыі чалавецтва сховішчам ведаў, у дзясяткі, калі ня ў сотні раз большым за Александрыйскую бібліятэку. Па тым, як часта ў Вікіпэдыі згадваюцца работы ўнівэрсытэтаў, можна меркаваць аб разьвіцьці вышэйшай адукацыі ў розных краінах.

Толькі англамоўная Вікіпэдыя ўтрымлівае 5 мільёнаў артыкулаў, у якіх месьціцца больш за тры мільярды словаў. Калі паспрабаваць раздрукаваць гэтыя 24 Гб тэксту, атрымаецца больш за сем тысяч тамоў.

Вікіпэдыя працуе на 288 мовах сьвету, у тым ліку двух варыянтах беларускай мовы. Самыя актыўныя разьдзелы па колькасьці правак — ангельскі, нямецкі, францускі, гішпанскі і расейскі.

Першыя артыкулы па-беларуску пачалі зьяўляцца ў Вікіпэдыі ў 2004 годзе. Пісаліся яны клясычным правапісам альбо тарашкевіцай. У 2007 годзе нечакана для аўтараў разьдзелу be.wikipedia.org усе іх артыкулы зьніклі, а іх месца заняў альтэрнатыўны разьдзел на школьным правапісе альбо наркамаўцы. Карыстальнікі тады казалі пра «рэйдэрскі захоп» Вікіпэдыі, некаторыя нават падазравалі ўлады ў спробе кантролю Вікіпэдыі. Пазьней разьдзел на тарашкевіцы вярнулі ў шырокі доступ на дадатковым дамэне be-x-old.wikipedia.org (сёньня be-tarask.wikipedia.org).

Сёньня паралельна існуюць дзьве беларускія Вікіпэдыі — наркамаўкай і тарашкевіцай, і абедзьве можа рэдагаваць любы ахвочы. Значнай цэнзуры ці заангажаванасьці аўтараў не адчуваецца ні ў адным, хаця артыкулы на розных вэрсіях могуць значна адрозьнівацца напаўненьнем і якасьцю. На сёньня ў Вікіпэдыі 111,5 тысячы артыкулаў наркамаўкай і амаль 58 тысяч — тарашкевіцай, абодва ўваходзяць у топ-100 разьдзелаў паводле колькасьці артыкулаў.

Навучыцца пісаць артыкулы ў Вікіпэдыю ня так складана. Для гэтага нават існуе беларускамоўны дапаможнік, выпушчаны валянтэрамі. Як і за артыкулы ў Вікіпэдыі, аўтары ня просяць грошай за доступ да дапаможніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG