Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада давяла краіну да гэткага стану», — апытаньне ў Магілёве пра вінаватых у эканамічным крызісе


Апытаньне «Свабоды»: «Чаму ў той час, як Беларусь усё больш цярпіць ад эканамічнага крызісу, у суседніх Польшчы і Літве такога крызысу няма? Хто вінаваты ў крызісе?». Адказвалі жыхары Магілёва.

— Я не хацеў бы вінаваціць наш урад, але той, хто кіруе, ад таго ўсё і залежыць. Вы ж паглядзіце, што робіцца з нашымі магілёўскімі прадпрыемствамі. Навошта падымаць з кален тое, што ўжо даўно загнулася? Навошта ўкладаць у іх грошы, даваць ім крэдыты, калі яны іх усё адно ня вернуць?

— Дужа шмат непатрэбных людзей знаходзяцца ў кабінэтах, якія мусілі б выйсьці і чысьціць гэты горад. То бок людзі, якія мусілі б даваць Беларусі квітненьне — яны папросту атрымліваюць зь яе грошы. Гэта наступствы таго ладу, пры якім мы былі акцябратамі, піянэрамі ды камсамольцамі. Асноўная маса кіраўнікоў з таго часу і знаходзіцца пры ўладзе.

— Гэтыя ж краіны іншым шляхам ідуць. У іх зусім іншы мэнталітэт. Пад іх мы наўрад ці падладзімся. Мы ж ад Расеі залежым. У Расеі крызіс — і ў нас таксама. Гэта мо часова. Ды ніхто ў гэтай сытуацыі не вінаваты. Але і ня выхад узводзіць барыкады. Цяпер неяк трэба перажыць гэты крызіс. Мо што ў Расеі наладзіцца ў лепшы бок.

— Хто вам сказаў, што ў гэтых краінах няма крызісу? Яны ж уступілі ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю. У іх уласнай прадукцыі зусім няма. Яны ня маюць права яе вырабляць. Я б не сказаў, што ў Беларусі моцны крызіс. Хіба харчоў у вас няма. Я з Расеі прыехаў, дык у вас свае харчы па цане — як у нас, нават таньнейшыя. Заробкі... Так, невялікія, але цэны такія самыя. А калі глядзець па заробках, то ў вас горш.

— Усё ад Расеі залежыць. У Расеі цяпер поўны крызіс. Беларусь дужа блізкая эканомікамі з Расеяй. Дзяржава давяла краіну да гэткага стану.

— Я ня ведаю, хто вінаваты можа быць, але ня наша кіраўніцтва. Ёсьць дыктатары, якія навязваюць сваю палітыку з па-за межаў нашай дзяржаве.

— А хто сказаў, што ў Польшчы і Літве крызісу няма? Ня так там ужо і добра. Палякі, згодны, лепей за нас жывуць. Народ вінаваты. Які народ, такі і прэзыдэнт. Кожны ж мусіць разумець: каб добра жыць, трэба нешта рабіць.

— Працаваць людзям трэба нармальна. Працаваць. Усім! Усім!

— Вінаваты наш урад і нават прэзыдэнт. Каб нешта зьмянілася, трэба мяняць сьвядомасьць людзей. Калі наладжваць эканамічныя сувязі з той жа Літвой, Польшчай ды наагул з Эўразьвязам, дык гэтаму перашкаджаюць палітычныя матывы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG