Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніца з Гомеля: «Нейкі бандытызм і рэкет ёсьць з боку дзяржавы»


Пустыя рады на Прывакзальным рынку

Пустыя рады на Прывакзальным рынку

Толькі адзіночныя прадпрымальнікі аднавілі працу на рынках Гомеля пасьля калядных сьвятаў. Гэта тыя, што гандлюе парфумай, дзіцячымі цацкамі і некаторымі таварамі лёгкай прамысловасьці. На замкнёных ралетах трапляюцца абвесткі: «Зачынена ў сувязі з немагчымасьцю выкананьня ўказу Прэзыдэнта РБ № 222».

Прывакзальны рынак у Гомелі быў заўжды вельмі папулярны. Раней тут прадавалі харчы, сельгаспрадукцыю, тавары лёгкай прамысловасьці. Цяпер некалькі шапікаў прадаюць парфуму, цацкі і кніжкі для дзяцей, штучныя вянкі і кветкі для рытуальных паслуг і сёе-тое з тавараў лёгкай прамысловасьці. Рынак апусьцеў.

Кабета ў гадах стаць пры дзіцячых кніжках як вартаўнік — ніякага гандлю на амаль пустым рынку няма:

«Спачатку ў нас зьліквідавалі прадукты. Людзям вельмі нязручна. Чалавек ідзе з чыгуначнага вакзалу на аўтавакзал, хоча купіць харчы, зубную пасту, што-кольвечы з абутку — тыя ж тапачкі, дзецям цацкі хоча купіць. Цяпер тут амаль нічога няма. Людзі лаюцца. Чаму нельга нічога купіць? І дзе купіць? Гандлёвыя рады пустыя. Людзі пытаюцца: „Чаму?“ Многія не разумеюць. Прадукты прыбралі, адзеньне зачынена. Цяпер толькі выпадковыя людзі заходзяць. Такога ніколі не было».

Прадавачка касмэтыкі, сэртыфікаты на якую ўвялі яшчэ гадоў сем таму, дапаўняе сумны малюнак:

«Адзічэем, бо, бачыце, гандляроў рэчамі няма — рэчавыя шапікі не працуюць. Прадуктаў няма. Дзе бачылі рынак, каб прадуктаў не было? І прамтавары прыбіраюць. Такіх рынкаў наагул не бывае. Выгадна, відаць, камусьці, таму й прыбіраюць».

На пачатку гандлёвага раду, што прымыкае да вуліцы Курчатава, на зачыненым ралеце вісіць абвестка: «Зачынена ў сувязі зь немагчымасьцю выкананьня ўказу Прэзыдэнта РБ № 222», на іншых — «Выходны» альбо «Зачынена па тэхнічных прычынах».

Штучныя кветкі і вязаныя шапкі

Штучныя кветкі і вязаныя шапкі

У самым кутку Прывакзальнага рынку вязаныя шапкі, шалікі прадае прадпрымальніца Марына. Яна тлумачыць, чаму выйшла на працу, калі бальшыня прадпрымальнікаў пад страхам вялікіх штрафаў і канфіскацыі тавараў працу спынілі:

«Я важу тавар афіцыйна, плачу падатак на дададзеную вартасьць. Мне ж гэтыя грошы трэба зарабіць. У мяне маскоўская прадукцыя, яна сэртыфікаваная і з адпаведнымі суправаджальнымі дакумэнтамі. Я стала працаваць пасьля выхаду 222 указу. Праз інтэрнэт шукала тавар. У мяне пайшло на гэта цэлае лета. Шукала і знайшла. Мне цяжка сказаць, чаму калегі не шукаюць альбо ня могуць знайсьці. Залежыць гэта, думаю, ад спэцыфікі тавару. Людзі вельмі расчараваныя, што рынак, па сутнасьці, зачыніўся. Бо людзі прывыклі купляць усё на рынку — таньней, выбар большы. Вельмі многія скардзяцца».

Прыстойна апранутая гараджанка, якая назвалася Любоўю Пятроўнай, так кажа пра зачыненыя ралеты:

«Я засмучаная. Ежджу ўжо пяты раз на рынкі і не магу купіць дзецям надзіманыя зімовыя боцікі. Вельмі засмучана. Тут такі добры рынак быў — танны, для сям’і. Чалавек, у якога шмат грошай, купіць дарагі тавар у краме, а ў каго грошай мала, ён прыедзе на гэты рынак, выбера сабе патрэбнае — і ні на кога ня будзе крыўдаваць. Навошта мне сэртыфікаты? Калі мне падабаецца вось гэтая кофта, я яе куплю без усялякага сэртыфікату. І ні на кога ня буду крыўдаваць, што яна нейкая там дрэнная ці яшчэ якая. Гэта па жаданьні і паводле маіх грошай».

Пустуюць, за рэдкім выключэньнем, і рэчавыя гандлёвыя рады на Цэнтральным рынку. Сям-там прадаюць таю ж касмэтыку, дарожныя валізы ды чамаданы.

На Цэнтральным рынку

На Цэнтральным рынку

На асобных зачыненых ралетах вісяць тлумачэньні. Адно зь іх: «Тавар не сэртыфікаваны ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Мытнага саюзу».

Побач з аб’явай прадпрымальніца Раіса адкрыла свой ралет — прадае касмэтыку, прылады для галеньня, розныя наборы лёзаў. Сама яна настаўніца біялёгіі і хіміі. Прадпрымальніцтвам займалася звыш пятнаццаці гадоў. Цяпер — фініш:

«Няма ніякай працы. Бачыце, ні людзей, ні гандляроў, ні выручкі — анічога. Да канца месяца дапрацуем, зачыняемся і сыходзім. Усё! А што тут рабіць? Нават ня ведаем, куды падзецца. Трэба было б куды-небудзь уладкавацца. Але куды, ня ведаю, бо нідзе працы няма, нягледзячы ні на адукацыю, ні на што. Нідзе ніхто не бярэ».

Суразмоўніца лічыць марнымі і розныя сходы прадпрымальнікаў, кшталту таго, што зладзіла 11 студзеня аб’яднаньне «Пэрспэктыва» ў Менску. Такія сходы маюць сэнс толькі тады, калі на іх прысутнічаюць дзяржаўныя службоўцы, якія надзелены паўнамоцтвамі нешта вырашаць. Іначай — пустая гаварыльня:

«Сабраліся, памянцілі языкамі. Гэта ўсё бяз толку. Ніхто ж зь імі не размаўляе. Прыходзяць на сходы нібыта дзяржаўныя людзі, якія нічога не вырашаюць. Нават нешта сказаць па сутнасьці ня могуць. Пра што тут гаварыць?! Нейкі бандытызм і рэкет з боку дзяржавы. Я ўжо й ня ведаю, што рабіць — хіба толькі зачыняцца і сыходзіць, іначай нельга. Ну, на плошчу выйдзем. Таксама толку ня будзе. Зловяць чалавек дзесяць ці пятнаццаць, пасадзяць пяцёх, астатнім штраф прыпаяюць. Вось і ўся плошча».

На Гомельшчыне каля 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. І пакуль незразумела, якім чынам улады зьбіраюцца працаўладкоўваць гэтую армію прадпрымальнікаў, якія з увядзеньнем у дзеяньне ўказу № 222 засталіся бяз працы, а значыць, і сродкаў да існаваньня.

XS
SM
MD
LG