Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АГП пойдзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў у фармаце Правай кааліцыі


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Пра гэта заявіў сёньня лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі, на якой ён і яго намесьнікі Леў Марголін і Антаніна Кавалёва агучылі пляны партыі на 2016 год.

Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што Аб’яднаная грамадзянская партыя на кожныя выбары, у залежнасьці ад іх фармату, ад мясцовых да прэзыдэнцкіх, выпрацоўвае сваю пазыцыю дзеля таго, каб не гуляць па правілах улады. Гэтым разам партыя вырашыла ісьці на выбары ў Палату прадстаўнікоў не асобна, а ў складзе Правай кааліцыі. Партыя ўжо перадала сваім калегам па кааліцыі на ўзгадненьне сьпіс з 55 «сьпікераў», якія могуць стаць патэнцыйнымі кандыдатамі падчас выбарчай кампаніі.

Анатоль Лябедзька сказаў, што пад Правым цэнтрам цяпер можна разумець тры арганізацыі. Гэта Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт па стварэньні партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён падкрэсьліў таксама, што па некаторых кірунках да правай кааліцыі далучаецца і партыя Беларускага народнага фронту.

Яшчэ адной навінкай сёлетняй выбарчай кампаніі будзе ідэя стварэньня Асамблеі народных прадстаўнікоў. У гэтую асамблею ўвойдуць людзі, якія будуць актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Прычым уваход і доступ да гэтай Асамблеі адкрыты ўсім, і правым, і левым.

Усім, хто хоча зьмяняць уладу, а не ўбудоўвацца ў яе.

«Усім, хто хоча зьмяняць уладу, а не ўбудоўвацца ў яе», — падкрэсьліў Анатоль Лябедзька:

«Справа ў тым, што раней кандыдатам ад апазыцыі звычайна пісалі 2–3 ганебныя працэнты, якія яны ўсяго нібыта атрымалі на выбарах, і на гэтым іх так званая выбарчая дзейнасьць канчалася. Гэтым разам ёсьць намер усё зьмяніць. І нават калі ўлады працягнуць практыку нячэсных выбараў, стварыць з тых кандыдатаў, хто актыўна правёў кампанію, такую Асамблею народных прадстаўнікоў. Гэтыя людзі змаглі б некалькі разоў на год зьбірацца, абмяркоўваць пытаньні разьвіцьця краіны, уносіць прапановы, працаваць над альтэрнатыўнымі праграмамі».

Пад гэтай ідэяй, сказаў Анатоль Лябедзька, падпісаліся пакуль толькі АГП і БХД, але яна прывабная, і магчыма, што сьпіс тых людзей, якія іх падтрымліваюць, пашырыцца.

Аб’яднаная грамадзянская партыя вызначылася са сваімі мэтамі на палітычную кампанію 2016 году. Лідэр партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што сёлета партыя хоча вырашыць тры галоўныя задачы. Першая — прасоўваньне пазытыўнай альтэрнатывы праграмы сыстэмнай рэформы «Мільён новых працоўных месцаў». Другая задача — павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў палітычнага працэсу. Трэцяя — недапушчэньне фальсыфікацыі вынікаў выбарчай кампаніі, калі выбары ня будуць чэсныя і свабодныя.

Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама вызначыла свае мэтавыя групы, зь якімі яна зьбіраецца шчыльна працаваць сёлета. Першая група — індывідуальныя прадпрымальнікі, малы і сярэдні бізнэс, другая — моладзь, у прыватнасьці студэнты, трэцяя — жанчыны, і чацьвёртая — работнікі буйных прадпрыемстваў. Партыя таксама хацела б у 2016 годзе дамагчыся сапраўднага аб’яднаньня і кансалідацыі апазыцыйных удзельнікаў палітычнага працэсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG