Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс «Дзеяслоў» у № 79 апублікаваў новую аповесьць Уладзімера Арлова — «Танцы над горадам». Вяртаньне Арлова ў рэчышча клясычнай прозы падштурхоўвае да сякіх-такіх развагаў пра нітку ягонага творчага лёсу, якая спляталася з найразнастайнейшымі пластамі культур і ўсё ж здолела застацца (заў)важнаю нават і ў стракатым сёньняшнім празаічным дыване.

Пад прозаю Арлова я разумею, зрэшты, ня толькі дачасна акрэсьленыя падручнікамі апавяданьні й аповесьці, але й увесь суплёт дакумэнтальных жанраў, зь якімі даводзілася аўтару сутыкацца — тыя ж гістарычныя эсэ, россыпам ці ў выглядзе кніг, мелі на сабе выразны адбітак пэрсанальнага стылю. Арлоўскія травэлёгі, складзеныя ў «Адкусі галаву вароне» ці ўкінутыя ў цела «чыста празаічных» зборнікаў, таксама ня проста дапаўнялі ягоны «фікшн», але й самі вытыркаліся галавой з функцыянальна абмежаванага свайго пакліканьня. Розьніла тэксты хіба танальнасьць і, зноў жа, тая самая «сацыяльная функцыя»: папулярныя тыражныя кнігі пра Эўфрасіньню Полацкую, «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Дзесяць стагодзьдзяў...» і далейшая нэўтронная бомба «Краіна Беларусь» мелі асьветніцкае прызначэньне: адлюстраваньне нацыянальнага праекту ў прывабным выглядзе і з выкарыстаньнем найлепшых слоў у найлепшым парадку. Іх, слоў, ад аўтара і патрабавалася, і ён іх даваў і даваў, кідаючы ў асьветніцкі праект сваё пісьменьніцкае вугольле. Мары Ермаловіча зьдзейсьніліся: афіцыйная навука цяпер гаворыць пра беларускую дзяржаву ВКЛ і беларускія летапісы абсалютна спакойна, часам нават склікаючы міжнародныя канфэрэнцыі; пра моладзь і гаворкі няма — вынік падрыўной дзейнасьці Арлова відавочны.

Безумоўна, папулярны нон-фікшн карэляваў з гістарычнай прозай Арлова, якая ўпарта пазьбягала савецкай манумэнтальнасьці і панарамнасьці і канцэнтравалася хутчэй на традыцыі караткевічаўскага кароткага апавяданьня (альбо навэлы), дзе, з абрэзанымі перадгісторыямі і біяграфіямі, удавалася перадаць рамантычны дух творцаў гісторыі — з разьлікам, каб самыя рэальныя факты здабываліся чытачамі постфактум, на хвалі зацікаўленасьці. З улікам таго, што кнігі і творы ішлі ў школьную праграму (уключаю аўтабіяграфічны момант у гэты артыкул), альгарытм гэты працаваў найвыдатнейшым чынам. Праўда, зьвяртаць увагу на кнігі Арлова школьнікам раілі нядоўга, бо прыйшлі і іншыя часы.

Другі вэктар прозы Арлова можна назваць сатырычным. Наймацней ён быў рэалізаваны ў вышэйзгаданай падарожнай эсэістыцы і апавяданьнях, дзе віртуозна сутыкаліся сюррэалізм постсавецкай рэчаіснасьці, ідыятызм савецкага жыцьця, нацыянальныя несупадзеньні і гістарычныя экскурсы ў тапаграфію абсурду і прыўзьнятага брыва. Насычаны рэаліямі і дэталямі, рэчыўны сьвет Арлова — быў ён рэтраспэктыўна-полацкі ці то сучасны чытачу — ператвараў цябе ў элемэнт сасюраўскага сынхранічнага аналізу сыстэмы ці, прасьцей кажучы, у назіральніка зь біноклем і іншай добрай оптыкай.

Трэцім, а вельмі адрозным ад двух папярэдніх — аж да адмаўленьня іх істотнасьці, кірункам для Арлова быў мэтафізычны, і найперш я маю тут на ўвазе аповесьці «Краявід з мэнтолавым пахам» і «Genius loci», што падаюцца мне істотнымі складовымі часткамі, веды пра якія і чытаньне якіх дазволіць лепш зразумець новую аповесьць «Танцы над горадам», надрукаваную ў сьвежым нумары часопіса «Дзеяслоў». Можна сказаць, гэтыя тэксты ўтвараюць пэўны трыпціх, а трымае іх разам эратычная аснова еднасьці Дваіх, раскрытая зусім розна ў кожным творы. Варта дадаць, што ў гэтых творах нацыянальны і сатырычны пляны амаль не зьяўляюцца.

«Genius loci» пэўным чынам падагульняе тапаграфічныя штудыі Арлова, перш за ўсё зьвязаныя ў чытацкай сьвядомасьці з Полацкам.

«Genius loci» пэўным чынам падагульняе тапаграфічныя штудыі Арлова, перш за ўсё зьвязаныя ў чытацкай сьвядомасьці з Полацкам. Інтымная гісторыя тут разгортваецца і звужаецца ў кавярні з малапрэтэнцыёзнай назвай «Сябры» (зрэшты, прыгадаем «Хвілінку» Ігара Бабкова). Кавярня акумулюе стракатыя біяграфіі заўсёдных наведнікаў, але стварэньне падобнай энцыкляпэдыі community можна было прачытаць у Арлова і раней — напрыклад, у «Інтэрнаце». Зрэшты, самая тэма стварэньня і функцыянаваньня community застанецца важнай для яго, але ў «Genius loci» пульсацыя гарадзкога жыцьця перамяжоўваецца ў кавярні з інтымнай рытмікай размоваў закаханай пары. Калі казаць пра кампазыцыю, то спачатку адбываецца малюецца агульны вобраз кавярні, дэталізуецца community, пасьля аўтар цалкам канцэнтруецца на сваёй пары Я/Яна (ужо ўбудаванай у інтэр’ер кавярні) і іх уяўленых падарожжах (у выглядзе абмену біяграфіямі, а пазьней — ролевымі гульнямі), а тады кульмінацыя з разьвітальным пірам і зьнікненьнем топасу: і community, і пары, і самога месца — бо дом у прадмесьці руйнуецца. Топас і гульня, якая злучае розныя чалавека-сьветы, уяўляюцца асноўным паведамленьнем «Genius loci»: «Пацягваючы міндалевы лікёр, мы прыйшлі да высновы, што калі ты ўзьняўся над расьлінным існаваньнем, то мусіш зразумець адную элемэнтарную, на першы погляд, рэч. Выбару сапраўды няма: кожны — незалежна ад уласнай волі — прызначаны ці асуджаны іграць нейкую ролю, у выкананьні якой і схаваны сэнс жыцьця. У вайне з хронасам ніхто не пераможа, але той, хто ўсьвядоміў свой абавязак і зьліўся з рольлю, узброены лепей.»

«Краявід з мэнтолавым пахам», які варта пакласьці ў цэнтр трыпціху, усякае іншае спалучэньне, што выходзіць за «Я/Яна», адпрэчвае. У гэтым творы мэтафізычныя штудыі Арлова дасягаюць свайго апагею, і мне чамусьці бачыцца тут апатэоз 90-х, зь іх пошукамі сыходу ў іншае вымярэньне, не заземленымі ні на што, апрача самога пошуку, зь іх адштурхоўваньнем рэальнасьці на карысьць «невымоўнага», невядомага, тагасьветнага. Калі самое зьмесьціва і мэта намацваюцца ледзь-ледзь. Такі сабе плявок «ліючайся формай» у твар канструктывізму.

Прага дабрацца да ўскрайку тонкага сьвету, пераадолець мяжу рэальнага з трансцэндэнтным (ці астральным, як у апавядальніка) у «Краявідзе з мэнтолавым пахам» прыводзіць героя да паступовага, крок за крокам, адслойваньня ўласнага «я», пачынаючы ад першай убачанай у люстэрку прыкметы: «Захацелася зірнуць на сябе на пачатку гэтага рызыкоўнага шляху, і я падышоў да авальнага люстра над куфрам. На першы погляд, нічога асаблівага ў маім абліччы не заўважалася. Сівая пасма на правай скроні магла, дапусьцім, зьявіцца раней. І ўсё ж узьнікла адчуваньне, што ў гэтым рослым чалавеку ў зялёнай начной піжаме прысутнічае новая якасьць... Нацадзіўшы трэцюю порцыю каньяку, я адшукаў адказ: чалавек у люстэрку меў большае падабенства не зь пісьменьнікам, а зь яго пэрсанажам». Самое гэтае назіраньне зь люстэркам адкрывае бязьмежную філялягічную прорву (тартуская школа яшчэ ў 1980-я выдала калектыўны зборнік артыкулаў пра люстэрка ў літаратурным тэксьце), а ў «Краявідзе» адсылак да падступнага «двухсьвецьця» насамрэч нямала. Асноўную ж цікавасьць уяўляе сам працэс выключэньня цьвярозага розуму з рэальнасьці і ўваход у ірацыянальны сьвет, з усімі выбрыкамі і пратэстамі прытомнай галавы (псыхалягізм!), якія ўрэшце сканчаюцца поўнай яе паразай — на карысьць зьліцьця зь Ёю, жанчынай «адтуль». Галоўную ж прывабнасьць для героя складае ня столькі сам інтымны кантакт з прысьнёнай Ёю, як бязьмежнасьць варыяцыяў «супольнага падарожжа» — у часе й прасторы, у розных ролях (некаторыя зь якіх прыкідвалі на сябе і героі «Genius loci»), разнастайнасьць, якая нарошчваецца ад сустрэчы да сустрэчы: «Несканчоная чарада падарожжаў нагадвала ўзыходжаньне — ад простага да больш складанага, ад зразумелага — да таго, што трэба проста ўзяць на веру». І, далей: «Мне 42 гады і кожны новы дзень набліжае мяне да падарожжа, якое станецца найдаўжэйшым, да падарожжа, дзе Яна набудзе нязьменнае аблічча і нарэшце назаве сваё імя». Аднак фатальнае завяршэньне штудый героя (пятля) хутчэй выштурхоўвае чытача з палону тонкага сьвету, пакідаючы напрыканцы аповесьці выразны пытальнік.

Які нейкім чынам чуецца і ў трэцяй часьціне трыпціху — «Танцах над горадам».

Новую аповесьць я назваў бы спробай вяртаньня.

Новую аповесьць я назваў бы спробай вяртаньня. Да таго вычуваньня інфэрнальнага, да вычуваньня community, да еднасьці Я/Яна, пакаштаваных раней. Гісторыя, якая зноў павядзе героя на той бок, адбудзецца на гэты раз у Полацку: горад, шматкроць згаданы ў аповедах, успамінах, артыкулах і гістарычных кнігах, завяжа вузел аповеду пра мэтафізычны танец люнатыкаў. Еднасьць не ўсьвядомленага ў рэальнасьці community (як гэта было ў «Genius loci»), а еднасьць праз тонкі сьвет, праз астральны танец, які адбываецца, непадуладны волі «эга», тады, калі сам хоча адбыцца. Для таго, каб трапіць на дах закінутага полацкага гатэлю, трэба быць абраным. Гэтая абранасьць для танцу зносіць прэч перагародкі абалонак, і астральны сьвет выступае ў Арлова цяпер ня так заменай, колькі дапаўненьнем (патрэбным і важным) для існаваньня ў рэальнасьці, праз танец люнатычнага таварыства-community набывае сэнс самое жыцьцё.

Нават калі яно страчваецца адным з танцораў, танец працягваецца.

Ня трэба тут казаць высокадухоўных слоў пра тое, што «Танцы над горадам» — найлепшы твор беларускай літаратуры апошніх гадоў, але для сталых прыхільнікаў патаемнай, вымкнутай зь «беларускага» кантэксту, мэтафізычнай прозы Ўладзімера Арлова аповесьць станецца праўдзівым падарункам. Тут сыходзяцца дарогі «Genius loci» і «Краявіду з мэнтолавым пахам», Полацку і Менску, эратычнай повязі Дваіх і надзеі на лепшае для ўсіх.

«...І бываюць ночы, калі я прысьвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго сьвету... Я танчу ў памяць пра сябе, бо прыйдзе ноч, калі я пачну пашыраць кола свайго танца, пакуль яно не кранецца бездані і дах зноў будзе паўнаўладна належаць толькі ластаўкам, якія пачнуць забываць чалавека, што калісьці без дазволу ступіў на іх тэрыторыю, хоць і з павагаю зьняў абутак».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG