Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычны блізьнюк Бабруйска знайшоўся ў Кітаі


Брытанскі BBC супольна з сэрвісам Shazam прапанаваў пошук гарадоў-блізьнюкоў па музычных цікаўнасьцях. Зь 15 беларускіх гарадоў большасьць мае музычныя цікаўнасьці, блізкія да Расеі.

Так, у сталіцы ў сэрвісу Shazam за апошні час найчасьцей пыталі пра песьні «Don’t Be So Shy» францускай сьпявачкі Imany, «Writing’s On The Wall» ангельца Сэма Сьміта, «Собирай Меня» харкаўчаніна Арцёма Піваварава, «How Deep Is Your Love» шатляндца Кельвіна Харыса і гурту Disciples ды «Hello» лёнданскай «новай Эмі Ўайнхаўс» Адэль. У 1400 км ад Менску, у расейскім Балакава ў Shazam пытаюць пра тыя самыя песьні.

Музычныя блізьнюкі беларускіх гарадоў збольшага ў Расеі. Блізьнюк Баранавічаў — Табольск, Барысава — Стары Аскол, Берасьця — Надым, што ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе, Віцебска — далёкі-далёкі Ўладзівасток, Воршы — халодныя Апатыты, што ў Мурманскай вобласьці, Гародні — ажно Хабараўск, Гомеля — Новакузьнецк, Ліды — Таганрог, Магілёва — Северадзьвінск, Мазыра — суворы Чалябінск, Маладзечна — Выбарг, Пінска — Арзамас, што пад Ніжнім Ноўгарадам, Полацка — Арсеньеў у 250 км ад Уладзівастока.

Найбольш цікавы музычны блізьнюк у Бабруйска — Харбін, што ў Кітаі. Ад яго да Бабруйска цэлых 6,5 тысяч кілямэтраў, але зь нейкай прычыны там шукаюць тую ж музыку. Прычым у топе той самы харкаўчанін Арцём Півавараў зь песьняй «Собирай Меня», а таксама кіяўлянін Мікіта Аляксееў зь песьняй «Пьяное Солнце» і яшчэ шэраг расейскамоўных выканаўцаў.

Што цікава, музычны блізьнюк Масквы знайшоўся ва Ўкраіне — гэта Ільлічаўск, што ў Адэскай вобласьці. Горад неўзабаве мае быць перайменаваны ў межах дэкамунізацыі, блізьнюк расейскай сталіцы можа атрымаць назву Чарнаморск.

Shazam — заснаваны ў 1999 годзе мабільны сэрвіс са 100 мільёнамі карыстальнікаў, актыўных штомесяц. Па кароткім урыўку песьні, запісаным нават у шумным месцы, Shazam можа распазнаць выканаўцу і назву песьні. У базе сэрвісу мноства песень і выканаўцаў, што прадаюць сваю музыку легальным шляхам, але даволі мала беларускамоўных выканаўцаў, многія зь якіх не выстаўляюць свае песьні на платныя сэрвісы кшталту iTunes.

XS
SM
MD
LG