Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абама і Пуцін абмеркавалі па тэлефоне становішча ва Ўкраіне і ў Сырыі


Абмяркоўваліся таксама двухбаковыя кантакты па ваеннай лініі, накіраваныя на сумесныя намаганьні ў барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абмеркавалі па тэлефоне крызісы ва Ўкраіне і ў Сырыі. Пра гэта паведаміў Белы дом.

«Яны правялі значную частку часу ў абмеркаваньні неабходнасьці выкананьня расейцамі сваіх абавязацельстваў, прынятых у Менску — наўпрост цяпер спыніць падтрымку сэпаратыстаў, якія дэстабілізуюць Украіну», — сказаў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст.

У паведамленьні Белага дома, распаўсюджаным у сераду, адзначаецца, што прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў важнасьць работы па дыпляматычным рашэньні крызісу ва Ўкраіне шляхам поўнага ажыцьцяўленьня Менскіх пагадненьняў ўсімі бакамі. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што ключавым наступным крокам для бакоў зьяўляюцца пагадненьні аб умовах правядзеньня мясцовых выбараў ва ўкраінскім Данбасе, якія павінны адпавядаць стандартам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ).

Лідэры дзьвюх краінаў таксама абмеркавалі настойлівую неабходнасьць ажыцьцяўленьня рэзалюцыі 2254 Рады Бясьпекі ААН па Сырыі. Акрамя таго, яны адзначылі неабходнасьць прыняцьця мераў па садзейнічаньні прадуктыўнай дыскусіі паміж прадстаўнікамі сырыйскай апазыцыі і рэжымам прэзыдэнта Сырыі Башара Асада пад эгідай ААН, у асноўным, за кошт скарачэньня гвалту і задаволеньня неадкладных гуманітарных патрэбаў сырыйскага народа, асабліва тых, хто жыве ў аблозе і ў цяжкадаступных супольнасьцях.

Нарэшце, лідэры дзьвюх краінаў абмеркавалі важнасьць моцнай і адзінай міжнароднай рэакцыі на ядзернае выпрабаваньне ў Паўночнай Карэі ў парушэньне рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН, інфармуе Белы дом.

Кіеў і заходнія ўрады абвінавачваюць Маскву ў распальваньні канфлікту ва Ўкраіне, забесьпячэньні зброяй і аказаньні іншай дапамогі сэпаратыстам. Гэтыя абвінавачваньні Крэмль адмаўляе.

Згодна з паведамленьнем Крамля, Пуцін і Абама таксама заклікалі да «дээскаляцыі» напружанасьці паміж Іранам і Савудаўскай Арабіяй.

Падчас тэлефоннай размовы абмяркоўваліся двухбаковыя кантакты па ваеннай лініі, накіраваныя на сумесныя намаганьні па барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Усходзе. У сувязі з заявай кіраўніцтва КНДР аб правядзеньні выпрабаваньня вадароднай бомбы прэзыдэнты ЗША і Расеі адзначылі, што, калі гэты факт пацьвердзіцца, гэта стане грубым парушэньнем рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН і не павінна застацца бяз жорсткай міжнароднай рэакцыі, паведаміла прэс-служба Крамля.

XS
SM
MD
LG