Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за ўсё ўкраінцы любяць Польшчу і Беларусь, найменш — Расею


У той частцы Данбасу, якая знаходзіцца пад кантролем Украіны, на першым месцы сымпатый — Беларусь.

Пра гэта сьведчыць апытаньне ўкраінскай сацыялягічнай групы «Рэйтынг» па стане на лістапад, праведзенае пры падтрымцы ўраду Канады.

«Українська правда» паведамляе, што паводле апытаньня, добра да Польшчы ставяцца 58% украінцаў (зь іх 13% — вельмі добра). 35% ставяцца нэўтральна, 5% — нэгатыўна (зь іх 1% — вельмі адмоўна).

На другім месцы сымпатый знаходзіцца Беларусь. Да яе добра ставяцца 53% апытаных (зь іх 10% — вельмі добра), нэўтральна — 40%, адмоўна — 4%, вельмі нэгатыўна — менш за 1%.

Эўрапейскі Зьвяз знаходзіцца на трэцім радку гэтага рэйтынгу, яго любяць 49% украінцаў (зь іх 8% — моцна), нэўтральна ставяцца 39%, адмоўна — 9% (зь іх 2% — вельмі).

ЗША знаходзяцца на восьмым месцы сымпатыяў. Амэрыцы сымпатызуюць 39% украінцаў (зь іх 6% — значна), нэўтральна ставяцца 42%, адмоўна — 16% (зь іх 4% — вельмі).

Расея месьціцца на апошнім месцы, да яе добра ставяцца 16% апытаных (зь іх 3% — вельмі добра), нэўтральна — 21%, адмоўна — 59% (зь іх 33% — вельмі адмоўна).

Данбас мае іншыя сымпатыі

У той жа час сытуацыя ў той частцы Данбасу, якая знаходзіцца пад кантролем Украіны, значна адрозьніваецца.

Там на першым месцы сымпатый — Беларусь. А Расея знаходзіцца на другім месцы сымпатый пасьля Беларусі. Да РФ там добра ставяцца 39% (зь іх 9% — вельмі добра), нэўтральна — 31%, адмоўна — 20% (6% — вельмі адмоўна).

Больш за ўсё жыхары Данбасу ня любяць ЗША, якія разьмясьціліся на апошнім месцы. Да гэтай краіны добра ставяцца толькі 17% апытаных (зь іх 2% — вельмі добра), нэўтральна — 40%, адмоўна — 34% (зь іх 10% — вельмі).

Эўразьвяз знаходзіцца прыкладна ў сярэдзіне сьпісу, да яго добра ставяцца 22% апытаных (зь іх 4% — вельмі добра), 48% — нэўтральна, 19% — нэгатыўна (зь іх 5% — вельмі).

Апытаньне праводзілася 19-30 лістапада, было апытана 1800 чалавек старэйшых за 18 гадоў ва ўсіх рэгіёнах Украіны акрамя Крыму і Данбасу. У падкантрольных Украіне раёнах Данбасу было апытана 1284 чалавек. Магчымая пагрэшнасьць не перавышае 2,3%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG