Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія будзе правяраць, ці Польшча прытрымліваецца вяршэнства закону


Эўракамісія 13 студзеня вырашыла пачаць гэтак званую «працэдуру прававой дзяржавы» ў адносінах да Польшчы.

Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Франс Тымэрманс патлумачыў, што Эўракамісія хоча правесьці папярэднюю ацэнку сытуацыі ў Польшчы, зьвязанай з папраўкамі ў закон аб Канстытуцыйным судзе і ў закон аб грамадзкіх СМІ, якія пад канец мінулага году прыняў новы польскі Сэйм.

«Мэта гэтага працэсу, які мы пачалі — высьветліць факты ў аб’ектыўны спосаб, ацаніць сытуацыю больш глыбока і пачаць дыялёг з польскімі ўладамі без прадвызначэньня наступнага кроку. Гэта накіравана на прадухіленьне любой сытуацыі, у якой вяршэнства закона можа быць пастаўлена пад сумнеў. Тое, што мы хочам зрабіць, гэта пераканацца, што вяршэнства закона захоўваецца, і дапамагчы знайсьці рашэньні, калі гэта неабходна» — заявіў Тымэрманс пасьля пасяджэньня Эўракамісіі.

Палітычная спрэчка ў Польшчы, якая апошнім часам вылілася ў вулічныя пратэсты, датычыць прызначэньня судзьдзяў у Канстытуцыйны суд і новых правілаў кіраваньня гэтак званымі грамадзкімі СМІ.

Шматступенная «працэдура прававой дзяржавы» Эўракамісіі прадбачвае, акрамя ацэнкі сытуацыі, выпрацоўку рэкамэндацый для дзяржавы, якая не прытрымліваецца вяршэнства закону, маніторынг выкананьня гэтых рэкамэндацый і санкцыі ў выпадку адмовы іх выканьня.

XS
SM
MD
LG