Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане праходзяць стыхійныя пратэсты


Відавочцы сьцьвярджаюць, што паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і нават агнястрэльную зброю.

Жыхары азэрбайджанскага гораду Агсу пратэстуюць супраць павышэньня цэнаў на харчовыя тавары, беспрацоўя і праблемаў з выплатай заробкаў. Прадстаўнікі выканаўчай улады раёну прынялі некалькіх грамадзян, каб выслухаць іх патрабаваньні.

Акцыі пратэсту працягваюцца і ў раёне Фізулі, у прыватнасьці, у вёсцы Балабэхмэнлі Фізулінского раёну. Людзі абураныя ростам цэн і беспрацоўем.

У Сіязане (90 км на поўнач ад ад Баку) жыхары сабраліся пратэставаць перад будынкам раённай адміністрацыі.

Паліцыя паспрабавала разагнаць гэтую акцыю пратэсту. На месца падзеі прыбылі машыны аддзелу хуткага рэагаваньня МУС. Паводле відавочцаў, паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ: «Мы чулі гукі стрэлаў. Стрэлы мелі месца каля школы. Дзеці ў страху вяртаюцца дадому» — паведамляюць сьведкі. 13-гадовы школьнік быў шпіталізаваны з сымптомамі атручэньня сьлезацечным газам.

Напярэдадні, пасьля чарговай акцыі пратэсту ў Ленкаранскім раёне (поўдзень Азэрбайджану) былі затрыманыя два мясцовыя актывісты апазыцыі. Аднаго з апазыцыянэраў — актывіста ленкаранскай арганізацыі партыі «Мусават» Імана Аліева — вінавацяць у інфармаваньні СМІ пра акцыю пратэсту. Абодвух апазыцыянэраў адвезьлі ў суд.

Паводле дэвальвацыйных вынікаў 2015 году азэрбайджанскі манат займае першае месца. У 2015 годзе краіна перанесла дзьве дэвальвацыі. Першая здарылася ў канцы лютага. Тады Нацбанк краіны дэвальваваў манат на 33,5% да даляра ЗША. Другі рэзкі абвал адбыўся 21 сьнежня, калі фінансавы рэгулятар перайшоў на плаваючы курс азэрбайджанскай валюты. У той дзень манат патаньнеў амаль на палову. Ад пачатку 2015 курс даляра ў Азэрбайджане вырас на 98,7% — абсалютны антырэкорд ня толькі для Эўропы, але і для ўсяго постсавецкага рэгіёну.

XS
SM
MD
LG