Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» падтрымала ініцыятыву па стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту


Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і чыноўнікам Мінадукацыі перадалі ліст з прапановай. Ранейшыя звароты наконт Нацыянальнага ўнівэрсытэту ігнараваліся.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» перадала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і чыноўнікам Міністэрства адукацыі заяву з заклікам стварыць у Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт.

Беларускія дзеці, сьцьвярджае «Гавары праўду», у сваёй большасьці ня маюць доступу да навучаньня на беларускай мове, а бацькі не настойваюць на тым, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску. У заяве прапануецца выйсьце:

«На нашу думку, прычына гэтага заключаецца ў тым, што ў нас вышэйшая адукацыя на беларускай мове даецца ў катастрафічна абмежаваным маштабе. Выхад з такой сытуацыі — адкрыцьцё Нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску».

Прапанова аб стварэньні нацыянальнага ўнівэрсытэту была выказаная 11 студзеня на сустрэчы кіраўнікоў «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева з намесьнікам парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Натальляй Кучынскай. Дэпутатка станоўча паставілася да такой ідэі, але адзначыла, што трэба прыняць да ўвагі арганізацыйны момант: ствараць новы ўнівэрсытэт ці адкрыць яго на базе ўжо дзейнага. «Гавары праўду» заклікала Палату прадстаўнікоў і Міністэрства адукацыі «перайсьці ад словаў падтрымкі да падтрымкі справай».

Раней з прапановай стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт выступаў аргкамітэт па стварэньні такога ўнівэрсытэту. У склад аргкамітэту ўвайшлі Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Колас, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Ірына Дубянецкая, Павал Церашковіч.

Як распавёў Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч, «Гавары праўду» дзейнічае незалежна ад аргкамітэту. Акрамя таго, падкрэсьліў палітык, з падобнымі прапановамі да ўладаў зьвярталіся і іншыя арганізацыі, у ліку якіх Таварыства беларускай мовы, але ўлады не падтрымалі ініцыятыву. Сярод магчымых прычынаў адмовы ён назваў ня толькі ўспрыманьне БДУ як «дастаткова нацыянальнага» ўнівэрсытэту ды боязь беларускамоўнай адукацыі, але і непрыманьне самога прынцыпу нацыянальна-арыентаванай адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG