Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Славамір Адамовіч: Мной напісаны сцэнар сёньняшняй панэўрапейскай драмы


Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч

Што ёсьць бясспрэчным злом для сучаснай Заходняй Эўропы? Чаго імкнуцца туды мігранты, і сымбалем чаго зьяўляецца для іх сьмецьцевы кантэйнэр? Пра ўсё гэта — у рамане Славаміра Адамовіча «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана». Аўтар — госьцем перадачы.

— Славамір, у сваім рамане ты расказваеш ад першай асобы гісторыю беларуса, які зьяжджае на поўнач Эўропы, у Нарвэгію, атрымлівае там уцякацкі статус і адпаведны жыцьцёвы досьвед, які, безумоўна, будзе цікавы чытачам. Дык ці можа ўпісацца беларус у той афрыканска-азіяцкі інтэрнацыянал, які сёньня самымі рознымі шляхамі ідзе ў наступ на Эўразьвяз?

— Думаю, што можа, і мой уласны прыклад таму сьведчаньнем. Іншая справа — як, у якім статусе, і што гэта будзе каштаваць чалавеку? Ня толькі беларусу, я б сказаў шырэй — чалавеку з усходняй ускраіны Эўропы, які хоча падабрацца бліжэй да захаду. Свой твор я жанрава акрэсьліваю як «раман у лістах», шмат у чым ён аўтабіяграфічны, але там усё ж нямала і мастацкай выдумкі. Падкрэсьлю, гэта не дакумэнтальная споведзь, а мастацкі тэкст. Іншая справа, што я сваю прозу напампоўваю, насілкоўваю жыцьцёвай фактурай. Бо трымаюся таго меркаваньня, што жыцьцё — найлепшы выдумшчык, яно падкідвае нам такія прыгоды, прыдумаць якія чалавеку забракуе фантазіі. Браць за аснову рэальнае жыцьцё — мне гэта найбольш удаецца. А цалкам выдумваць — гэта ўжо будзе фантастыка накшталт Станіслава Лема ці некага іншага. Якраз да фантастаў у мяне скептычнае стаўленьне. Мяне цікавіць найперш жывое жыцьцё, зь яго я бяру фактуру і па-мастацку, наколькі мне гэта ўдаецца, афармляю яе ў тэкст.

— «Не рассталіся б мы з нашым краем, каб было дзеля нас у ім хлеба». Твайму герою Вільману блізкія гэтыя радкі Максіма Багдановіча?

Як і мой герой Вільман, я хачу жыць у сваёй Літве-Беларусі-Крывіі.

— Так, мой герой едзе на Захад, каб зарабіць і, вярнуўшыся на радзіму, нармальна, больш-менш аўтаномна жыць. Мы тут зь ім супадаем. Ад самага пачатку мне таксама было зразумела, што я вярнуся ў Беларусь. Як і мой герой Вільман, я хачу жыць у сваёй Літве-Беларусі-Крывіі, і ўрэшце мы сваю мару зьдзейсьнілі. Але вернемся да матываў яго выезду. У іншых краінах, скажам, у Злучаных Штатах Амэрыкі, сытуацыя больш простая — ты можаш там жыць і працаваць нелегальна. Я маю і такі досьвед. Заходняя Эўропа больш пільнуецца пэўных прапісаных правілаў. Вільман прыяжджае зарабіць, але легальнай працы ён ня можа знайсьці, бо для гэтага трэба прайсьці вызначаныя юрыдычныя працэдуры, легалізавацца. Гэта для яго немагчыма, таму ён здаецца ў паліцыю, ідзе праз сыстэму прыёму бежанцаў. Яго адпраўляюць спачатку ў транзытныя лягеры, потым у стацыянарныя, дзе ўцекачы чакаюць рашэньня нарвэскіх уладаў гадамі. У лягерах Вільман з этнічнымі нарвэжцамі сутыкаецца па мінімуме, найбольш ён кантактуе там зь людзьмі, якія паходзяць з афрыканскага ды азіяцкага кантынэнтаў, з выхадцамі з былога СССР.

— Сярод шматнацыянальных дзейных асобаў маю ўвагу адразу прыцягнуў адзін неадушаўлёны «герой». Гэта Кантэйнэр. Кантэйнэр для сьмецьця, для адкідаў, зь якога кормяцца Вільман ды яго знаёмцы. Думаю, ён невыпадкова пішацца зь вялікай літары. Якая роля ў рамане адводзіцца Кантэйнэру?

Уявіце сабе тысячы тонаў хлеба, якія выкідваюцца на сьметнік — для беларуса гэта шок.

— Што такое Кантэйнэр і для чаго ён мне спатрэбіўся? Уявіце сабе тысячы тонаў хлеба, якія выкідваюцца на сьметнік — для беларуса гэта шок. А там у сьмецьцевым кантэйнэры можна знайсьці і хлеб, і да хлеба, і выпіўку, і апратку нейкую. Дык ці не палягае праблема сучаснай Заходняй Эўропы, я маю на ўвазе наплыў бежанцаў, у тым самым кантэйнэры? Калі ўжо расшыфроўваць да канца, Кантэйнэр у маім рамане — гэта сымбаль сыстэмы. Да яго ў любы час можна зьвярнуцца — харчавацца зь яго, апранацца. Плюс да гэтага атрымліваць пэўныя сацыяльныя выплаты. Ведаючы гэта, і імкнуцца ў Эўропу сотні тысячаў бежанцаў, якія на радзіме па тых ці іншых прычынах ня маюць сродкаў для існаваньня, ня маюць працы.

— Эўропа стараецца абараніцца ад мігрантаў. Нарвэгія, якая дала прытулак твайму герою Вільману, — таксама. Напад на яго і жорсткае зьбіцьцё проста ў сацыяльнай кватэры — гэта бандыцкі выпадак, ці ўжо сыстэмная самаабарона грамадзтва?

— Гэта не напад этнічных нарвэжцаў, што ў прынцыпе цяжка сабе ўявіць. Гэта вайна за той самы Кантэйнэр сярод тых самых жыхароў лягераў, якія зразумелі, што ў Вільмана большыя шанцы атрымаць прытулак, гэта значыць — дазвол на жыхарства і працу. Яго зьбіваюць якраз праз некалькі тыдняў пасьля атрыманьня дазволу. Гэта напад канкурэнтаў.

Вокладка кнігі Славаміра Адамовіча “Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана”

Вокладка кнігі Славаміра Адамовіча “Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана”

— Твой герой ледзь не прыняў іслам. У паўночна-эўрапейскай краіне — іслам. Чым гэта было абумоўлена?

— Вільман бачыць, што ў бліжэйшы час яму давядзецца жыць сярод прадстаўнікой іншай, не хрысьціянскай веры. Мусульмане вельмі энэргічныя, дапытлівыя, яны так ці іначай дамагаюцца свайго, арганізоўваюцца. І майму герою здаецца, што прыйшоў час прыняць бок тых, хто ў бліжэйшы час можа стаць вядучай сілай у гэтай краіне. Але тут жа ён сутыкаецца з агрэсіяй з боку рэлігійных кіраўнікоў. Да іх прыяжджае мула з Осла, адбываецца сустрэча зь ім у падвале, дзе дадзена месца мусульманам для намазаў. Мула надта агрэсіўна навяртае ўсіх у сваю веру, і Вільман бачыць, што прыняць іслам — гэта нешта большае. Відаць, давядзецца многім ахвяраваць, у тым ліку сваім жыцьцём. А жыцьцём ахвяраваць ён ня хоча.

— Твой раман заканчваецца цытатай з нарвэскага пісьменьніка Енса Б’ёрнабу: «Натуральна, што я — эўрапеец. Я ведаю гэтую частку плянэты, і гэта мой сусьвет. Але нешта зь ім пайшло ня так. І тут уласная віна Эўропы; ніхто ня можа сказаць, што эўрапейскі мацярык ня быў папярэджаны, альбо што мы не былі папярэджаныя». Твой раман — таксама папярэджаньне?

— У рамане я спрабую паказаць рэальную сытуацыю — што адбываецца ў межах міграцыйнай сыстэмы ў Эўропе. Падобнае можна назіраць сёньня ў Францыі, Нямеччыне, Скандынавіі — у той жа Нарвэгіі. Як там людзі выжываюць? Чаго яны туды імкнуцца? Мной напісаны фактычна сцэнар гістарычнай панэўрапейскай драмы сёньняшніх дзён. А папярэджаньне гэта ці не, хай вырашаюць чытачы.

— Нядаўна я чытаў успаміны Масея Сяднёва, яго перапіску з Алесем Салаўём пэрыяду знаходжаньня ў лягерах для перамешчаных асобаў у паваеннай Нямеччыне. Дык мяне зьдзівіла, што нават тады ў тых лягерах Weißrutenishe Diсhter (беларускі паэт) мог не працаваць і атрымліваць прадуктовую картку. Ці меў ты нейкія прывілеі ў Нарвэгіі? Ты ж, здаецца, прысьвячаў вершы каралеўскай сям’і?

Я прысьвяціў верш прынцэссе Марце-Люізе, дачцэ сёньняшняга нарвэскага караля, і атрымаў адказ.

— Я прысьвяціў верш прынцэссе Марце-Люізе, дачцэ сёньняшняга нарвэскага караля, і атрымаў адказ. Рукапісны верш даслаў на паштовы адрас нарвэскага каралеўскага дому. Праз два месяцы мне адказаў сакратар. Хутчэй за ўсё, прынцэса мой верш прачытала. Трэба разумець, што ў Нарвэгіі сыстэма сацыяльных адносінаў, тая адкрытасьць, якая была да наплыву мігрантаў, яна застаецца. Прынцэса — абсалютна адкрытая дзяўчына. Калі я пісаў ёй, яна яшчэ была свабодная...

— О, дык ты верш прысьвяціў з пэўным разьлікам.

— Можна думаць як заўгодна. А чаму не? Дарэчы, потым прынцэса выйшла замуж за калегу, за пісьменьніка, і за гэты час нарадзіла ўжо трох дзетак. Таму было чым захапляцца — кажу гэта абсалютна шчыра.

— Летась ты разьмяшчаў у фэйсбуку банкаўскія рэквізыты, мяркуючы выдаць свой раман з дапамогай чытачоў. Ці адгукнуліся суайчыньнікі на тваю просьбу?

— Не хачу наракаць на суайчыньнікаў, але і казаць няпраўду не магу. З выданьнем кнігі мне давялося дапамагаць сабе самому. Праўда, адзін патэнцыйны чытач з Даўгінаўшчыны, зь вёскі Сітцы, адгукнуўся, дапамог, і я яму ўжо адаслаў асобнік кнігі. Дзякуй яму вялікі.

— А ці не хацеў бы ты са сваім раманам пазмагацца за прэмію Гедройца?

— Безумоўна. І я ўжо раблю крокі, каб кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі. Мне цікава паглядзець, як адгукнецца наша літаратурная грамадзкасьць на «Цану Эўропы». Мне цікавы і сам працэс намінаваньня. Ну, і ня буду ўдаваць зь сябе сьціплага чалавека — на першае месца я таксама прэтэндую.

Прэзэнтацыя кнігі «Цана Эўропы, альбо Гісторыі Вільмана» адбудзецца 28 студзеня ў кнігарні «Галіяфы» (Старавіленская, 6). Пачатак а 19.00.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG