Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Капкан папулізму, ці чаму шкодна пытацца народ пра рэформы» — гэтак азагалоўлены тэкст аглядальніка TUT.BY Арцёма Шрайбмана, прысьвечаны палітыцы беларускіх уладаў у пытаньні павышэньня пэнсійнага ўзросту.

Чаму ж з нагоды павышэньня пэнсійнага ўзросту раптам вырашылі спытаць ці зрабілі выгляд, што вырашылі спытаць?

Шмат у чым з крытыкай аўтара можна пагадзіцца: і праўда, улада, якая пытаецца думкі народу з кожнай нагоды і на кожным кроку, ніводнага кроку і ня будзе здольная зрабіць. Да таго ж апэляцыі цяперашняй беларускай улады да меркаваньня народу менавіта цяпер выглядаюць крыху дзіўна — у краіне прайшлі выбары, падчас выбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка казаў, што ён — за павышэньне пэнсійнага ўзросту. І з такім сваім публічна выяўленым меркаваньнем на гэты конт дзейная ўлада была пераабраная. Пакінем за дужкамі меркаваньне тых, хто ў гэтым не ўпэўнены ці ўпэўнены ў адваротным, сама ўлада дэманструе ў гэтым ўпэўненасьць. І пры гэтым кажа — хацелася б даведацца меркаваньне народу. А хіба на выбарах не даведаліся? А для чаго яны ўвогуле былі?

Аднак пазыцыя аглядальніка TUT.BY мне ўяўляецца спрэчнай і ў пазытыўным, і ў нарматыўным пляне: і ў тым сэнсе, што цяперашняя беларуская ўлада мае даволі важкія падставы дэманстраваць (або імітаваць) гатоўнасьць пытацца народ наконт павышэньня пэнсійнага ўзросту, і ў тым сэнсе, ці варта наагул пытацца цёмны і адсталы народ, які ня разумее свайго шчасьця, пра рэформы, якія яму тое шчасьце і прынясуць.

Калі казаць фармальна, то беларуская ўлада шырока карыстаецца рэцэптам Арцёма Шрайбмана: рашэньне аб будаўніцтве АЭС, адмена ільготаў, закон аб дармаедзтве — аб усіх гэтых і многіх іншых спрэчных кроках народ як раз і не пыталіся. Чаму ж з нагоды павышэньня пэнсійнага ўзросту раптам вырашылі спытаць ці зрабілі выгляд, што вырашылі спытаць?

На мой погляд, па дзьвюх прычынах. Па-першае, з-за нэгатыўнага эканамічнага фону. Ільготы адбіралі тады, калі эканоміка расла, даходы расьлі, пэрспэктывы выглядалі калі не натхняльна, то і не занадта змрочна. Нешта адабралі, чаго шкада, але нешта і далі, заробак вось вырас, можна жыць, можна пацярпець. А тут і так заробкі падаюць, дык і яшчэ і пэнсійную «столь» зьбіраюцца падвышаць.

А, па-другое, з-за «мэтавай» групы, якая найбольш адчуе сябе пацярпелай ад павышэньня пэнсійнага ўзросту. Паводле апошняга апытаньня НІСЭПД, моладзь і старыя ставяцца да пэрспэктывы выходзіць на пэнсію пазьней умерана нэгатыўна. А найбольшы пратэст падобныя пляны выклікаюць у тых, каму 40-49 гадоў. Старыя ўжо на пэнсіі, іх гэтыя навацыі не закрануць, для моладзі гэта занадта далёкая пэрспэктыва, а вось для беларусаў сярэдняга ўзросту — блізкая. І неабходнасьць працаваць на некалькі гадоў больш, чым меркавалася, і чым працавалі бацькі і дзяды, моцна не радуе.


Патэнцыйны пратэст саракагадовых мужыкоў-рабацяг — справа больш сур’ёзная, чым гіпатэтычны пратэст «дармаедаў», ушчэмленых адпаведным дэкрэтам, або шматдзетных маці, у якіх зрэзалі льготы.
Пэнсійны ўзрост падвышалі ва ўсіх краінах Эўропы, але пры гэтым у некаторых, скажам, у Францыі, гэта суправаджалася масавымі акцыямі пратэсту. Французы перакрывалі дарогі, ладзілі блякаду прадпрыемстваў, словам, там адпаведнае рашэньне спарадзіла такі своеасаблівы Майдан.

Патэнцыйны пратэст саракагадовых мужыкоў-рабацяг — справа больш сур’ёзная, чым гіпатэтычны пратэст «дармаедаў»

Ну, у французаў рэвалюцыі — нацыянальны спорт, беларусы ў гэтым сэнсе народ куды больш асьцярожны. Але спалучэньне нэгатыўнага эканамічнага фону і ўшчамленьня інтарэсаў «станавога хрыбта» грамадзтва можа даць нечаканы эфэкт, якога ўлада не без падстаў баіцца. У выпадку чаго не Арцёму Шрайбману прыйдзецца душыць пратэсты пры дапамозе АМАПу, які як раз у гэтым выпадку будзе не чужы думкі, што пратэстоўцы маюць рацыю.

Зрэшты, гэта ўсё — хутчэй разгорнутае выкладаньне матываў і асьцярог цяперашняй улады, якія паважаны калега як раз і не прымае. Яго падыход — народ заграз у патрыярхальных забабонах, моцна спадзяецца на дзяржаву, таму ўладзе (ну можа не існай, але ідэальнай уладзе) варта на гэтыя забабоны і звычкі не зважаць, а жорстка праводзіць сваю лінію, рабіць тое, што яна лічыць неабходным.
Такая лёгіка прагрэсараў з раманаў Стругацкіх — мы людзі з будучыні, мы ведаем, як трэба, тубыльцы гэтага не разумеюць, значыць, для іх жа дабра іх трэба весьці да сьветлай будучыні цьвёрдай рукой.

Паважаны аглядальнік TUT. BY спасылаецца на досьвед Літвы, на словы тамтэйшага былога прэм’ера Андруса Кубілюса, які казаў пра тое, што яго кабінэт, так бы мовіць, спаліў сваю папулярнасьць на алтары рэформаў, аднак зрабіў зьмены ў літоўскім грамадзтве незваротнымі.

На жаль, уяўляецца, што не занадта ўдалы расейскі вопыт — прынамсі ня менш важны ўрок для Беларусі, чым больш ўдалы літоўскі.

Прыклад пераканаўчы, на жаль, існуюць і контрпрыклады. Каманда Ягора Гайдара таксама была камандай такіх прагрэсараў — мы ведаем, як трэба, а народ хай слухаецца і прывыкае жыць па-новаму, так, як мы скажам. Аднак наступствы не вычэрпваліся тым, што некаторыя рэфарматары ў Расеі былі адхіленыя ад улады. Расея ў 1993 годзе апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, рэформы захлынуліся, шмат у чым адбыўся адкат, ну а ў палітычным пляне нежаданьне рускіх лібэралаў лічыцца з меркаваньнем народу стала адной з цаглінак, зь якіх будаваўся сучасны расійскі аўтарытарызм. З меркаваньнем народа з нагоды рэформаў не варта лічыцца? А навошта наогул з ім лічыцца? — задалі рытарычнае пытаньне позьні Ельцын і Пуцін. Адказ мы маем асалоду назіраць у натуры.


На жаль, уяўляецца, што не занадта ўдалы расейскі вопыт — прынамсі ня менш важны ўрок для Беларусі, чым больш ўдалы літоўскі.
Літоўскае грамадзтва мела магутную масавую матывацыю — вырвацца з абдымкаў Расеі, вярнуцца ў Эўропу. У расейскага грамадзтва ў 90-х такой матывацыі не было, яно было, ды і цяпер, мабыць, застаецца больш прыхільным калектывізму і патрэбе ў клопаце дзяржавы, чым літоўскае ў тых жа 90-х. Словам, як беларускае грамадзтва зараз. З нагоды чаго справядліва пераймаецца Арцём Шрайбман. Але што з гэтай канстатацыі вынікае? Ці тое, што асаблівасьці сучаснага беларускага грамадзтва, інтарэсы значнай яго часткі варта ўлічваць менш, чым спадар Кубілюс ўлічваў ў свой час асаблівасьці літоўскага грамадзтва? Як пісаў Альбер Камю «кожны інтэлігент марыць быць гангстэрам і панаваць над грамадзтвам толькі з дапамогаю грубага гвалту». Зрэшты, як ён жа адзначаў, гэта не гэтак лёгка, як уяўляецца пры інтэлектуальных занятках.


І тут варта зьвярнуцца да меркаваньня чалавека, які, пры вельмі розным да яго стаўленьні, у пытаньні практычнага кіраваньня даволі дасьведчаны.

У словах прэзыдэнта Лукашэнкі, якія працытаваў Арцём Шрайбман, ёсьць другі сэнс: «Мы павінны параіцца зь імі (з людзьмі — ЮД), будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды. Мы папросім у іх падтрымкі. Пагодзяцца — правядзем зьмены. Не — значыць, няма».


З гэтых слоў не вынікае, што высьвятленьне народнай думкі і просьба ў народа згоды бачыцца кіраўніку дзяржавы як працэс аднамомантавы. Тут хутчэй як у анэкдоце, які цытаваў знакаміты левы філёзаф Славай Жыжак.

 Ты хочаш на мне ажаніцца?
 Не!
 Хопіць увільваць ад пытаньня! Адказвай наўпрост!

Пытаюцца да таго часу, пакуль не атрымаюць адказ «так».

Аднак ключавое слова тут — пераконваць. Грамадзяне нават з адсталымі, патэрналісцкімі поглядамі — яны, між іншым, людзі, Боскае падабенства, так бы мовіць. У якіх ёсьць пачуцьцё ўласнай годнасьці, якіх кранае пыха, ад каго б яна ні зыходзіла — ці ад улады, ці ад таленавітых лібэральных публіцыстаў. І калі яны па сваёй адсталасьці незадаволеныя нейкімі прагрэсіўнымі (ці не вельмі) мерапрыемствамі, то заслугоўваюць калі не задавальненьня іх нязгоды, то, як мінімум, павагі і спагады.

Ім не падабаецца, калі ў іх нешта адбіраюць. Але калі адбіраюць і пры гэтым кажуць, што яны ніхто і клікаць іх ніяк, то незадавальненьне моцна ўзрастае. Мяркуючы па ўсім, беларуская ўлада, вырашыўшы для сябе, што пэнсійны ўзрост падвышаць давядзецца, менавіта гэты другі кампанэнт незадавальненьня значнай часткі насельніцтва спрабуе максымальна нэўтралізаваць, не прыняць, але пашанаваць меркаваньне незадаволеных, паспачуваць ім, папрасіць іх.

Цяперашняя ўлада не вечная, уяўляецца, што і цяперашняй сацыяльна-эканамічнай сыстэме сапраўды прыйдзецца зьведаць значныя зьмены

І не тое, каб перакананьне і ўгаворы так ужо паўплываюць на пункт гледжаньня тых, хто на павышэньне пэнсійнага ўзросту не згодны. На некага, дарэчы, і паўплываюць, грамадзкі інтарэс беларусам зусім не чужы. Але і тыя, хто застанецца нязгодным, будуць задаволеныя хаця б тым, што з імі размаўлялі, нават тым, што спрабавалі абхітрыць, а не проста сказалі, што іх адсталае меркаваньне не мае значэньня.

Наш спрэчка з Арцёмам Шрайбманом значна шырэй, чым шляхі вырашэньня канкрэтнага пытаньня аб павышэньні пэнсійнага ўзросту. Цяперашняя ўлада не вечная, уяўляецца, што і цяперашняй сацыяльна-эканамічнай сыстэме сапраўды прыйдзецца зьведаць значныя зьмены. Тое ж пытаньне безумоўна ўзьнікне яшчэ не раз, магчыма, у самы бліжэйшы час.

І ігнараваньне думкі значнай часткі грамадзтва — наўрад ці аптымальны шлях пераўтварэньняў, якіх асабіста я хацеў бы Беларусі не менш, чым Арцём Шрайбман. Яно, гэтае меркаваньне, не абавязкова павінна рабіцца вызначальным, але людзей варта паважаць і з імі варта размаўляць. Не толькі з гуманітарных і дэмакратычных меркаваньняў, але нават з практычнага жаданьня посьпеху сваёй справы ў нашых вельмі своеасаблівых краях. «Адкаты» ў такіх краях бываюць вельмі сумнымі для рэфарматараў.

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG