Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на сацыяльныя тавары адпусьцілі. Што можа падаражэць?


Саўмін будзе рэгуляваць цэны на хлеб, мяса, малочныя прадукты і дзіцячае харчаваньне толькі ў экстраным выпадку і не даўжэй як тры месяцы.

Паводле пастановы Савету міністраў, апублікаванай 11 студзеня, сьпіс сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам гандлю (раней — Мінэканомікі), страціў сілу. Як тлумачыцца на сайце ўраду, «з улікам прадстаўленага шырокага асартымэнту прадукцыі рознага цэнавага сэгмэнту на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў у цяперашні час адсутнічае неабходнасьць у цэнавым рэгуляваньні шэрагу харчовых тавараў».

Гэта значыць, у Беларусі больш ня будуць рэгулявацца цэны на:

— жытні і жытне-пшанічны хлеб;

— ялавічыну і сьвініну, мяса курэй і куранятаў-бройлераў;

— малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака, сьмятану і тварог;

— дзіцячае харчаваньне: сухія сумесі і кашы для дзіцячага харчаваньня, мясныя і мяса-расьлінныя, рыбныя і рыбна-расьлінныя кансэрвы для дзіцячага харчаваньня; гароднінныя, садавінна-ягадныя і плодагароднінныя кансэрвы і сокі для дзіцячага харчаваньня;

— паслугі аздараўленчых лягераў.

Таксама са сьпісу тавараў, цэны на якія рэгулююць аблвыканкамы і Менгарвыканкам, выключаныя агуркі, памідоры і яблыкі (засталіся бульба, буракі, морква і цьвёрдае паліва), а таксама выключаныя паслугі лазьняў і душавых (засталіся рытуальныя паслугі, перавозка водным транспартам і абслугоўваньне органаў па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне).

Акрамя таго, са сьпісу платных мэдыцынскіх паслугаў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства аховы здароўя, выключаныя прафіляктычныя і абавязковыя мэдагляды (засталіся стаматалягічныя і дыягнастычныя паслугі, кансультацыі спэцыялістаў і агляды для атрыманьня даведкі пра стан здароўя).

Са сьпісу паслуг, цэны на якія рэгулюе Мінэканомікі, выключаныя таксафоны і радыёкропкі не мацнейшыя за 1 Вт (засталіся мясцовыя тэлефонныя сеткі, міжгароднія тэлефанаваньні, пункты калектыўнага доступу ў інтэрнэт, пошта і іншыя).

Тым часам дапоўнены сьпіс тавараў, цэны на якія Мінгандлю можа рэгуляваць цягам 90 дзён на год. У яго цяпер уваходзяць:

— жытні і жытне-пшанічны хлеб;

— ялавічына і сьвініна, мяса курэй і куранятаў-бройлераў, сьвежыя курыныя яйкі;

— малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака, сьмятана і тварог;

— сухія сумесі і кашы, кансэрвы і сокі для дзіцячага харчаваньня.

Раней у гэты сьпіс ужо былі ўпісаныя рыба, сьметанковае масла, сланечнікавы і рапсавы алей, пшанічная мука, цукар і соль, макарона, рыс і грэчка, аўсяныя шматкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG