Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белка-Стрэлка» на арбіце «рускага міру». Як настаўніца з Мазыра здабыла папулярнасьць у сеціве


Інтэрвію Свабоды з мазырскай настаўніцай, якая выявілася ваяўнічай блогеркай, прыхільніцай «рускага міру» і сэпаратысцкіх узброеных груповак ДНР і ЛНР ва Ўкраіне.

Ужо каторы дзень сацыяльныя сеткі гудуць наконт надзвычай заўзятай прыхільніцы «рускага міру» зь Беларусі, якая займалася банам (абмежаваньнем) беларускіх ды ўкраінскіх карыстальнікаў. Дапытлівы блогер Джон Сільвэр высьветліў, што за нікамі @_belka_strelka або Russian Girl стаіць, як напісана, сьціплая беларуская настаўніца з Мазырскага абласнога дзяржаўнага ліцэю.

І завуць яе — Кацярына. Названае і прозьвішча. Яна скончыла фізычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту і ўжо больш за два дзесяцігодзьдзі выкладае школьнікам фізыку ды астраномію.

Адначасна шчыруе ў сацыяльных сетках — там яна і на танку з кулямётам, і пад крылом расейскага зьнішчальніка ў гермашлеме. Яна падтрымлівае ва Ўкраіне сэпаратысцкія групоўкі ДНР і ЛНР, выстаўляе сваё фота ў форме расейскага марскога афіцэра ў пуле з Пуціным.

Кацярына любіць мяняць вобразы, строі. Як зазначае блогэр Джон Сільвэр, Кацярына — «патэнцыйны 100-працэнтны сэпаратыст». І дадае:

«Я думаю, бацькам, чые дзеці вучацца ў Мазырскім абласным дзяржаўным ліцэі, трэба тэрмінова біць у званы. Вашы дзеці ў небясьпецы».

Блогер лічыць, што трэба зьвяртацца і да адміністрацыі ліцэю, і ва ўправу адукацыі Гомельскага аблвыканкаму, якой ліцэй падпарадкаваны.

Мноства камэнтароў выклікала паведамленьне пра «сьціплую настаўніцу з Мазыра». Большасьць — гнеўных: кшталту, нельга такім давяраць выхаваньне дзяцей. Іншыя зьвяртаюць увагу на падрыхтоўку настаўнікаў у ВНУ, якая не нашмат адрозьніваецца «ад падрыхтоўкі навучэнцаў ПТВ» — «даецца пэўны набор прафэсійных навыкаў, а думаць ня вучаць».

Трапляюцца і такія заўвагі: «У Кацярыны могуць быць свае інтарэсы».

На Youtube зьявілася рэакцыя дырэктаркі ліцэю на папулярнасьць настаўніцы: адміністрацыя Мазырскага ліцэю не падтрымлівае выкладчыцу-сэпаратыстку.

Праз тэлефон Свабодзе ўдалося зьвязацца з гераіняй сацыяльных сетак апошніх дзён. Кацярына не жадае, каб да яе была прыкаваная пільная ўвага. Яна ня хоча асабліва й размаўляць з журналістамі. Кажа, што ёй праз сацыяльныя сеткі пагражаюць. І зьдзіўляецца, чаму яе называюць «сэпаратысткай»:

«Чаму лічаць, што ёсьць сэпаратызм? Стасункі ў інтэрнэце прывялі да таго, што, як кажуць, мяне абняславілі на ўвесь інтэрнэт. Чаму гэта сэпаратызм, я не магу зразумець».

Усе свае ваяўнічыя «фаташопы» ў сацыяльных сетках настаўніца лічыць дзіцячай забаваю:

«Гэтыя „рамачкі“ — гэта дадатак у „Аднаклясьніках“. Проста ўстаўляеш свой фатаздымак. Можна сказаць, што гэта дзіцячая забаўка. А што гэта — хіба гэта сэпаратызм называецца?»

Кацярына не хавае сваіх поглядаў на ваенныя падзеі ва Ўкраіне:

«Я падтрымліваю тое, што адбываецца ў ДНР, ЛНР — за тое, што яны змагаюцца. Ну, падтрымліваю! Падтрымліваю палітыку Пуціна. А што гэта кепска? Вайну разьвязвае Ўкраіна, я лічу, з падачы ЗША. Ім гэтая вайна патрэбная, вялацякучая, каб неяк зьнясільваць Расею такім чынам».

Ніякага засільля «рускага сьвету» настаўніца ня бачыць, і асабліва ў Беларусі:

«Няма ніякага засільля — я ня бачу. Ёсьць беларуская дзяржаўнасьць, якая разьвіваецца з 1991 году. І ўжо я, мы прызвычаіліся, што жывем у Беларусі, а не ў Савецкім Саюзе. Я падтрымліваю палітыку нашага прэзыдэнта».

Распаўсюджваючы ў сеціве свае камэнтары, ацэнкі, фатаздымкі, настаўніца зьдзіўляецца, чаму інтэрнэт-карыстальнікі раскрылі яе асобу, яе, як яна лічыць, прыватныя зьвесткі? І сама ж прыходзіць да высновы, што гэта хіба не дзіцячая забава:

«Не дзіцячая гульня, калі ўжо пайшоў такі розгалас. І навошта таму чалавеку так трэба было рабіць? Каб я перажывала? Вось таму чалавеку, які напісаў артыкул, і цяпер вы тэлефануеце. Такое ўражаньне, што ён, як маньяк, сачыў за мною. Нейкія людзі пішуць мне паведамленьні — я ня буду гэтыя рэзкія выразы згадваць. Непрыемна вельмі. І што мне думаць? Прыйдуць мяне лупцаваць? Я ўжо перажываю, што гэта неадэкватныя людзі, калі яны так пішуць».

Зрабіўшы сваімі ж рукамі сябе ў сацыяльных сетках публічнай асобаю, Кацярына стала нудзіцца папулярнасьцю. Словы й справы, кінутыя ў інтэрнэт, адгукнуліся рэхавым шматгалосьсем, і не заўсёды па-дзіцячы лагодным.

«Калі шчыра, то я стамілася ўжо. Мне гэтая гісторыя надзвычай не падабаецца.... Зараз, хвіліну. Гэта на мяне муж сварыцца», — кажа Кацярына і адключае тэлефон.

Многія мазырчукі сярэдняга веку ведаюць Кацярыну. Згадваюць, што яна займалася сацыялягічнымі дасьледаваньнямі на прапанову НІСЭПД — найстарэйшага ў Беларусі недзяржаўнага досьледнага цэнтру, які ў цяперашні час зарэгістраваны як грамадзкая ўстанова ў Літоўскай Рэспубліцы. Але яшчэ больш гараджане ведаюць маці Кацярыны, былую выкладчыцу адной з тутэйшых навучальных установаў, жанчыну дэмакратычных поглядаў, якая рупілася на ніве стварэньня дэмакратычнай супольнасьці ў Мазыры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG