Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Эўразьвяз вырашыў прыпыніць санкцыі адносна Беларусі? Як нармалізацыя стасункаў паміж Менскам і Брусэлем адаб’ецца на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі? Як будуць разьвівацца стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у 2016 годзе? Гэтыя пытаньні ў перадачы «Вынікі году. Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць палітоляг, аналітык Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.

Чаму Эўропа прыпыніла санкцыі?

Дракахруст: Замарожваньне санкцыяў стала галоўнай падзеяй году ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам і своеасаблівым фокусам усёй разнастайнасьці гэтых стасункаў. Гэтае рашэньне было зусім не адзінадушным, былі іншыя меркаваньні ў самім Эўразьвязе, беларускія палітыкі і былыя палітвязьні зьвярталіся да Зьвязу з просьбай не аслабляць ціск на аўтарытарны рэжым. Чаму ўсё ж было прынятае рашэньне замарозіць санкцыі?

Вусаў: Перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што адбываецца вакол Беларусі, а не ў самой Беларусі. На зьмену стаўленьня ЭЗ да Беларусі адыграў канфлікт ва Ўкраіне, агрэсія Расеі, упэўненасьць многіх эўрапейскіх палітыкаў, што зараз Лукашэнка будзе бараніць сувэрэнітэт Беларусі і, баючыся экспансіі Расеі, паверне на Захад.

Беларускі рэжым стаў успрымацца як аўтарытарызм «з чалавечым тварам»

Менавіта такі погляд адыграў галоўную ролю ў зьмене стратэгіі ЭЗ. Беларускі рэжым стаў успрымацца як аўтарытарызм «з чалавечым тварам», як рэжым, які забясьпечвае ў Беларусі стабільнасьць без праліцьця крыві. Гэта для Эўразьвязу важней за правы чалавека з улікам таго, што адбываецца ва Ўкраіне.

Таму эўрапейскія, як і амэрыканскія, палітыкі вырашылі пайсьці на кампраміс з Лукашэнкам, а не шукаць мэханізмаў зьмены палітычнай сыстэмы, асабліва рэвалюцыйным шляхам.

Дракахруст: Сяргей, ці згодны вы зь інтэрпрэтацыяй Паўла, паводле якога Захад думаў, што Лукашэнка паверне на Захад? У іх няма горкага досьведу ранейшых «паваротаў»?

Богдан: Я збольшага пагаджуся з Паўлам. І я ня стаў бы кпіць, як вы, над паваротам на Захад. Апошнія гады я назіраю гэты паварот па самых розных кірунках, у тым ліку і па дастаткова нечаканых. Напрыклад, на Блізкім Усходзе Менск амаль цалкам пераключыўся на супрацоўніцтва з саюзьнікамі Захаду.

на Блізкім Усходзе Менск амаль цалкам пераключыўся на супрацоўніцтва з саюзьнікамі Захаду.

Відавочна, што ёсьць паварот у напрамку палітыкі нэўтралітэту дэ-факта. Гэта не такі гучны, шумны нэўтралітэт, калі Туркмэнбашы выходзіў на трыбуну ААН і абвяшчаў пра нэўтральнасьць яго краіны. Беларускія ўлады робяць гэта ціха, нікому пра гэта ня кажучы, і нават, магчыма, не зусім сьвядома. А інстынктыўна разумеючы, што інакш зьядуць.

Гэтым разам гэты паварот больш пераканаўчы і ён пацьвярджаецца палітыкай Менску ня толькі ў наўпроставых адносінах з ЭЗ.

Лукашэнка даўно працаваў над тым, каб быць прынятым у Эўропе ў якасьці гэткага «эўрапейскага Назарбаева». Кропля камень точыць і нарэшце гэта атрымалася зрабіць.

Новая эўрапейская палітыка і правы чалавека ў Беларусі

Дракахруст: Сяргей, варта сказаць, што парадкі ў аўтэнтычнага, казахстанскага Назарбаева даволі строгія. А як новыя стасункі Менску з ЭЗ адаб’юцца на ўнутранай сытуацыі ў Беларусі, у «эўрапейскага Назарбаева»? Як паўплываюць на стан правоў чалавека, на становішча апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці?

Богдан: На палітыку беларускіх уладаў унутры краіны больш ўплывае сытуацыя на паўднёвай мяжы і рухі Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Небясьпекі, якія Менск адчувае па гэтых кірунках, пераважаюць фактар стасункаў з ЭЗ, пераважаюць паляпшэньне ці пагаршэньне стасункаў з Эўразьвязам.

На палітыку беларускіх уладаў унутры краіны больш ўплывае сытуацыя на паўднёвай мяжы і рухі Расеі ў дачыненьні да Беларусі

Ёсьць перасьцярогі, што пэўныя экстрэмісцкія, радыкальныя сілы з таго ці іншага боку — і з прарасейскага і з антырасейскага — могуць пачаць гвалтоўныя дзеяньні ў Беларусі. Я думаю, што гэты чыньнік — № 1, № 2 і № 3 у прыярытэтах беларускіх уладаў.

Дракахруст: Павал, а на Ваш погляд, як нармалізацыя стасункаў, прыпыненьне санкцыяў паўплывае на ўнутраную палітыку ў Беларусі? Ці ня ўспрымуць беларускія ўлады такую лінію Захаду як carte blanche ня любыя дзеяньні ў Беларусі?

Вусаў: Беларускія ўлады рабілі, што хацелі, незалежна ад таго, былі санкцыі ці не. Умоўны паварот на Захад ніяк не адбіваецца на сытуацыі ўнутры краіны. Прыпыненьне санкцыяў не было зьвязанае зь лібэралізацыяй і дэмакратызацыяй унутры краіны. Лукашэнка выканаў фармальныя ўмовы — вызваліў палітычных вязьняў. Палітычная сытуацыя ў Беларусі абсалютна не зьмянілася, умовы дзейнасьці палітычных і грамадзкіх арганізацыяў і мэдыяў не палепшыліся. Ціск і рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў будуць працягвацца, ніякай дэмакратызацыі не адбудзецца.

Лукашэнка добра памятае 2010 год, ён бачыць, што адбылося ва Ўкраіне, і ён не дазволіць пашырэньня палітычнай аўтаноміі для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

Лукашэнка добра памятае 2010 год, ён бачыць, што адбылося ва Ўкраіне, і ён не дазволіць пашырэньня палітычнай аўтаноміі для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі

Безумоўна, сваю нішу захавае больш эфэктыўна кантраляваная апазыцыя. Гэта кампанія «Гавары праўду», якая гатовая на кампраміс, якая гатовая садзіцца за «круглы стол», выконваць усе загады і прапановы беларускіх уладаў, як гэта адбылося на прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе.

А што тычыцца астатняй апазыцыі, якая байкатавала выбары, яна ня будзе мець магчымасьці ўключацца ў палітычныя працэсы.

Пэрспэктыва-2016

Дракахруст: Чаго ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам можна чакаць у наступным годзе? Як далёка зойдзе «нармалізацыя» і што ўласна яна будзе сабой уяўляць?

Вусаў: Я мяркую, што радыкальных зьменаў, радыкальных стратэгіяў з боку Эўразьвязу прапанавана для Беларусі ня будзе. Зараз ідзецца размова пра новы этап «Дыялёгу для мадэрнізацыі», які ўключае ў сябе пакет магчымых інвэстыцыяў, калі Беларусь пагодзіцца на рэформы. Але мы памятаем, чым скончыўся, не пачаўшыся «Дыялёг для мадэрнізацыі — 1». Я ўпэўнены, што тым жа скончыцца і «Дыялёг аб мадэрнізацыі — 2», тым больш што Лукашэнка дэкляраваў, што ніякіх рэформаў у Беларусі ня будзе.

Я мяркую, што радыкальных зьменаў, радыкальных стратэгіяў з боку Эўразьвязу прапанавана для Беларусі ня будзе

Улады добра разумеюць, што нават эканамічныя зьмены прывядуць да сур’ёзнай палітычнай трансфармацыі. Гэта будзе такая валтузьня ў багне: будуць прымацца дэклярацыі, рабіцца гучныя заявы, але практычных крокаў, якія б маглі сутнасна паўплываць на сытуацыю ў краіне, зроблена ня будзе.

Беларускія ўлады зацікаўленыя толькі ў атрыманьні рэсурсаў, каб максымальна закансэрваваць сытуацыю і не давесьці яе да выбуховага стану.

Богдан: У гэтым пытаньні я з Паўлам нязгодны. Сытуацыя моцна зьмянілася з абодвух бакоў. Пасьля таго, што адбылося ва Ўкраіне, Беларусь робіцца адным з самых бясьпечных пастаўнікоў газу ў Заходнюю Эўропу, і, магчыма, можа нават павялічыць свае транзытныя магутнасьці, калі будзе пракладзеная яшчэ адна нітка газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа».

Беларусь робіцца адным з самых бясьпечных пастаўнікоў газу ў Заходнюю Эўропу, і, магчыма, можа нават павялічыць свае транзытныя магутнасьці

Нагадаю, што ня толькі Расеі трэба прадаць газ. Эўропе патрэбны расейскі газ. Роля Беларусі ў гэтым падвышаецца. Таму я думаю, што з боку ЭЗ (не з ЗША, у якіх іншая пазыцыя) будуць крокі насустрач і ня толькі ў пляне падтрымкі мадэрнізацыі эканомікі, але і ў пляне вяртаньня больш спрыяльных рэжымаў у гандлі. Пра апошняе ўвесь час кажа Эўропе МЗС Беларусі. Той самы Ўладзімер Макей некалькі разоў казаў, што вынікам санкцыяў стала скарачэньне долі ЭЗ у зьнешнім гандлі Беларусі і павялічэньне долі РФ.

На тле апошніх геапалітычных зьменаў Менск можа атрымаць больш спрыяльныя рэжымы гандлю, што спрыяльна паўплывае на разьвіцьцё беларускага грамадзтва ва ўсіх вымярэньнях, у тым ліку і ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG