Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Накагамі Кэндзі, «Бераг мёртвых дрэваў». Пераклад зь японскай Юры Акамота, Санкт-Пецярбург, Гіпэрыён, 2012.

Аўтабіяграфічны раман Накагамі Кэндзі «Бераг мёртвых дрэваў» быў выдадзены ў 1977 годзе і ўганараваны адразу дзьвюма літаратурнымі прэміямі — прэміяй міністэрства адукацыі Японіі і прэміяй Маініці. Жанр твору вызначаны японскімі крытыкамі як магічны рэалізм, што само па сабе, пагадзіцеся, гучыць экзатычна.

Месца дзеяньня — родныя мясьціны аўтара. Яго героі — насельнікі невялічкага родавага паселішча, заціснутага між морам і скаламі, так званых «завулкаў», дзе праходы між дамамі такія вузкія, што й пажарнай машыне не праехаць.

Усе ўрадавыя рэформы да нядаўняга часу абміналі гэты край і ягоных жыхароў — прадстаўнікоў касты буракамін, японскіх недатыкальных, што ўтварылася яшчэ ў сярэднявеччы з асобаў з розных прычын адрынутых грамадзтвам: злачынцаў, нацыянальных меншасьцяў, людзей, чыё рамяство мела дачыненьне да грабарства, крыві, сьмерці чалавека ці жывёлы і, паводле будыйскіх канонаў, лічылася нячыстым. Буракамін атрымалі права на адукацыю толькі пасьля другой сусьветнай вайны, займаліся толькі бруднай фізычнай працай і не маглі ўступаць у шлюб са звычайнымі японцамі. Прыналежнасьць да касты буракамін карэннаму японцу відавочная, схаваць яе цяжка. У Японіі ня любяць уздымаць гэтай тэмы, вось і ў кнізе тэрмін «бураку» не ўзгаданы ніводнага разу.

На гэтым уся экзотыка твору, бадай, і заканчваецца.

«Кніга, якую вы трымаеце ў руках — дзіўная, — зазначае перакладчык Юры Акамота ў першым радку сваёй прадмовы. — Найперш таму, што напісаная небаракам пра небаракаў. Па-другое, напісаная дзіўнаю моваю, у якой зусім няма таго, што называюць літаратурнасьцю, няма прыгажосьці дзеля прыгажосьці... Па-трэцяе, хоць у кнізе прысутнічае сацыяльны падтэкст, яна зусім не імкнецца пераканаць чытача ў неабходнасьці палепшыць долю гэтых гаротнікаў. Ня ведаю, як яна будзе прачытаная рускім чытачом 21 стагодзьдзя. Але зразумець яе зможа толькі той, хто ведаў савецкія кухні, вёску або турму, то бок, каму знаёмае адчуваньне зачыненасьці сьвету, якое толькі можа прымусіць людзей глядзець адно аднаму ў вочы. То зь нянавісьцю, то зь любоўю, толькі не з абыякавасьцю».

Як на мой розум, дык хвалюецца перакладчык дарэмна. Ня ведаю, як там наконт рускіх людзей, але сярод сталых беларусаў пачатку дваццаць першага стагодзьдзя цяжка знайсьці чалавека, што ня зьведаў пачуцьця зачыненасьці сьвету хаця б аднойчы. Надта ж падобныя мае сучасьнікі-суайчыньнікі да прадстаўнікоў касты буракамін 70-х гадоў, нават часам здаецца, што апісаныя падзеі я ўжо неаднаразова бачыла з вакна шматпавярховіка спальнага мікрараёну. Мушу расчараваць — яўных прыкметаў дыскрымінацыі на старонках рамана вы не заўважыце, але асаблівых пэрспэктыў на будучыню — таксама. Месца жыцьця і працы моладзі збольшага абумоўлена месцам нараджэньня, уздым па кар’ернай лесьвіцы — блізкасьцю сваяцтва. Для дзяўчыны шлюб з сынам дырэктара фабрыкі ўяўляецца вяршыняю жыцьцёвага посьпеху. Рэальныя шляхі дасягненьня заможнасьці збольшага незаконныя. Старыя тутака гэтак жа ахвотна і часта, але крыху інакш, прыгадваюць падзеі другой сусьветнай. У кожным сваяцкім кодле ёсьць свой герой і д’ябал сямейнага маштабу, прычым сапраўднае існаваньне і ўчынкі абедзьвюх гэтых асобаў розьняцца ад уяўнага і чутага гэтак жа, як старажытная сага ад міліцэйскага пратаколу. Клубок узаемнае віны і крыўдаў цягнецца ўглыб дзесяцігодзьдзяў і разблытаць яго староньняму чалавеку немагчыма. Шкілеты ў шафе, наадварот, даўно відавочныя ўсяму навакольлю і зьяўляюцца шкілетамі хіба што толькі для самых блізкіх, якія старанна заплюшчваюць вочы, каб ня бачыць — так спакайней.

Галоўны герой раману — дваццацітрохгадовы Акіюкі разам са сваім стрыечнікам Тору працуе ў грабарскай фірме, што належыць ягонаму айчыму, пад кіраўніцтвам зводнага брата. Ён капае зямлю ў любое надвор’е. Любіць сваю працу, бо яна дазваляе яму ня думаць, а зьліўшыся з навакольлем, адчуваць праўдзівасьць фізычнага існаваньня, працаваць, каб ня быць падобным да сваіх сямейнікаў. Ягоная маці, удава Фуса, калісьці вырашыла забыцца на мінулае, пачаць усё наноў і пайшла замуж, узяўшы з сабою ў новае жыцьцё з усіх сваіх дзяцей толькі яго аднаго, наймалодшага, народжанага па-за шлюбам. У выніку лёс зьвёў разам дзяцей розных бацькоў. Акіюкі атрымаў лепшыя ўмовы існаваньня, чым кроўныя браты й сёстры па маці, але горшыя, чым брат і сястра па бацьку, трагічнае сьветаўспрыманьне ды незайздросную долю, зрабіўшыся паўсюль чужым. Адны ненавідзяць яго, другіх, з тых самых прычын, ненавідзіць ён, трэція вонкава нібыта зычлівыя да яго, але не мірацца міжсобку, папракаючы Акіюкі непажаданым сваяцтвам, зьнешнім падабенствам да роднага бацькі. Хлапцу складана разабрацца ў сапраўдных прычынах такіх стасункаў: дзе мана, дзе праўда. Каму варта верыць? Што рабіць: помсьціць, прыцягваць увагу? Ён пакутліва спрабуе зразумець, нашчадкам якога роду ён зьяўляецца ў большай ступені: айчыма, маці ці біялягічнага бацькі, а ў выніку — абірае сабе ў продкі напаўмітычную асобу і адчувае сябе хутчэй сынам завулкаў, чым уласных бацькоў.

На жаль, спроба новага жыцьця і адносная ўладкаванасьць маці абарочваецца зламанымі лёсамі: вар’яцтвам, інцэстам, спробаю забойства і самагубствам для старэйшых брата і сястры, лавай падсуднага і братазабойствам — для малодшага. Трагедыя ўзрушвае хіба што біялягічнага бацьку Акіюкі, ды і то з прычыны страты верагоднага спадкаемцы бізнэсу. Астатняе сваяцкае кодла працягвае жыць сваімі маленькімі радасьцямі і не шукае ўласнай віны. Айчыма лёс пасынка ня надта цікавіць, бо свой сын ёсьцека. Маці і сястра ўсьцешаныя нараджэньнем унучкі і, здаецца, апроч яе нічога ня бачаць наўкола, цётка пляткарыць ужо пра Акіюкі, пакінуўшы іншага пляменьніка ў спакоі, стрыечны брат спрабуе абвінаваціць ва ўласным злачынстве. Карацей, людзі — усюды людзі, а пачаць жыцьцё наноў немагчыма, бо нараджаесься толькі аднойчы. Ня ўсе зьмены вядуць да лепшага, унівэрсальнае выслоўе — усё будзе добра — прароцтва хіба што ў дрэнных дапаможніках псэўдапсыхолягаў і ў мэлядрамах.

Сапраўды, зачынены сьвет. Умовы існаваньня ў ім змушаюць ня толькі да паўтору лёсу бацькоў у лёсах дзяцей, адных і тых жа няшчасьцяў з пэрыядычнасьцю ў пакаленьне, але і да прамога цытаваньня старажытных мітаў у жыцьці шараговых сучасьнікаў.

Зачыненая прастора — яна ж бацькаўшчына. Завулкі для буракамін і вёска для беларусаў другой паловы 20 стагодзьдзя — як вір: у маладосьці адсюль імкнуцца вырвацца з усяе моцы, а з узростам разумеюць, што ня могуць без яе жыць.

Для Накагамі Кэндзі яго бацькаўшчына, як і для шмат каго зь беларускіх пісьменьнікаў, зрабілася крыніцаю любові і болю. Чаго больш — вызначыць цяжка. Але натхненьне здольныя былі падарыць толькі малая радзіма Кумана і яе жыхары. Знаёма? Тады неславянскае гучаньне ўласных імёнаў і складаны лябірынт роднасных сувязяў герояў кнігі — адзіная, зусім невялічкая складанасьць для яе разуменьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG